Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Як падзел быў, так і застаўся. Ці за год на пасадзе прэзідэнта Караль Наўроцкі аб'яднаў палякаў?

06.08.2026 16:30
Сёння Караль Наўроцкі адзначае год на пасадзе прэзідэнта Польшчы.
Аўдыё
  • Караль Наўроцкі адзначае год на пасадзе прэзідэнта Польшчы
Караль Наўроцкі адзначае год на пасадзе прэзідэнта ПольшчыPAP/Paweł Supernak

Караль Наўроцкі адзначае год на пасадзе прэзідэнта Польшчы. Нагадаем, 6 жніўня 2025 года палітык прынёс прэзідэнцкую прысягу перад Нацыянальным сходам, афіцыйна ўступіўшы на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Польшча.

Паводле асяроддзя прэзідэнта, гэта быў вельмі добры год для Польшчы, паводле прадстаўнікоў урада — год незразумелых рашэнняў.

Першы год знаходжання Караля Наўроцкага на прэзідэнцкай пасадзе раскрытыкаваў прэмʼер-міністр. Сярод памылак прэзідэнта ён назваў спробы заблакаваць сродкі з праграмы SAFE і рашэнні ў сферы правасуддзя, якія, паводле яго, з’яўляюцца працягам палітыкі папярэдніка — Анджэя Дуды.

Аднак Дональд Туск (Donald Tusk) прызнаў, што цяпер на правым боку палітычнай сцэны ў Польшчы тон задае менавіта Караль Наўроцкі. На яго думку, старшыня «Права і справядлівасці» Яраслаў Качыньскі страчвае лідарства ў правых сілах.

— Так, Караль Наўроцкі, безумоўна, «баец цяжкай вагі» на правым боку палітычнай сцэны. Гаворка не ідзе пра памеры цела і бокс. У гэтай, не зусім прадказальнай дуэлі, на маю думку, у Качыньскага няма шанцаў, — лічыць Дональд Туск.

Адмоўна дзейнасць прэзідэнта падсумаваў міністр юстыцыі і генпракурор Вальдэмар Журэк (Waldemar Żurek).

— Амаль усе законы, якія павінны былі рэфармаваць сістэму правасуддзя, былі заблакаваныя; на іх накладаецца вета, і гэта вета палітычнага характару. Мне здаецца, што прэзідэнт і яго асяроддзе не хочуць рэформы сістэмы правасуддзя, — кажа Вальдэмар Журэк.

Як паведамляецца на афіцыйнай старонцы прэзідэнта, Караль Наўроцкі прадставіў 22 заканадаўчыя ініцыятывы, падпісаў 255 законапраектаў і наклаў вета на 41 законапраект, у тым ліку на законапраект аб статусе «найбліжэйшай асобы», які дазваляў афармляць цывільныя сужэнствы, у тым ліку аднаполыя партнёрствы.

Ягоныя крытыкі звяртаюць увагу на тое, што прэзідэнт адхіліў першы ўрадавы законапраект, так званы законапраект аб ветраных электрастанцыях, усяго праз некалькі дзён пасля ўступлення на пасаду.

Прадстаўнікі кіруючай кааліцыі абвінавачваюць прэзідэнта ў тым, што ён адмаўляецца супрацоўнічаць з урадам і падтрымлівае толькі адзін, правы бок палітычнай сцэны.

Дэпутатка «Левых сілаў» Анна Марыя Жукоўска (Anna Maria Żukowska) не знаходзіць ніякіх станоўчых момантаў у палітыцы Караля Наўроцкага.

— Не, я не бачу такіх момантаў. У выпадку прэзідэнта Анджэя Дуды з першых дзён расійскай вайны супраць Украіны была бачная падтрымка, а ў гэтым выпадку  гэта не бачна. Я нават бачу доказы сімпатыі да антыўкраінскіх асяроддзяў у Польшчы; бачу шмат вета, суперніцтва ў замежнай палітыцы  не бачу нічога станоўчага,  канстатуе прадстаўніца «Левых сілаў».

Дарадца прэзідэнта Якуб Банашэк (Jakub Banaszek) тлумачыць, што Караль Наўроцкі спрабуе наладзіць дыялог з урадам, але другі бок адмаўляецца ад яго, проста навязваючы сваё ўласнае бачанне.

 На жаль урадавы бок не хоча слухаць ягоных аргументаў. Нават калі прэзідэнт шмат разоў паведамляў, што закона не падпіша; што чакае ўнясення сваіх паправак; што ён супраць павышэння падаткаў, то законы і так вярталіся да яго без зменаў,  кажа Якуб Банашэк.

Былы лідар «Польшчы 2050», намеснік спікера Сейма Шыман Галоўня (Szymon Hołownia), таксама мае шмат засцярогаў адносна дзейнасці прэзідэнта, але не адхіляе яго цалкам.

 Ён робіць памылкі, калі прыслухоўваецца да свайго партыйнага кола, дарэчы, я казаў пра гэта як яму, так і ягонаму асяроддзю. Гэта памылка, бо тады ён страчвае шанец быць прэзідэнтам больш, чым выключна паловы палякаў, якія раней падтрымлівалі правыя сілы, а зараз «Канфедэрацыю». У яго надалей ёсць шанец быць кімсьці больш важным,  лічыць Шыман Галоўня.

У сваю чаргу прэс-сакратар прэзідэнта Рафал Ляскевіч (Rafał Leśkiewicz) лічыць, што гэта быў добры год, а найважнейшымі дасягненнямі ва ўнутранай палітыцы Караля Наўроцкага ён лічыць «паслядоўнае выкананне польскай Канстытуцыі».

— Калі гаворка ідзе пра міжнародную палітыку, то трэба назваць умацаванне пазіцыі Польшчы ў рамках усходняга флангу НАТА, а таксама некалькіх ініцыятываў, такіх як «Вышаградская група», «Бухарэсцкая дзявятка» і ініцыятыва «Рэгіён трох мораў»; падтрымка супрацы з краінамі Балтыйскага мора і, самае галоўнае, працягванне выдатных адносінаў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам,  пералічыў Рафал Ляскевіч.

Нагадаем, кандыдатуру Караля Наўроцкага ў прэзідэнцкай кампаніі падтрымала апазіцыйная правая партыя «Права і справядлівасць». Гэта было правільнае рашэнне, пераконвае Марыюш Госэк (Mariusz Gosek).

 Тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў (Караля Наўроцкага – рэд.) мае дынамічны характар. Ён паказвае іншы прэзідэнцкі фармат,  лічыць Марыюш Госэк.

Караль Наўроцкі выйграў у другім туры прэзідэнцкіх выбараў 2025 года, атрымаўшы 50,89 працэнта галасоў (10 606 877 галасоў). Ён перамог Рафала Тшаскоўскага, які атрымаў 49,11 працэнта.

Шмат сведчыць пра тое, што як палітыкі, так і грамадская думка, калі гаворка ідзе пра ацэнку прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Караля Наўроцкага, падзяліліся амаль напалову.

Згодна з апытаннем IBRiS для партала «Wirtualna Polska», 56% палякаў станоўча ацэньваюць яго прэзідэнцтва, а 40,5%  адмоўна.

IAR/аз

Мінае год прэзідэнцтва Караля Наўроцкага. Як палякі ацэньваюць яго ўрадаванне

06.08.2026 12:22
Найвышэйшы ўзровень падтрымкі Наўроцкі атрымаў сярод прыхільнікаў «Канфедэрацыі» К. Босака і С. Мэнцана, дзе яго прэзідэнцтва станоўча ацанілі 97% апытаных.