Сёння парады маюць адну функцыю: ідэйная мабілізацыя грамадства і мабілізацыя сілы. Зараз гэта мае функцыянальнай значэнне і Польшча дэманструе сваю гатоўнасць да супрацьстаяння і абароны сваёй незалежнасці ва ўмовах пагроз і чакання правакацый з боку Расіі, гаворыць палітолаг Павал Усаў:
— На сённяшні момант Польшча, акрамя Украіны, з’яўляецца ў рэгіёне адной з самых падрыхтаваных армій. Канешне, ёсць праблемы, недахоп узбраенняў, мадэрнізацыі, але Польшча на сённяшні дзень з’яўляецца адной з найбольш падрыхтаваных у рэгіёне дзяржаў і з’яўляецца важнай для Літвы, асабліва ў кантэксце Сувалкскага перашэйку. Таму парад — гэта найперш дэманстрацыя гатоўнасці і сілы. Гэта не бутафорны парад, які ў гэтым годзе адбыўся ў Маскве, дзе паказалі, што рэсурсаў не хапае. А Польшча дэманструе гатоўнасць да абароны і супрацьстаяння не толькі гібрыдным пагрозам, але і самастойнаму супрацьстаянню любой агрэсіі з боку Расіі.
Публіцыстка Аксана Колб лічыць любыя парады непатрэбным і называе іх «гульнямі хлопчыкаў».
— Для мяне гэта тыповыя гульні хлопчыкаў. Дэманстрацыя сілы, якая часта не мае падставаў. Шматлікія парады ў Маскве гэтаму сведчанне. А дзе тая моц і сіла? Я разумею, што такім чынам дзяржава хоча паказаць, якая яна. На мой погляд, выдаткі якія ідуць на парад лепш бы пайшлі на ўмацаванне здольнасцей ці выплаты салдатам. Каб яны адчувалі, што дзяржава пра іх клапоціцца, што яны не толькі павінны, але і хочуць яе абараняць. Такое бразганне зброяй не мае нічога супольнага з рэальным становішчам у арміі. Мы відаць прызвычаіліся, што ганарыцца можа толькі той, хто мае сілу і зброю. А насамрэч ганарыцца можна тады, калі кожны чалавек у дзяржаве можа разлічваць на любую падтрымку.
Поўная размова — у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё