24-га жніўня ўкраінцы будуць святкаваць абвяшчэнне незалежнасці. Гэта будзе 35-ы раз з моманту распаду Савецкага Саюзу і 5-ы раз з моманту поўнамаштабнай расейскай агрэсіі. У гэты дзень жыхары Кіева і іншых украінскіх гарадоў і вёсак жадаюць як мага хутчэйшага заканчэння вайны, перадае з Кіева карэспандэнт Польскага радыё Павал Бушка.
— Дзень Незалежнасці адзначаецца на Дняпры ў гадавіну прыняцця адпаведнай Дэкларацыі Вярхоўным Саветам Украінскай Савецкай Рэспублікі. Слова «незалежнасць» мае асаблівае значэнне для ўкраінцаў, бо яны вымушаны абараняць яе на фронце. Украінцы жадаюць, каб вайна скончылася як мага хутчэй і каб салдаты з фронту вярнуліся дадому.
Расклад сённяшніх афіцыйных цырымоніяў не быў апублікаваны з меркаванняў бяспекі. У папярэднія гады прэзідэнт Зяленскі звяртаўся да салдат на цэнтральнай Сафійскай плошчы. Сёлета ўкраінскі прэзідэнт апублікаваў урачысты зварот, у якім зазначыў, што «Украіна іншая і свайго не аддасць», «мы не дамо Расіі перахапіць ініцыятыву, падмануць Еўропу і ўвесь свет», заявіў у віншаванні з Днём Незалежнасці Уладзімір Зяленскі.
Сёння ў Кіеве будуць прысутнічаць некаторыя лідары краін, якія ўваходзяць у так званую «Кааліцыю ахвотных». Абмеркаванні будуць сканцэнтраваны на пастаўках зброі ва Украіну, якая змагаецца за незалежнасць, у тым ліку зенітных сістэм. Еўрапейскія лідары, у тым ліку прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі, абмяркуюць далейшую падтрымку Украіны ў яе барацьбе з расійскай агрэсіяй. Асабліва важныя дадатковыя пастаўкі зенітнай зброі.
ЕС ухваліў 6,1 мільярда еўра на ўзбраенне Украіны
— У Дзень Незалежнасці Украіны мы выказваем нашу нязменную падтрымку. Сёння мы ўхвалілі 6,1 мільярда еўра на сістэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, ракеты, боепрыпасы і радары, якія тэрмінова патрэбныя Украіне. Еўропа з вамі сёння, заўтра і столькі, колькі спатрэбіцца. З Днём Незалежнасці! — заявіла старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен.
Таксама Лукашэнка павіншаваў народ Украіны з Днём Незалежнасці. Беларускі ўзурпатар напісаў, пра сваю ўпэўненасць, што Беларусь і Украіна ў будучыні адновяць узаемавыгаднае супрацоўніцтва. Пры гэтым віншаванне адрасавана менавіта народу Украіны. Зяленскага Лукашэнка не віншуе з Днём Незалежнасці з 2020 года. Украінскія СМІ ўжо назвалі гэтае віншаванне цынічным. Ці сапраўды Лукашэнка не мае права віншаваць украінцаў, пра гэта размова з палітолагам Паўлам Усавым.
— Гэта не першыя віншаванні Лукашэнкі ўкраінскага народу з незалежнасцю. Вядома, што гэта палітычнае крывадушніцтва, памятаючы пра тое, што Беларусь была плацдармам для агрэсіі. Разам з тым, для Лукашэнкі важна незалежнасць у першую чаргу з пункту гледжання яго ўлады. Ён разумее памкненні Крамля, але не прымае прапагандысцкія наратывы, што такой краіны, як Украіна, няма, што ўкраінскага народу няма. Лукашэнка разумее, што такі самы падыход можа быць выкарыстаны і ў дачыненні да Беларусі. Адсюль падкрэсліванне, што ёсць незалежная Украіна, і што нельга адмаўляць Украіне ў незалежнасці. Ён разумее, што адмаўленне незалежнасці — гэта пазбаўленне яго ўлады. Лукашэнка не ўспрымае незалежнасць Беларусі як каштоўнасць, але толькі ў кантэксце ўласнай улады. Адсюль такія віншаванні як спосаб падтрымання наратыву пра уласную незалежнасць.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле