Брытанская газета Daily Telegraph піша, што ўкраінцы маюць падставы скептычна ставіцца да новай мірнай ініцыятывы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. На думку рэдакцыі, цяперашнюю слабасць Масквы Захад павінен выкарыстаць для ўзмацнення ціску на Крэмль.
Выданне звяртае ўвагу на ўкраінскія ўдары па аб'ектах у глыбіні тэрыторыі Расіі, а таксама на дэфіцыт бензіну ў краіне. Гэтыя праблемы сведчаць пра тое, што пазіцыі расійскага кіраўніцтва слабейшыя, чым яно спрабуе паказаць.
— Пуцін больш не можа рабіць выгляд, што перамагае. Ён слабейшы, чым калі-небудзь, а гэта азначае, што менавіта цяпер у дачыненні да яго трэба заняць жорсткую пазіцыю (…), — гаворыцца ў рэдакцыйным каментары Daily Telegraph.
У нядзелю прадстаўнікі Трампа Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер правялі ў Кіеве перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Днём раней яны наведалі Маскву, дзе сустрэліся з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным. Ні пасля маскоўскай, ні пасля кіеўскай сустрэчы бакі не абвясцілі пра нейкія прарыўныя дамоўленасці.
— Пасля вяртання ў ЗША павінен быць распрацаваны план, які затым прадставяць украінцам. Мы не ведаем, што менавіта можа ў ім быць, але ўкраінцы, што цалкам зразумела, занепакоеныя, — піша Daily Telegraph.
У газеце лічыць, што Пуцін цяпер знаходзіцца пад ціскам і яго трэба «прымусіць заплаціць за шкоду, якую ён прычыніў».
— Ці маюць такі намер эмісары спадара Трампа? Украінцы маюць права быць скептычнымі, — падсумоўвае выданне.
Для Уіткафа і Кушнера нядзельная паездка стала першым візітам у Кіеў, хоць з 2025 года яны ўдзельнічаюць у перамовах аб заканчэнні расійска-ўкраінскай вайны. Раней абодва амерыканскія перамоўнікі ўжо некалькі разоў бывалі ў Маскве і сустракаліся, сярод іншага, з Пуціным.
Зяленскі назваў перамовы з амерыканскай дэлегацыяй «вельмі прадметнымі». Ён, як і прадстаўнікі Трампа, выказаў спадзяванне на хуткае аднаўленне трохбаковых перамоў з удзелам Украіны, Расіі і ЗША. Апошні раўнд такіх перамоў адбыўся ў лютым. Пасля гэтага прадстаўнікі Кіева і Масквы праводзілі толькі асобныя сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй.
Уіткаф заявіў журналістам, што і Расія, і Украіна павінны пайсці на «пэўныя кампрамісы і скараціць рознагалоссі паміж імі».
Адной з галоўных спрэчных тэм застаюцца тэрытарыяльныя патрабаванні Масквы. Расія хоча захаваць не толькі захопленыя ёю ўкраінскія тэрыторыі, але і прэтэндуе на ўвесь Данбас ды іншыя ўсходнія вобласці Украіны.
Кушнер заявіў, што галоўнай мэтай перамоў з'яўляецца дасягненне дамоўленасцяў аб міры яшчэ да зімы. Адначасова ён прызнаў, што ніякіх гарантый такога выніку няма. Зяленскі, у сваю чаргу, настойвае на сустрэчы на ўзроўні прэзідэнтаў, падкрэсліваючы, што настолькі складаныя пытанні могуць вырашацца толькі кіраўнікамі дзяржаў.
Падчас знаходжання амерыканскіх перамоўнікаў у Кіеве расійскія войскі не абстрэльвалі ўкраінскую сталіцу. Зяленскі пажартаваў, што ў гэтымсэнсе Уіткаф і Кушнер аказаліся нават больш эфектыўнымі за амерыканскія сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot.
Польскі палітолаг Раман Бэкер у эфіры Польскага радыё 24 заявіў, што перамір'е паміж Расіяй і Украінай магчымае толькі ў тым выпадку, калі абедзве краіны пагодзяцца, што пераможцаў у гэтай вайне не будзе. На яго думку, перамовы ЗША, Расіі і Украіны актывізаваліся цяпер у тым ліку таму, што Дональду Трампу патрэбны «поспех».
— Расія, у інтэрпрэтацыі адміністрацыі Трампа, адчувае пагрозу праз магчымасць не толькі знішчэння чарговых нафтаперапрацоўчых заводаў і, такім чынам, дэфіцыту нафты, але і поўнага спынення авіяцыйнага руху. Трэцяя сітуацыя. Мы маем справу з сітуацыяй ва ўкраінскіх палітычных элітах, якая ўсё больш пагаршаецца.
Паводле неафіцыйных паведамленняў СМІ, у Кіеве таксама маглі весці перамовы дарадцы па пытаннях бяспекі Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі. Бэкер адзначыў, што прадстаўніка Польшчы там не было, і звязаў гэта з адсутнасцю ўзгодненай польскай знешняй палітыкі адносна вайны ва Украіне.
— Уладзімір Зяленскі не ўпэўнены, ці прэзідэнт і ўрад, які мае большасць у Сейме, прадстаўляюць адзіную пазіцыю. У такой сітуацыі, пры такім унутраным канфлікце, замежныя партнёры звычайна абмінаюць і адзін, і другі бок, чакаючы, пакуль з'явіцца адзіная знешняя палітыка.
Старшыня польскай Рады па супрацоўніцтве з Украінай і парламенцкай камісіі па замежных справах Сейма, дэпутат ад «Грамадзянскай кааліцыі» Павел Коваль не чакае прарыву пасля візіту амерыканскіх прадстаўнікоў. Палітык пераканы, што сама паездка наўрад ці зменіць ход вайны, аднак назваў важным тое, што амерыканскія перамоўнікі нарэшце прыехалі ў Кіеў.
— Нішто на гэта не паказвае, аднак добра, што яны нарэшце паехалі ў Кіеў. І што Кіеў нарэшце разглядаецца спецыяльнымі пасланнікамі прэзідэнта Трампа як партнёр у гэтай размове. Бо раней гэтыя перамовы вяліся пераважна з Расіяй».
Уіткаф і Кушнер прыехалі ў Кіеў цягніком з Жэшава. У Польшчу яны прыляцелі пасля перамоў 5 верасня ў Маскве, дзе сустракаліся, у прыватнасці, з Уладзімірам Пуціным.
Як паведамляе Kyiv Independent са спасылкай на амерыканскія крыніцы, 7 верасня Дональд Трамп павінен правесці асобныя тэлефонныя размовы з Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім. Паводле выдання, спачатку Трамп плануе паразмаўляць з Пуціным, а затым — з прэзідэнтам Украіны. Падчас абедзвюх размоў плануецца абмеркаваць вынікі перамоў, якія на выходных прайшлі ў Маскве і Кіеве.
iar/эж