Чвэрць стагоддзя прайшла з таго дня, як захопленыя тэрарыстамі самалёты ўрэзаліся ў вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку. Загінула тады амаль 3000 чалавек, нагадвае Gazeta Wyborcza.
Нядаўняе апытанне Ipsos/Reuters паказвае, што 6 з 10 амерыканцаў дагэтуль успамінаюць падзеі 11 верасня. Большасць лічыць, што гэта абʼяднала краіну.
Аднак першапачатковае адзінства знікла, урачыстасці з нагоды гадавіны поўныя спрэчак, меркаваны арганізатар тэракту дагэтуль не асуджаны, а вынікі 25-гадовай «вайны з тэрарызмам» неадназначныя.
Gazeta Wyborcza цытуе прафесара Бруса Хофмана са Школы дыпламатычнай службы Джорджтаўнскага ўніверсітэта.
— Я лічыў, што «Аль-Каіда» будзе цалкам ліквідавана на працягу некалькіх гадоў пасля атакі. Тым часам яна не толькі нядаўна адзначыла сваё 38-годдзе, але і мае як мінімум 24 філіялы, якія раскіданыя ад Паўночнай Афрыкі да Паўднёва-Усходняй Азіі, а яшчэ больш жорсткае яе адгалінаванне – ІДІЛ – мае падобную колькасць філіялаў па ўсім свеце.
Іншая даследчыца Одры Курт Кронін нагадала ў апошнім нумары часопіса «Foreign Affairs» пра кошт абвешчанай Джорджам Бушам «вайны з тэрарызмам».
— У войнах, якія вядуцца пасля тэрактаў 11 верасня, больш за 15 000 амерыканскіх салдат загінулі ў баях, і прыблізна 1,8 мільёна атрымалі незваротныя траўмы. Акрамя таго, паміж 2012 і 2021 гадамі колькасць салдат і ветэранаў, якія знаходзіліся на актыўнай службе і скончылі жыццё самагубствам, была ў чатыры разы вышэйшай за колькасць тых, хто загінуў у баях.
Апытанне Ipsos паказвае, што амерыканцы ў цяперашні час больш баяцца ўнутраных тэрарыстаў, чым замежных (20% супраць 33%). Звычайны амерыканец найбольшай пагрозай для свайго жыцця лічыць вулічную страляніну.
Трамп аслабляе Амерыку
Пагроза для Амерыкі з боку джыхадзістаў за мяжой можа ўзрасці, таму што Трамп і яго каманда скарацілі замежную дапамогу, якая, у тым ліку, накіроўвалася на барацьбу з радыкаламі ў Афрыцы і Азіі.
Усё больш падобна на тое, што сутыкненне з Іранам, развязанае Трампам і прэмʼер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху, стане чарговай з «бясконцых войнаў» Амерыкі, падобных да тых у Іраку і Афганістане пасля 11 верасня.
Дадзеныя федэральнага Фонду кампенсацыі ахвярам 11 верасня (VCF) паказваюць, што хваробы, выкліканыя наступствамі 11 верасня, такія як рак, хваробы лёгкіх і дэпрэсія, забралі больш жыццяў, чым сам тэракт. Паводле дадзеных за адзін толькі 2023 год, іх было больш за 5 тысяч.
Суд над Халідам Шэйхам Мухамедам
Семʼі тых, хто загінуў у выніку тэракту, абураныя тым, што праз чвэрць стагоддзя суд над меркаваным галоўным арганізатарам тэракту Халідам Шэйхам Мухамедам яшчэ не пачаўся.
Мухамед быў затрыманы ў Пакістане ў 2003 годзе і з таго часу ўтрымліваецца ў Гуантанама. Ён заключыў пагадненне аб прызнанні віны ў абмен на пазбяганне суда, які мог бы закончыцца смяротным пакараннем. Аднак мінулым летам суд адмяніў пагадненне. Судовы працэс над арганізатарам тэракту павінен пачацца ў чэрвені 2028 года.
яс