Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Мы маглі выпадкова збіць украінскі МіГ» — польскі камандзір пра інцыдэнт ракетай Х-101

16.09.2026 12:10
Паводле польскага боку, ракета была наўмысна накіравана расіянамі на тэрыторыю Польшчы.
General Dynamics F-16 Fighting Falcon
General Dynamics F-16 Fighting FalconWikiImages/pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле начальніка Аператыўнага камандавання родаў войск Узброеных сіл Польшчы (DORSZ), ракета, якая 30 ліпеня ўпала ля вёскі Тарнава-Калонія (поль. Tarnawa-Kolonia) у Люблінскім ваяводстве, была наўмысна накіравана туды расіянамі.

— Аналіз маршруту ракеты паказвае, што, верагодна, яна не мела альтэрнатыўнай мэты ва Украіне і накіроўвалася менавіта туды, куды павінна была ўдарыць,  заявіў «Rzeczpospolita» генерал-маёр Ірэнэўш Новак(Ireneusz Nowak).

Вайсковец дадаў, што ён перакананы ў гэтым на 80 працэнтаў. Астатнія 20 працэнтаў няўпэўненасці звязаны з адсутнасцю справаздачы спецслужбаў.

Генерал-маёр тлумачыць, што гэта была сучасная ракета, са свежай партыі, з боегалоўкай і сістэмай навядзення, вельмі ўстойлівай да глушэння.

Суразмоўца газеты адзначае, што для выяўлення такога аб'екта недастаткова механічнага сканавальнага абсталявання польскіх F-16. Гэта магчыма з дапамогай фазавага радара (PhantomStrike), якім абсталяваныя польскія F-35, а ў будучыні таксама FA-50PL.

Ірэнэўш Новак таксама прызнае, што 30 ліпеня супрацоўніцтва з украінскім бокам не было ідэальным. Паблізу польскай мяжы працаваў украінскі МіГ-29. Пілот польскага F-16 і польскае камандаванне не змаглі ідэнтыфікаваць абʼект, як знішчальнік. Узнікла рызыка, што пры спробе збіць расійскую ракету, выпадкова можа быць збіты і самалёт.

Паводле слоў вайскоўца, інцыдэнт з ракетай Х-101 — гэта чарговы крок на шляху да эскалацыі канфлікту з боку Расіі.

— Гэта была дэманстрацыя аб’екта, які надзвычай цяжка абясшкодзіць сістэмай супрацьпаветранай абароны, не толькі польскай, але і самых перадавых, якія зараз распрацоўваюцца Украінай, Ізраілем і ЗША, — кажа вайсковец, дадаўшы, што наступным крокам Масквы можа быць нацэльванне на крытычна важны элемент інфраструктуры або абаронна-прамысловы комплекс.

аз