Паводле начальніка Аператыўнага камандавання родаў войск Узброеных сіл Польшчы (DORSZ), ракета, якая 30 ліпеня ўпала ля вёскі Тарнава-Калонія (поль. Tarnawa-Kolonia) у Люблінскім ваяводстве, была наўмысна накіравана туды расіянамі.
— Аналіз маршруту ракеты паказвае, што, верагодна, яна не мела альтэрнатыўнай мэты ва Украіне і накіроўвалася менавіта туды, куды павінна была ўдарыць, — заявіў «Rzeczpospolita» генерал-маёр Ірэнэўш Новак(Ireneusz Nowak).
Вайсковец дадаў, што ён перакананы ў гэтым на 80 працэнтаў. Астатнія 20 працэнтаў няўпэўненасці звязаны з адсутнасцю справаздачы спецслужбаў.
Генерал-маёр тлумачыць, што гэта была сучасная ракета, са свежай партыі, з боегалоўкай і сістэмай навядзення, вельмі ўстойлівай да глушэння.
Суразмоўца газеты адзначае, што для выяўлення такога аб'екта недастаткова механічнага сканавальнага абсталявання польскіх F-16. Гэта магчыма з дапамогай фазавага радара (PhantomStrike), якім абсталяваныя польскія F-35, а ў будучыні таксама FA-50PL.
Ірэнэўш Новак таксама прызнае, што 30 ліпеня супрацоўніцтва з украінскім бокам не было ідэальным. Паблізу польскай мяжы працаваў украінскі МіГ-29. Пілот польскага F-16 і польскае камандаванне не змаглі ідэнтыфікаваць абʼект, як знішчальнік. Узнікла рызыка, што пры спробе збіць расійскую ракету, выпадкова можа быць збіты і самалёт.
Паводле слоў вайскоўца, інцыдэнт з ракетай Х-101 — гэта чарговы крок на шляху да эскалацыі канфлікту з боку Расіі.
— Гэта была дэманстрацыя аб’екта, які надзвычай цяжка абясшкодзіць сістэмай супрацьпаветранай абароны, не толькі польскай, але і самых перадавых, якія зараз распрацоўваюцца Украінай, Ізраілем і ЗША, — кажа вайсковец, дадаўшы, што наступным крокам Масквы можа быць нацэльванне на крытычна важны элемент інфраструктуры або абаронна-прамысловы комплекс.
аз