«Gazeta Wyborcza» піша, што 21 дэпутат польскага парламента з правага боку палітычнай сцэны краіны патрабуе, каб урад Польшчы дамовіўся з украінскімі ўладамі пра магчымасць правядзення 11 лістапада марша незалежнасці ў Львове. Парламентарыі аргументуюць сваё патрабаванне неабходнасцю дапамогі палякам, якія пражываюць у гэтым горадзе.
— Мне сорамна, што такое адбываецца ў польскім Сейме, — каментуе Катажына Сурмяк-Даманьска (Katarzyna Surmiak-Domańska). — Што можна так цынічна выкарыстоўваць цяжкую сітуацыю суседзяў, якія змагаюцца супраць агрэсара, каб спадабацца самай радыкальнай частцы польскага электарату. Якая будзе рэакцыя, калі ўкраінцы не захочуць, каб палякі хадзілі з чырвона-белымі сцягамі ў гадавіну польcка-украінскіх баёў за Львоў? Канешне, іх назавуць бандэраўцамі. Напружанне будзе расці. А мы добра ведаем, як можа закончыцца гульня з агнём эмоцый, калі ўсё яшчэ жывуць людзі з глыбокай гістарычнай траўмай. Цікава, якая дапамога патрэбная палякам у Львове, акрамя абароны ад расійскіх ракет? Ніхто хутчэй не сумняецца, што радыкальныя польскія палітыкі маюць на ўвазе не абарону ад расіян.
Аўтарам інтэрпеляцыі з’яўляецца дэпутат ад партыі «Права і справядлівасць» Дарыюш Матэцкі (Dariusz Matecki), які ў 2019 годзе прапанаваў правесці дэзінфекцыю плошчы ў Шчэціне пасля марша роўнасці. Паводле ягоных слоў, «Львоў — гэта вельмі важны горад для польскай гісторыі і спадчыны. 11 лістапада бела-чырвоныя сцягі павінны лунаць на яго вуліцах. Адным словам, Львоў — гэта польскі горад».
Аўтарка допісу ў выданні дадае: варта нагадаць дэпутату, што важнымі месцамі польскай гісторыі з’яўляюцца таксама літоўскія Вільня і Коўна ці беларускі горад Гродна. А для немцаў «вельмі важныя гарады» — гэта Уроцлаў і Шчэцін. Ці польскім правым радыкалам спадабалася б, калі б «Альтэрнатыва для Германіі» хацела правесці марш пад нямецкімі сцягамі ў Шчэціне ці Уроцлаве?
нг