Папярэджанне прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска пра магчымасць новых расійскіх атак на краіны, якія падтрымліваюць Украіну, атрымала падтрымку Нарвегіі і Канады. Прэм’ер Нарвегіі Ёнас Гар Стэрэ заявіў, што да слоў Туска трэба ставіцца сур’ёзна, а нарвежская выведка фіксуе «рэальныя пагрозы, звязаныя з гібрыднай дзейнасцю, аж да патэнцыйнага сабатажу». Пра гэта паведаміла Money.pl.
Дональд Туск у мінулы чацвер заявіў, што ў бліжэйшыя тыдні чакаецца ўзмацненне расійскіх атак на Украіну, у тым ліку паблізу польскай мяжы. Паводле польскіх спецслужбаў, не выключаныя таксама «выпадковыя» ўдары расійскімі дронамі і ракетамі па краінах, якія падтрымліваюць Кіеў.
— Існуе рэальная рызыка таго, што на тэрыторыю адной або некалькіх краін НАТА на ўсходнім флангу могуць заляцець дроны або ракеты і нават нанесці разбурэнні, — папярэдзіў прэм’ер Польшчы.
Прэм'ер Нарвегіі падкрэсліў, што гаворка ідзе не толькі пра ваенную пагрозу, але і пра гібрыдныя атакі. Прэм’ер Канады Марк Карні заявіў, што пагаджаецца з пазіцыяй нарвежскага калегі. Паводле Карні, больш цеснае супрацоўніцтва Атавы і Осла дазваляе пашыраць абмен разведвальнай інфармацыяй і лепш ацэньваць рызыкі, звязаныя з Расіяй.
Перамовы двух прэм’ераў у Атаве таксама былі прысвечаныя бяспецы ў Арктыцы і абароннаму супрацоўніцтву і далейшай падтрымкі Украіны.
эж