Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пацвердзіў, што сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым у Нью-Ёрку на форуме ААН, паведамляе польскае інфармацыйнае агенцтва PAP.
— Гэта першая, уступная сустрэча, але таксама адбываюцца сустрэчы з іншымі міністэрствамі і на іншых узроўнях. Неўзабаве мы адкрыем новы будынак пасольства ў Мінску, — сказаў віцэ-прэм'ер.
Сустрэча адбылася ў аўторак вечарам
Сікорскі адзначыў, што ён сустракаецца з некалькімі дзясяткамі міністраў замежных спраў у ААН.
— ААН — гэта нейтральная тэрыторыя, — сказаў ён, падкрэсліўшы, што таму тут можна сустрэцца і з прадстаўнікамі краін, з якімі адносіны не абавязкова падтрымліваюцца ў іншых кантэкстах.
Прарыў у адносінах з Беларуссю?
На пытанне, ці гэта прарыў, бо адносіны паміж дзвюма краінамі не былі на такім узроўні, верагодна, з 2016 года, міністр замежных спраў Польшчы падкрэсліў, што «ў цяперашні час у нас больш нармалізаваная сітуацыя на мяжы, чым у мінулым, дзякуючы інвеставалі ў эфектыўную памежную агароджу, але таксама адбыліся вызваленні палітычных зняволеных, у тым ліку Анджэя Пачобута».
— Такім чынам, у нас больш падстаў спрабаваць стабілізаваць свае адносіны, — адзначыў Сікорскі.
Што абмяркоўваў Сікорскі з Рыжанковым?
На пытанне пра сустрэчу і тэмы якія абмяркоўваліся, Сікорскі сказаў, што сярод іх была сітуацыя на мяжы, а таксама сітуацыя з рэгіянальнай бяспекай. На пытанне, ці прасіў ён Беларусь не дазваляць Расіі запускаць беспілотнікі і ракеты праз сваю тэрыторыю, ён адказаў: «сярод іншага».
— Гэта першая, уступная сустрэча, але сустрэчы іншых міністэрстваў таксама адбываюцца на іншых узроўнях. Неўзабаве мы адкрыем новы будынак пасольства ў Мінску. Калі сусед хоча размарозіць стасункі і палепшыць адносіны, Польшча заўсёды гатовая мірыцца, заявіў міністр замежных спраў.
На пытанне, ці азначае гэта, што польскі ўрад прызнае рэжым Лукашэнкі, Сікорскі адказаў:
— Як дзяржава, мы прызнаем іншыя дзяржавы, а не ўрады.
На пытанне, ці азначае гэта нармалізацыю адносін з Беларуссю, ён адказаў:
— Гэта як пралеска, якая можа заквітнець, калі зʼявіцца спрыяльнае надворʼе.
яс