Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Варшава зацікаўленая ў стабілізацыі адносін з Беларуссю

24.09.2026 09:15
Польскія эксперты перакананыя, што гэта рэакцыя на амерыкана-беларускае збліжэнне.
Аўдыё
  • Магчыма пацяпленне ў адносінах паміж Польшчай і Беларуссю?
 -,             -
Намеснік прэм'ер-міністра, міністр замежных спраў Рэспублікі Польшча Радаслаў Сікорскі падчас размовы са СМІ ў Нью-ЁркуFoto: PAP/Radek Pietruszka

Міністр замежных спраў Польшчы пацвердзіў размову з беларускім бокам. Аргументам на карысць гэтага былі «нармалізаваная сітуацыя на мяжы, вызваленне палітычных зняволеных, у тым ліку Анджэя Пачобута». У Варшаве хацелі б паспрабаваць стабілізаваць адносіны з Мінскам. Эксперты скептычна ставяцца да такой магчымасці ў цяперашніх умовах.

Польскія СМІ заўважылі, што ў Нью-Ёрку падчас сесіі Генеральнай Асамблеі ААН адбылася сустрэча польскага міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага з кіраўніком лукашэнкаўскай дыпламатыі Максімам Рыжанковым. Журналісты паспяшаліся назваць гэта прарывам. Вядомая актывістка Саюзу палякаў у Беларусі Анджаліка Борыс напісала ў сацсетках, што вітае любое пацяпленне ў адносінах паміж Польшчай і Беларуссю і што лепш «няпросты дыялог», чым «добрая вайна». Польскі даследчык з Акадэмічнага цэнтра стратэгічных даследаванняў Каспэр Ваньчык перакананы, што хутчэй гэта праява «амерыканскага дыялогу», чым дыялогу Варшавы.

— Мне здаецца, што гэта было зроблена па загадзе амерыканцаў. Існуе амерыканска-беларускае збліжэнне, якое звязана з тым, што паміж Трампам і Лукашэнкам ёсць супадзенне рысаў характару. Вядзецца палітыка гандлю людзьмі, якія адбываюць палітычныя тэрміны, у абмен на розныя эканамічныя саступкі. Трамп нядаўна напісаў у «Твітэры», што яны працуюць над буйным пагадненнем з Беларуссю адносна паставак калійных угнаенняў у Злучаныя Штаты. Праблема ў маршруце дастаўкі гэтай сыравіны. Найбольш прыдатны маршрут, той, які найлепш падышоў бы беларускаму боку, праходзіў бы праз Еўрапейскі Саюз, у першую чаргу праз краіны Балтыі, праз Літву. Цяпер нейкай краіне Еўрапейскага Саюзу трэба пачаць адкрывацца на Беларусь. Найпрасцей сказаць палякам зрабіць гэта, бо палякі заўсёды робяць тое, што ім кажуць амерыканцы.

Таксама Дан’ель Бацькоўскі з Беластоцкага ўніверсітэту перакананы, што Варшава ідзе насустрач Вашынгтону ў беларускім пытанні.

— Я пакуль што нічога спрыяльнага не бачу. Сікорскі адзначыў, што калі Мінск сапраўды хоча нейкіх пагадненняў, нейкіх кантрактаў і гэтак далей, то тэарэтычна Польшча адкрытая. Я разумею Сікорскага, бо на нас, у сваю чаргу, аказвае моцны ціск Трамп. І яго дзікія планы таго, што ён скупіць усю вытворчасць калійных угнаенняў у Беларусі, каб нашкодзіць Канадзе. Відавочна, што Лукашэнка кінуўся з галавай у гэтую гульню. Я не ведаю, ці бачыць гэта Трамп, але мы залежым ад палітыкі Трампа. Трамп спрабуе цяпер прымусіць Польшчу адпраўляць угнаенні праз Польшчу ў Штаты, альбо прымусіць Літву зноў адкрыць свае парты для перавалкі ўгнаенняў. Улічваючы тое, што Беларусь цяпер робіць, у тым ліку памежную вайну, кантрабанду мігрантаў і гэтак далей, — гэта даволі сумнеўна. Такім чынам, выглядае на тое, што цяпер мы апынуліся ў цэнтры амерыканскага націску.

Палітолаг Аляксандар Лагвінец лічыць, што зарана казаць пра нармалізацыю. У адносінах з краінамі ЕС Лукашэнка абмежаваны Масквой.

Польскі бок заўсёды мае спадзяванне, што Мінск зробіць крокі насустрач, і Польшча гатовая на іх адказваць. З таго, што сказаў міністр Сікорскі, на гэта паўплывалі дзве пазітыўныя з'явы: вызваленне Анджэя Пачобута і змяншэнне напружанасці на агульнай мяжы. Такія сустрэчы маюць пратакольны характар, але, магчыма, адкрываюць новыя сцежкі для размовы, для вырашэння канкрэтных пытанняў, напрыклад адкрыцця амбасады. Пытанне, наколькі гэта амбасада зможа поўнафарматна працаваць, бо Польшча не мае свайго амбасадара ў Беларусі. Я б гэта разглядаў як гульню Мінску. Польшча як дэмакратычная краіна заўсёды гатовая паказваць добрую волю да магчымага супрацоўніцтва, але што будзе далей з боку Мінску — вельмі неадназначна. Поле для манеўру Мінску даволі вузкае, бо незразумела, што скажуць Лукашэнку ў Крамлі. На сённяшні дзень рэжым хоча падкрэсліць сваю субʼектнасць, але, ведаючы ментальнасць людзей у Мінску і наколькі яны залежныя ад Масквы, я быў бы вельмі стрыманым адносна рэальных вынікаў такіх сустрэч.

Варшава зацікаўленая ў тым, каб у адносінах з Беларуссю была спакойная сітуацыя на мяжы, не было пагрозы рэгіянальнай бяспецы. У тым ліку ідзецца пра тое, каб Беларусь не дазваляла Расіі запускаць беспілотнікі і ракеты праз сваю тэрыторыю. Калі сусед хоча размарозіць стасункі і палепшыць адносіны, Польшча заўсёды гатовая мірыцца, заявіў польскі міністр замежных спраў.

Юры Ліхтаровіч