Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Павел Латушка: Супраць нас ідзе вайна, аб'яўленая і адкрытая

25.09.2026 09:00
Ці можна засцерагчыся ад агентаў КДБ? Як гэта столькі гадоў працаваць на рэжым? Чым ён будзе займацца ў вольнай Беларусі, — расказвае Павел Латушка.
Аўдыё
  • Што робіцца для людзей і для краіны? Чым могуць скарыстацца пенсіянеры і дзеячы культуры? —расказвае Павел Латушка
Павел Латушка у студыіБеларуская служба Польскага радыё

«У нас фактычна ёсць протадзяржава»

Каардынацыйная рада, АПК, НАУ — як звычайнаму чалавеку разабрацца ва ўсіх гэтых структурах? Чым яны займаюцца і ці такая важная іх праца для Беларусі і беларусаў?

— Я думаю, што гэта вельмі лёгка, калі мы ўявім з вамі дзяржаву. У кожнай дзяржаве ёсць кіраўнік (прэзідэнт), урад і парламент. І ў гэтым контэксце мы маем таксама тры інстытуты. Ёсць офіс Святланы Ціханоўскай, гэта фактычна адміністрацыя прэзідэнта, Аб'яднаны пераходны кабінет — гэта выканаўчы орган, у складзе якога, можна так сказаць, ёсць міністры, якія адказваюць за канкрэтныя кірункі. І ёсць Каардынацыйная рада — парламент, які абіраецца беларусамі, і ён прадстаўляе інтарэсы беларускага грамадства.

Калі мы кажам пра каманду Народнага антыкрызіснага ўпраўлення — гэта экспертная арганізацыя юрыстаў, эканамістаў, дыпламатаў, якая займаецца канкрэтнымі справамі. Напрыклад, справай прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі, падрыхтоўкай адпаведных дакументаў, прававых стратэгій, лабавання гэтых стратэгій. Гэта і падрыхтоўка санкцыйных спісаў, якія ўводзіліся на працягу гэтых гадоў і дзякуючы якім зараз выходзяць на волю палітычныя зняволеныя пасля перамоваў з амерыканцамі. Мы шмат займаемся інфармацыйнай працай, медыйнай працай.

Інстытуалізацыя беларускіх дэмакратычных сіл у эміграцыі не мае прэцэдэнту, гэта падкрэсліваюць усе нашы партнёры. У нас ёсць тры інстытуты (Офіс, АПК і КР) і ёсць інфраструктура вакол іх. І да гэтай інфраструктуры належаць і НАУ, і Белпол, і «Честные люди», і ЦБС, BYSOL. Усе гэтыя арганізацыі ўзаемадзейнічаюць, не падпарадкоўваюцца, а супрацоўнічаюць у тым ліку з інстытутамі.

Вось, напрыклад, вызваляецца група палітзняволеных. Камунікацыяй з уладамі краін, куды іх вывозяць, займаецца АПК і офіс Святланы Ціханоўскай, як фактычна прадстаўніча-выканаўчыя структуры. Прыём палітзняволеных, сацыяльная дапамога ім — гэта ўжо больш задача пазаўрадавых арганізацый.

Так што ў нас фактычна ёсць у нейкім сэнсе протадзяржава. Можна крытычна да гэтага ставіцца, але гэта сістэматызуе нашу працу, робіць яе больш эфектыўнай. Канечне, стоадсоткавай эфектыўнасці мы не дасягнулі, буду самакрытычным.

Я разумею, што вакол і побач з намі ёсць тыя, хто не пагаджаецца з гэтымі інстытутамі. Яны крытыкуюць, кажуць, што гэта дрэнныя рашэнні, няправільныя рашэнні, што мы дрэнна працуем. І гэта дэмакратыя, я да гэтага стаўлюся нармальна. Калі хтосьці робіць нешта яшчэ, калі ласка, гэта добра.

Чым мы займаемся? Гэта перадусім рэпрэзентацыя беларускага грамадства за мяжой. Гэта фактычна альтэрнатыва. Мы маем свае дэлегацыі ў розных міжнародных структурах. Паглядзіце, Святлана Ціханоўская сустракаецца з прэзідэнтамі, прэм'ерамі розных дэмакратычных краін. Чаго не можа рабіць Лукашэнка.

Гэта дапамога дыяспары ў легалізацыі. Тут ёсць вялікая колькасць праблем. На жаль, не ўсе яны вырашаны. Іх цяжка вырашаць, у тым ліку беручы пад увагу тое, што пытанні бяспекі для Еўропы зараз з'яўляюцца прыярытэтам. І гэта накладвае адбітак на працэдуры легалізацыі. Таксама міграцыйная палітыка змяняецца. Але мы павінны гэта лабаваць, і мы ўзаемадзейнічаем з гэтымі структурамі.

Канечне, пытанне вызвалення палітвязняў з'яўляецца нашай задачай. Легалізацыя добраахвотнікаў ва Украіне. Гэта доўгая і праблемная гісторыя, але мы маем офіс дэмсілаў, які камунікуе ў гэтай справе. Мы абмяркоўвалі гэта з прэзідэнтам Зяленскім падчас візіту Святланы Ціханоўскай.

Ёсць прадстаўніцтва дэмакратычных сіл у Брусэлі, Кіеве, Празе. Ёсць народныя амбасады больш чым у дваццаці краінах.

Мне падаецца, што гэта ўнікальна, гэта важна і гэта дае адносную эфектыўнасць.

«Ідзе следства па злачынствах супраць чалавечнасці Лукашэнкі і яго памагатых»

— Вось зараз, напрыклад, рыхтуецца ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы даклад па сітуацыі з культурай у Беларусі. Мне гэта неабыякава, як былому міністру культуры. Жудасная сітуацыя, адбываецца русіфікацыя ў інтарэсах рускага свету ў Беларусі. А з другога боку, на эміграцыі вельмі шмат дзеячаў культуры. Паўстаюць культурніцкія ініцыятывы і цэнтры. І падрыхтоўка такога дакладу — мая задача, як чальца дэлегацыі Парламенцкай асамблеі, а таксама прадстаўніка Камісіі па пытаннях нацыянальнага адраджэння Паўла Баркоўскага. Гэты даклад будзе мець рэкамендацыі 47 краінам Еўропы, як дапамагаць беларускай культуры.

Ці гэта не канкрэтныя справы?

Мы таксама працуем над пытаннем адказнасці за рэпрэсіі. І ніколі мы не былі так блізка да таго, што Лукашэнка можа быць прыцягнуты да адказнасці. Гэта і распрацоўка стратэгіі па прыцягненні да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, якія здзейсніў Лукашэнка і яго памагатыя.

Нас падтрымаў урад Літвы. Я сустракаўся некалькі разоў з міністрам юстыцыі Літвы, з міністрам замежных спраў Літвы. У выніку Літва ініцыявала разгляд гэтай справы ў Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. І ўжо ідзе следства.

Паводле Паўла Латушкі, дэмсілы таксама займаліся і займаюцца пытаннямі адказнасці Лукашэнкі за вываз украінскіх дзяцей. І ўжо вядзецца расследаванне фактаў вывазу ў Беларусь, дзякуючы перадачы адпаведных матэрыялаў дэмакратычнымі сіламі. Таксама збіраюцца доказы для спецтрыбунала за саўдзел беларускага рэжыму ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Дзякуючы абранню Каардынацыйнай Рады беларускія дэмсілы маюць свае дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, АБСЕ, Кангрэсе рэгіянальных і мясцовых улад Рады Еўропы, у Еўранэсце, а хутка і ў Nordic Council (міжпарламенцкая арганізацыя скандынаўскіх краін).

«Давайце задумаемся, як стварыць еўрапейскі фонд падтрымкі пенсіянераў»

Гэта, калі мы кажам пра макраўзровень, а калі казаць пра мікраўзровень? Вось нас зараз слухаюць і, магчыма, кажуць: а мне што ад гэтага, як гэта палепшыць маё жыццё ў Беларусі ці ў эміграцыі?

— У нас шмат асабістых кейсаў. Але звычайна людзі не хочуць публічнасці. За апошні тыдзень мы, напрыклад, атрымалі тры ўдзячнасці за дапамогу канкрэтным людзям. У нас былі вельмі складаныя сітуацыі, звязаныя з тым, што палітзняволеных дэпартавалі, а іх дзяцей пакідалі ў Беларусі і пазней блакавалі іх выезд. І мы займаліся гэтымі справамі, і вырашалі гэты іх разам з партнёрамі з Польшчы, Злучаных Штатаў.

Кейс рэжысёра Кудзіненкі, які быў вымушаны тэрмінова выехаць у Казахстан, і мы літаральна за два дні вырашылі пытанне з гуманітарнай візай для яго. Бо Казахстан не можа лічыцца бяспечнай краінай. Гэта толькі справы апошняга тыдня. А такіх спраў шмат. І гэта ўсё валанцёрская дзейнасць.

Вы асабіста займаліся пытаннямі беларускіх пенсіянераў у Польшчы. Ці ёсць зрухі ў гэтым кірунку?

— Што тычыцца пенсіянераў, то гэта праблемнае пытанне. Я прадстаўляў гэту праблему на сустрэчы з амбасадамі ў Варшаве. Казаў пра тое, што пенсіянеры аказваюцца ў вельмі цяжкім становішчы. І трэба гэта вырашаць.

Акрамя таго, ёсць пагадненне паміж Беларуссю і Польшчай, якое дзейнічае, як мяне запэўнілі ў Міністэрстве сям’і і працы Польшчы. У Пенсійным польскім фондзе мяне запэўнілі, што няма прыкладаў адмовы ў пераводзе пенсіі ў Польшчу для беларускіх пенсіянераў. Гэта афіцыйная інфармацыя польскага боку.

Канечне, калі мяне хтосьці слухае і мае прыклады такіх адмоваў, калі ласка, інфармуйце нас. Я абавязкова пра гэта буду інфармаваць Пенсійны фонд і Міністэрства сям’і і працы.

Але мы зараз працуем над тым, каб усё ж прааналізаваць магчымасць сацыяльнай дапамогі беларускім пенсіянерам за кошт мясцовых органаў улады. Бо яны таксама маюць свае фінансы і інструменты падтрымкі.

Я ставіў гэта пытанне на апошняй сустрэчы кансультатыўнай групы Беларусь — ЕС і прасіў еўрапейскіх чыноўнікаў: давайце задумаемся, як нам стварыць Еўрапейскі фонд падтрымкі пенсіянераў. Бо нацыянальныя дзяржавы могуць з гэтым не справіцца.

«Толькі за апошні месяц 11 новых спробаў вярбоўкі»

Павел Латушка таксама распавёў, што думае пра скандалы з агентамі спецслужбаў у беларускіх дэмакратычных структурах і пра тое, якім чынам можна з гэтым змагацца.

— Дэмакратычныя сілы не маюць контрвыведкі, каб змагацца з дзейнасцю спецслужбаў. І не таму, што не хочуць мець, а таму, што не могуць гэтым займацца на тэрыторыі іншых дзяржаў. Гэта першае.

Другое, мы павінны разумець, што супраць нас ідзе вайна і яна аб'яўленая і адкрытая. За апошні месяц толькі ў маёй камандзе было 11 новых спробаў вярбоўкі.

Супраць нас ваююць спецслужбы, выведка МУС, ваенная выведка. Таму мы павінны абапірацца на дзяржавы і структуры, якія адказваюць за бяспеку тут.

Можна колькі заўгодна кідаць камяні ў дэмакратычныя сілы, але мы не ў стане забяспечыць на сто адсоткаў бяспеку.

Спадар Латушка таксама распавёў пра асабістыя пратаколы бяспекі і пра тое, што трэба рабіць, калі вы сутыкнуліся са спробай вярбоўкі.

Адказаў кіраўнік НАУ і на пытанні, як яму столькі гадоў працавалася на рэжым. Ці не шкадуе ён аб гэтым.

А вы ведаеце, што першую заяву на звальненне Павел Латушка напісаў праз тыдзень ці два працы на пасадзе прэс-сакратара МЗС? А чым ён збіраецца займацца ў вольнай Беларусі?

Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні слухайце ў нашым аўдыё.

Падрыхтавала Аксана Колб