Пастаўка стане першым фізічным пацвярджэннем аднаўлення камерцыйнага гандлю беларускім каліем са ЗША пасля адмены амерыканскіх абмежаванняў. Партыя аб'ёмам 30 тыс. тон будзе мець найперш сімвалічнае значэнне: яна пацвярджае вяртанне беларускага вытворцы на амерыканскі рынак.
Калі казаць пра баланс паставак, то ён не зменіцца, гаворыць палітолаг Павал Усаў.
— Мне гэта нагадала, як калісьці Беларусь атрымала адзін танкер венесуэльскай нафты. З гэтага зрабілі вялікую інфармацыйную падзею, хоць потым усё і спынілася. Без транзіту праз Літву, Латвію, стварэння сталай камунікацыі для ЗША пакупка будзе нерэнтабельнай у параўнанні з тым, што яны атрымліваюць ад Канады. Беларусь не будзе ў стане забяспечыць усе пастаўкі замест Канады. Таму гэта не зменіць сітуацыю, хоць з пункту гледжання ЗША і асабіста Трампа любыя спробы кампенсаваць страты ад сваёй палітыкі, яны добрыя. Атрымаць некалькі мільёнаў тон угнаенняў з Беларусі будзе добра, хоць застаецца пытанне кошту.
Акрамя эканамічнага фону, які мала апраўданы, у гэтых пастаўках ёсць другое дно, дзеля якога ўсё і рабілася, гаворыць журналістка Аксана Колб.
— Для Беларусі гэта сігнал іншым краінам: глядзіце, мы гандлюем са Штатамі, зараз вы можаце гандляваць з намі, як, напрыклад, Бразіліі. Для Трампа магчымасць сказаць: бачыце, я ж магу ўсё вырашыць. Магчыма, станоўчыя эканамічныя наступствы будуць, але дакладна не цяпер, і нават не праз месяц, а можа і не год.
Поўная размова — у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё