Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Палітолаг: Пытанне не ў пастаяннай вайсковай базе ЗША ў Польшчы, а ў тым, што будуць рабіць гэтыя жаўнеры, калі нешта пачнецца 

05.10.2026 14:06
Палітолаг Роман Кузьняр, дарадца прэзідэнта Камароўскага па міжнародных пытаннях, сумняецца, што пастаянная база ЗША забяспечыць чаканы эфект стрымлівання патэнцыйнага агрэсара:
Аўдыё
  • Палітолаг: Пытанне не ў пастаяннай вайсковай базе ЗША ў Польшчы, а ў тым, што будуць рабіць гэтыя жаўнеры, калі нешта пачнецца 
Ілюстрацыя Foto: DVIDS / U.S. Army photo by Sgt. Calab Franklin

Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы рыхтуе палажэнні спецыяльнага закона аб будаўніцтве пастаяннай базы амерыканскіх войскаў.

Як заявіў надоечы ў Кракаве кіраўнік ведамства Уладзіслаў Косіняк-Камыш, закон мае скараціць і максімальна спрасціць інвестыцыйныя і лагістычныя працэдуры, каб амерыканскія вайскоўцы маглі як мага хутчэй пачаць службу на базе:

— Вельмі важна, што Польшча інвестуе ў прысутнасць амерыканскіх вайскоўцаў. Ужо цяпер мы штогод выдаткоўваем каля 15 тысяч долараў на кожнага амерыканскага салдата, які знаходзіцца ў Польшчы. Гэтым мы адрозніваемся ад іншых дзяржаў. Гэта найлепшая інвестыцыя ў бяспеку Польшчы, якую толькі можна ўявіць.

Віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі падкрэсліў, што польскі ўрад ужо выканаў сваю частку працы для размяшчэння амерыканскай базы:

— З прэзідэнцкага палаца гучаць заявы, нібыта рашэнне ўжо прынятае. Спадзяюся, маецца на ўвазе станоўчае рашэнне. Скажу шчыра: галоўная, а фактычна адзіная дзяржаўная задача прэзідэнта зараз — скарыстацца сваёй меркаванай блізкасцю да Дональда Трампа, каб дамагчыся гэтага рашэння. Урад сваю працу зрабіў: накіраваў амерыканскім уладам пастанову Рады міністраў Польшчы пра тое, што мы гатовыя прыняць гэтую базу і аплаціць яе.

Паводле кіраўнікоў МЗС і Міністэрства абароны, рашэнне амерыканскага боку будзе прынята неўзабаве. Справаздача па гэтым пытанні мае паступіць міністру абароны ЗША ў лістападзе, а канчатковае рашэнне Белага дома чакаецца ў снежні.

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі спрабуе выкарыстаць пытанне пастаяннай амерыканскай базы ў палітычным суперніцтве з урадам, лічыць прафесар Артур Роланд Казлоўскі. Палітолаг пракаментаваў словы Кіраўніка бюро міжнароднай палітыкі пры прэзідэнце Марціна Пшыдача, які заявіў, што Вашынгтон даў «зялёнае святло» пастаяннай прысутнасці войскаў ЗША ў Польшчы:

— Думаю, міністр Пшыдач і, верагодна, прэзідэнт Наўроцкі зыходзяць з таго, што база з’явіцца з імавернасцю 99,99%. Таму яны загадзя спрабуюць прыпісаць прэзідэнцкаму лагеру вядучую ролю ў гэтым поспеху. У межах суперніцтва палітычных лагераў я назваў бы гэта нармальнай з’явай.

Марцін Пшыдач раней сцвярджаў, што прэзідэнт «дабіўся» стварэння пастаяннай базы ЗША ў Польшчы. Аднак яе стварэнне належыць да кампетэнцыі ўрада Польшчы і Пентагона. Дональд Трамп, са свайго боку, казаў, што база толькі можа з’явіцца. Афіцыйнага рашэння няма.

Польскі палітолаг, прафесар Роман Кузьняр, былы дарадца прэзідэнта Браніслава Камароўскага па міжнародных пытаннях, сумняецца, што пастаянная база ЗША, калі яе сапраўды створаць, забяспечыць чаканы эфект стрымлівання патэнцыйнага агрэсара:

— Пентагон разглядае такую магчымасць, праводзіць адпаведны аналіз. Аднак я б не фетышызаваў і не дэманізаваў гэтую тэму. Нагадаю: калі Расія ў жніўні 2008 года праводзіла ваенную аперацыю супраць Грузіі, там знаходзіліся некалькі соцень амерыканскіх вайскоўцаў. Яны сядзелі ў вайсковых сталоўках і глядзелі на вялікіх экранах, як іх грузінскія калегі ўцякаюць ад расіян. Амерыканцы нават не паварушыліся.

Нават калі яны будуць тут, — а яны ўжо знаходзяцца ў нас на ратацыйнай аснове, — я не бачу вялікай розніцы паміж ратацыйнай і пастаяннай прысутнасцю. У нас так званая пастаянная ратацыйная прысутнасць. У самой назве ёсць супярэчнасць, але мы называем гэта менавіта так: вайскоўцы знаходзяцца тут увесь час, а кожныя паўгода адбываецца змена асабовага складу.

Пакуль яны тут, не мае значэння, пастаянная гэта база ці ратацыйная прысутнасць. Пытанне ў тым, як яны павядуць сябе, калі нешта здарыцца.

Расіяне не збіраліся захопліваць усю Грузію: яны хацелі дайсці да Тбілісі, каб правучыць Саакашвілі за тое, што адбылося ў Паўднёвай Асеціі. Тады расіян спыніў Еўрапейскі Саюз, а не амерыканцы, якія, як я ўжо сказаў, не паварушыліся.

Некаторыя эксперты з’едліва кажуць: спадзяюся, калі амерыканцы прыбудуць, яны не будуць ваяваць на баку Расіі — з улікам сімпатый прэзідэнта Трампа да Пуціна. Але пакінем такія жарты і кпіны ўбаку.

Мы не можам быць упэўненыя ў тым, як павядуць сябе вайскоўцы, якія ўжо тут знаходзяцца або яшчэ прыбудуць, калі здарыцца нешта сур’ёзнае. Таму, на маю думку, мы праяўляем вялікую наіўнасць у ацэнцы карысці, якую можам ад гэтага атрымаць. Гэта ўжо проста апантанасць, і яна кідаецца ў вочы.

Паводле звестак Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы, у цяперашні час тут дыслакуюцца каля 10 тыс. амерыканскіх салдат, каля паловы з іх зараз на ратацыі.

Слухайце аўдыё!

iar/pap/эж

У Польшчы рыхтуюцца да магчымых расійскіх атак

29.09.2026 15:54
«Герані» над Польшчай. Як вам такі сцэнар? Такім пытаннем задаўся адзін з расійскіх прапагандысцкіх каналаў. Гэтыя словы не засталіся без увагі ў Польшчы.

«Дакументы афармляюць даўжэй, чым будуюць». Расказваем, што перашкаджае Польшчы хутка ствараць сховішчы

01.10.2026 12:33
Наколькі Польшча гатовая абараняць цывільнае насельніцтва, распавядае старшыня Асацыяцыі «Інстытут ахоўнага будаўніцтва» Аляксандр Фядорэк.

Урад Польшчы рыхтуе закон, які мае забяспечыць гатоўнасць да вайны: у аснове — досвед Украіны

02.10.2026 17:03
Закон мае ўдасканаліць кіраванне абаронай краіны, паскорыць перакідванне войскаў і вызначыць узаемадзеянне органаў улады падчас крызісаў.