Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польшча становіцца ключавым гульцом бяспекі НАТА на Усходзе

07.10.2026 16:12
Варшава стане месцам размоў пра будучыню НАТА. У Польшчы ствараецца хаб па рамонту ды абслугоўванні і вырабу амерыканскай ваеннай тэхнікі.
Аўдыё
  • Умацаванне пазіцыі Польшчы ў структурах НАТА
Ілюстрацыйнае фотаREUTERS

На днях прадстаўнікі Пентагону заявілі, што менавіта ў Польшчы адбудзецца сустрэча чальцоў НАТА па абмеркаванні будучыні альянсу ў рамках так званай Бэргенскай групы.
Акрамя Польшчы, у Бэргенскім фармаце ўдзельнічаюць ЗША, Германія, Нідэрланды, Нарвегія, Швецыя і Фінляндыя. Неўзабаве можа далучыцца і Данія. Першая сустрэча гэтай групы адбылася ў мінулым годзе ў нарвежскім Бэргене, адсюль і назва ініцыятывы.

Сустрэчы, якія фармуюць пазіцыю Польшчы ў Паўночнаатлантычным альянсе, неабходныя, сцвярджаюць палітыкі з Грамадзянскай кааліцыі і партыі «Права і справядлівасць» (PiS). Паводле слоў прадстаўнікоў Міністэрства нацыянальнай абароны, добра, што сустрэча праходзіць у Польшчы. Такой думкі прытрымліваецца, сярод іншых, намеснік кіраўніка «Грамадзянскай кааліцыі» Цэзары Томчык.

— Група ці платформа Бэрген ахоплівае дзяржавы, якія бяруць удзел у выпрацоўцы Канцэпцыі НАТА 2030, а таксама дзяржавы, якія бяруць актыўны ўдзел у будаванні прамысловай базы ў амерыканскім кантэксце. У Польшчы мы ствараем сэрвісныя цэнтры для Apache і для Abrams. Хочам пачаць сумесны выраб ракет для Патрыётаў. Гэта натуральны напрамак.

Былы польскі міністр абароны Марыюш Блашчак таксама гаворыць пра ўмацаванне пазіцыі Польшчы ў структурах НАТА. Дэпутат ад партыі «Права і справядлівасць» дадае, што гэта адбываецца дзякуючы ўмацаванню польскага войска.

— На маю думку, прысутнасць Польшчы і польскае лідарства ў пытаннях бяспекі ўсходняга флангу Паўночнаатлантычнага альянсу з'яўляюцца гарантам бяспекі нашай бацькаўшчыны і пазітыўна ўплывае на бяспеку ўсяго Усходняга флангу.

Пры гэтым амерыканскі сайт Politico паведаміў, што Злучаныя Штаты не запрасілі ў Варшаву ключавых саюзнікаў, такіх як Вялікабрытанія, Францыя ці краіны Балтыі.
Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш запэўнівае, што гаворка не ідзе пра падзел унутры Альянсу.

— Гэты фармат ужо быў некалькі месяцаў таму актываваны. Польшча ключавая краіна для бяспекі Альянсу на Усходзе. Тут няма ніякага падзелу ўнутры НАТА, толькі вызначэнне адказнасці для краін, якія ўносяць вялікі ўклад. Польшча робіць шмат для бяспекі НАТА.

Іншым сведчаннем моцы польскай пазіцыі стане рашэнне аб супрацоўніцтве з ЗША адносна абслугоўвання ракет PAC-3 для сістэмы Patriot. «Я чакаю рашэння адміністрацыі ЗША на працягу некалькіх тыдняў», – заявіў Польскаму радыё намеснік міністра дзяржаўнай маёмасці Конрад Галота. Міністр на мінулым тыдні знаходзіўся ў Вашынгтоне. Ён сустрэўся з прадстаўнікамі Пентагону і амерыканскіх ваенных кампаній. Паводле слоў міністра Галоты, амерыканскія партнёры атрымалі ад польскага ўрада выразны і паслядоўны сігнал адносна будаўніцтва цэнтра абслугоўвання ракет у Польшчы.

— Мы прадставілі ўсе аргументы: прамысловыя, палітычныя ды фінансавыя. Цяпер мы чакаем, якое будзе рашэнне амерыканскай адміністрацыі. Мы хацелі паказаць адзінства польскіх уладаў, і пачуць стаўленне амерыканскага боку.

У цяперашні час ЗША вырабляюць амаль 100% зброі для сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot унутры краіны. Невялікая частка прамысловага вопыту была перададзена толькі Японіі. Польшча разам з Германіяй, Швецыяй і Нідэрландамі імкнецца пабудаваць сэрвісны цэнтр для абслугоўвання амерыканскай тэхнікі ў Еўропе. Ліст аб намерах быў падпісаны ўсімі бакамі ў ліпені на палях саміту НАТА ў Анкары.

У сувязі з гэтым Швецыя заявіла, што накіруе ў Польшчу сістэму супрацьпаветранай абароны Patriot і персанал для абароны аэрапорту ў Жэшуве. «Гэта вельмі добрая навіна», сказаў Радаслаў Любчык з Польскай народнай партыі (PSL).

— Калі нехта быў на лётнішчы ў Жэшаве, той бачыў, якое там узбраенне, тым шмат Patriot-аў. Аднак, пагроза павялічваецца і мы бачым сігналы, якія прыходзяць ад украінскіх службаў, што ўсё больш становіцца рызык на ўсходняй мяжы НАТА.

Прэмʼер-міністр Швецыі Ульф Крыстэрсан абвясціў, што гэта гарантуе пастаўку важнага абсталявання ва Украіну. Разгортванне сістэмы Patriot запланавана на снежань, а шведская місія НАТА ў Польшчы можа працягвацца да сямі месяцаў. Аэрапорт Жэшув-Ясёнка зʼяўляецца адным з асноўных пунктаў перавалкі і транспарціроўкі ваеннай тэхнікі для Украіны.

Дадаткова 60 мільёнаў еўра будзе выдзелена на праграму абароны ўсходняй мяжы Еўрапейскага Саюзу. Пра гэта ў Бруселі заявіў намеснік міністра абароны Польшчы Павал Залеўскі.

— Гэта вялікая сума для выкарыстання да канца будучага году. Мы хацелі б мець як мага большы ўдзел у выкарыстанні гэтых сродкаў, якія прызначаныя на канкрэтную мэту — абарону ўсходняй мяжы.

Таксама ў Польшчы кажуць, што Еўропа павінна зрабіць высновы з вайны ва Украіне і ўмацаваць сваю абарону ад балістычных ракет.

Юры Ліхтаровіч