Еўрапейская камісія задаволеная, што Еўрапейскі парламент і Рада ЕС прынялі праграму AGILE аб’ёмам 115 мільёнаў еўра для паскарэння інавацый у сферы абароны – піша «Defence24».
Новая праграма дазволіць у рэкордна кароткія тэрміны ператвараць перадавыя тэхналогіі з лабараторных распрацовак у практычныя рашэнні для арміі. Асаблівую падтрымку атрымаюць малыя і сярэднія прадпрыемствы, у тым ліку стартапы. Яны змогуць распрацоўваць і ўкараняць інавацыйныя абаронныя тэхналогіі.
Праграма прадугледжвае кароткі тэрмін разгляду заявак — усяго чатыры месяцы. Чакаецца, што распрацаваныя тэхналогіі паступяць у распараджэнне абаронных сіл на працягу аднаго-трох гадоў.
AGILE падтрымае ад 20 да 30 праектаў і забяспечыць да 100 працэнтаў фінансавання ўсіх выдаткаў, якія адпавядаюць умовам праграмы. Кампаніі таксама змогуць атрымаць кампенсацыю выдаткаў, панесеных за тры месяцы да заканчэння прыёму заявак.
Выканаўчая віцэ-старшыня Еўракамісіі па пытаннях тэхналагічнага суверэнітэту, бяспекі і дэмакратыі Хенна Віркунен (Henna Virkkunen) адзначыла, што паскарэнне ўкаранення новых тэхналогій дапаможа ўмацаваць тэхналагічную незалежнасць Еўропы і павысіць бяспеку яе грамадзян.
Еўракамісар па пытаннях абароны і космасу Андрыюс Кубілюс (Andrius Kubilius) падкрэсліў, што вайна ва Украіне штодня паказвае: перамогу ў сучаснай вайне атрымліваюць тыя, хто здольны хутка ўкараняць інавацыі. Паводле яго слоў, праграма дапаможа новым удзельнікам абароннай галіны ператвараць перспектыўныя ідэі ў практычныя рашэнні, якія можна аператыўна выкарыстоўваць на полі бою.
Дэпутат Еўрапарламента Міхал Дворчык (Michał Dworczyk), які прадстаўляў групу Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў у працы над праграмай, выказаў спадзяванне, што AGILE адкрые новыя магчымасці для польскіх прадпрыемстваў і інжынераў.
Чакаецца, што праграма AGILE пачне паўнавартасна працаваць у пачатку 2027 года.
нг