Вярхоўны галоўнакамандуючы Аб'яднанымі ўзброенымі сіламі саюзнікаў у Еўропе, генерал Алекс Грынкевіч прадставіў план дзеянняў у выпадку атакі на адну з краін Альянсу. На канферэнцыі па бяспецы ў Варшаве генерал агучыў стратэгію «хуткай перамогі» НАТА ў выпадку вонкавай агрэсіі.
— НАТА – гэта абарончы альянс, створаны для захавання міру; таму мы не маем ні планаў, ні намераў, ні амбіцыяў, якія выходзілі б за межы абароны нашых людзей і нашай тэрыторыі. Тым не менш, нікому не варта ўспрымаць наш абарончы характар як слабасць ці адсутнасць рашучасці. Дзякуючы нашай калектыўнай моцы мы імкнемся стрымліваць агрэсію і падтрымліваць мір. Але калі нехта паступіць неразумна і нападзе на нас, мы будзем змагацца. Мы спынім напад і не дазволім агрэсару дасягнуць пастаўленых мэт, якімі б яны ні былі. Карацей кажучы, мы зробім усё, каб любы напад на любога з саюзнікаў аказаўся абсалютна марным.
Паводле словаў Грынкевіча, Альянс не дазволіць суперніку замацавацца на сваёй тэрыторыі і нанясе ўдары не толькі па надыходзячых войсках, але і па абʼектах, якія забяспечваюць іх падтрымку і камандаванне.
— Мы зможам выявіць набліжэнне нападу, што дасць нам час для ацэнкі сітуацыі і аператыўнага разгортвання нашых сіл. Наша мэта – стрымліванне, аднак гэтыя дзеянні таксама рыхтуюць нас даць адпор любому патэнцыйнаму нападу, у тым ліку накіраванаму на захоп і ўтрыманне тэрыторыі НАТА ў якасці ўжо здзейсненага факту (*fait accompli*). Карацей кажучы, яны рыхтуюць нас да выканання нашай найважнейшай задачы – абароны нашых людзей і тэрыторыі. Для паспяховага выканання гэтай задачы мы распрацавалі ўласную канцэпцыю перамогі. Яна грунтуецца на цвярозым разуменні пагроз, з якімі мы сутыкаемся, а таксама на ўроках сучасных баявых дзеянняў ва Украіне і на Блізкім Усходзе.
Агучаная генералам стратэгія мае тры галоўныя элементы: блакаванне, манеўр ды удары па тылах.
— Мы спынім першапачатковы напад. Калі атака працягнецца, мы аслабім яе моц і не дапусцім прасоўвання праціўніка, а пры неабходнасці – знішчым сілы праціўніка ды аператыўную сістэму вядзення вайны, разгорнутую супраць нас. Каб спыніць праціўніка, нашы сухапутныя войскі возьмуць пад кантроль ход любога варожага наступу непасрэдна ў зоне сутыкнення. Сухапутныя падраздзяленні будуць атакаваць праціўніка і знішчаць яго ўдарныя сілы. Нашы ваенна-паветраныя і ваенна-марскія сілы ў цесным узаемадзеянні з касмічнымі і кібернетычнымі падраздзяленнямі прыменяць сродкі, якія спалучаюць маштабнасць і дакладнасць удараў, пазбаўляючы праціўніка магчымасці ўтрымаць занятыя пазіцыі. Калі праціўнік вырашыць працягнуць наступ ці задзейнічаць свае рэзервы, мы разбурым сістэму вядзення баявых дзеянняў, накіраваную супраць нас.
На думку старэйшага аналітыка польскага парталу Defance 24 Барталамея Выпартовіча – гэта важны сігнал, які даказвае гатовасць НАТА да адказу на агрэсію.
— Гэта, безумоўна, важны сігнал і яшчэ адзін механізм стрымлівання. На маю думку, гэта трэба разглядаць, перш за ўсё, як сігнал, накіраваны ў Крэмль, а таксама да грамадстваў агрэсіўных дзяржаў, які паказвае, што НАТА будзе абараняць сябе, будзе абараняць усходні фланг і мае пэўную ідэю, як гэта зрабіць. Гэта даволі цікавая ідэя, таму што яна рэалізуецца ў рамках трох фаз дзеянняў. На маю думку, НАТА нанясе ўдар. Адзіная зорачка, якая тут зʼяўляецца, – гэта стаўленне Злучаных Штатаў да еўрапейскіх саюзнікаў. Аднак я перакананы, што еўрапейскія саюзнікі ў рамках Паўночнаатлантычнага альянсу, у першую чаргу саюзнікі на ўсходнім і паўночным флангах НАТА, ідзецца пра Швецыю, Фінляндыю, Румынію, Літву, Латвію, Эстонію і Польшчу. Іх рэакцыя будзе вельмі хуткай, і супрацоўніцтва будзе вельмі аператыўным, улічваючы, што гэтыя краіны знаходзяцца ва ўмовах вельмі падобнай рызыкі магчымай эскалацыі вайны з Расійскай Федэрацыяй.
НАТА не хоча весці такую вайну, як вядзе Украіна, і будзе змагацца інакш, зазначае эксперт.
— Украіна вядзе вайну беспілотнікаў з Расійскай Федэрацыяй з-за тэхналагічных і тэхнічных магчымасцяў. У сваю чаргу НАТА плануе спачатку спыніць наступ. Потым, калі будзе дасягнуты нейкі прагрэс, вызваліць усю тэрыторыю Паўночнаатлантычнага альянсу. Па-трэцяе, пачнуцца ўдары па расійскіх тылавых раёнах. Гэта вынікае з таго, што Паўночнаатлантычны альянс у цэлым мае вельмі значныя ваенныя авіяцыйныя магчымасці, якімі Украіна не валодае. Пакт мае таксама вельмі значныя магчымасці далёкіх удараў, якімі Украіна ў цяперашні час валодае, але ў НАТА гэта шырэйшыя магчымасці. Справа ў тым, што апошняе, чаго хоча Паўночнаатлантычны альянс, гэта быць уцягнутым у акопную вайну і вайну на знясіленне, якая нясе вялізарныя страты. Паўночнаатлантычны альянс будзе ваяваць па-іншаму, у тым ліку выкарыстоўваючы паветраную моц і перавагу ў паветры, а таксама здольнасць манеўраваць.
У Беларусі і Расіі ўжо заўважылі выказванне глаўкома еўрапейскіх сіл НАТА. Прадстаўнікі кіроўных рэжымаў выказалі рашучую нязгоду з заявамі генерала Грынкевіча. Лукашэнкаўскія дыпламаты заявілі, што Беларусь нікому не пагражае, а расійскія дэпутаты загаласілі, што РФ не мае намераў нападаць на НАТА.
Юры Ліхтаровіч