Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Павел Латушка: Лукашэнка спрабуе пераканаць Захад зняць санкцыі і аднавіць гандаль з Беларуссю

15.10.2026 12:30
Унутраная сітуацыя застанецца нязменнай. Ці варта Захаду заплюшчваць на ўсё гэта вочы? — задумоўваецца палітык.
Павел Латушкаyoutube.com/@PavelLatushka/скрыншот

12 кастрычніка беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка наведаў Мінскую вобласць, дзе абмеркаваў адносіны з заходнімі суседзямі. Маючы на ўвазе Польшчу, Літву і Латвію, намякнуў, што эканамічнае супрацоўніцтва з заходнімі суседзямі можа дапамагчы пазбегнуць вайны.

Гаворка ідзе пра санкцыі

Як пераконвае ў размове з выданнем «Fakt» прадстаўнік беларускіх дэмакратычных сілаў, былы амбасадар Беларусі ў Польшчы Павел Латушка, эканамічная сітуацыя ў Беларусі вельмі складаная, нават нягледзячы на тое, што некаторыя краіны, у тым ліку ЗША, знялі частку абмежаванняў.

— Лукашэнка ў першую чаргу патрабуе зняцця еўрапейскіх санкцый. Без гэтага ён не зможа аднавіць айчынную прамысловасць, — ацэньвае сітуацыю былы пасол.

Паводле яго, Лукашэнка перыядычна сустракаецца з еўрапейскімі дыпламатамі паведамляе ім.

— Не ўмешвайцеся ва ўнутраныя справы Беларусі. Я не маю намеру мяняць сваю палітыку. Рэпрэсіі будуць працягвацца; не будзе незалежных СМІ, палітычных партый ці няўрадавых арганізацый. Аднак узамен вы можаце атрымаць выгаду ад гандлёвага супрацоўніцтва з Беларуссю, — пеадае словы Лукашэнікі Латушка.

Гэта будзе здрадай беларусам

На думку Паўла Латушкі, любыя эканамічныя саступкі не паўплываюць на змену палітыкі Мінска. Беларусь працягне падтрымліваць расійскую агрэсію супраць Украіны, а яе ваенная прамысловасць надалей будзе пастаўляць зброю ў Расію. Былы пасол таксама звяртае ўвагу на пагрозу далейшых гібрыдных дзеянняў.

Унутраная сітуацыя таксама застанецца нязменнай. Рэпрэсіі супраць грамадства застануцца часткай дзеяння рэжыму, а маштабы пераследу — аднымі з найбуйнейшых у Еўропе ў XXI стагоддзі. Таму, на яго думку, Захад не павінен ігнараваць палітычную сітуацыю ў Беларусі ў абмен на магчымасць аднаўлення гандлю.

— Ці варта Захаду заплюшчваць вочы на ўсё гэта? Гэта было б здрадай беларусам, якія змагаюцца за свабоду, знаходзяцца ў турмах і гінуць у выніку рашэнняў Лукашэнкі, — падкрэслівае палітык.

Лукашэнка ўсё больш залежыць ад Расіі

Павел Латушка таксама звяртае ўвагу на наступствы ўмацавання беларуска-расійскага супрацоўніцтва. На яго думку, Лукашэнка больш не з'яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі, і яго магчымасці праводзіць незалежную палітыку ўсё больш абмежаваныя.

— Ён падпісаў шматлікія пагадненні з Масквой, прыняў новыя гарантыі бяспекі і ваенную дактрыну, а таксама пагадзіўся на размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі ў рамках інтэграцыі дзвюх краін. Пуціну больш нават не трэба заахвочваць яго да лаяльнасці фінансавымі стымуламі, як раней. Лукашэнка звязаны абавязацельствамі перад Расіяй, якія абмяжоўваюць яго свабоду дзеянняў, — пераконвае былы пасол.

Паводле Паўла Латушкі, Лукашэнка застанецца верным Пуціну ўсё жыццё, а новы этап у адносінах дзвюх краін можа адкрыць змена ўлады ў Крамлі.

— Тады Лукашэнка можа паспрабаваць дамовіцца аб новых умовах супрацоўніцтва ў залежнасці ад таго, хто прыйдзе да ўлады ў Расіі, — кажа палітык у размове з выданнем «Fakt».

аз