Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Радаслаў Сікорскі папярэдзіў пра рост расійскай пагрозы: ігнараваць небяспеку безадказна

16.10.2026 10:38
Паводле міністра, атакі ў Польшчы — не ўяўная пагроза: падобныя інцыдэнты адбываюцца амаль кожны тыдзень.
       .
Кіраўнік польскага МЗС выступіў на Варшаўскім форуме бяспекі.PAP/Radek Pietruszka

Віцэ-прэм'ер, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што расійская пагроза для краіны ўзрастае, і заклікаў не недаацэньваць небяспеку. У інтэрв'ю выданню Gazeta Wyborcza дыпламат пракаментаваў словы прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, які раней заявіў, што не бачыць «рэзкай змены» ўзроўню расійскай пагрозы.

— Калі ў прэзідэнта ёсць інфармацыя пра тое, што расіяне не збіраюцца ўзмацняць атакі на Польшчу, давайце гэта зафіксуем, — сказаў Сікорскі.

Палітык дадаў, што ўрад мае прыкладна тую ж інфармацыю, што і кіраўнік дзяржавы, і заклікаў прэзідэнта ды ягонае атачэнне не ператвараць пытанні бяспекі ў прадмет палітычнай барацьбы.

Паводле міністра, атакі ў Польшчы — не ўяўная пагроза: падобныя інцыдэнты адбываюцца амаль кожны тыдзень. Сікорскі таксама звярнуў увагу на змену характару небяспекі. Калі расійскія дроны, якія заляталі ў Польшчу і іншыя краіны НАТА год таму, былі бяззбройныя, то цяпер яны нясуць баявыя зарады.

Сікорскі падкрэсліў, што публічнае абмеркаванне зместу матэрыялаў спецслужбаў не мае сэнсу. На ягоную думку, Польшча павінна ўмацоўваць здольнасць адбіваць любыя формы агрэсіі, а не ігнараваць рызыкі, якія растуць.

— Ігнараваць небяспеку, якая відавочна ўзрастае, — безадказна, — заявіў  дыпламат.

эж