ВПС Польшчы сутыкнуліся з сур'ёзным недахопам пілотаў знішчальнікаў F-16. Пры наяўнасці 47 самалётаў краіна мае толькі каля 40 падрыхтаваных лётчыкаў, хаця неабходна не менш за 70. Як піша газета Rzeczpospolita, цяпер да палётаў гатовая толькі прыкладна палова польскіх F-16, аднак нават для іх эфектыўнага выкарыстання пілотаў недастаткова.
Праблему пагаршае слабая сістэма падрыхтоўкі кадраў. Навучанне аднаго пілота F-16 займае каля двух гадоў, а летась Авіяцыйная школа ў Дэмбліне падрыхтавала толькі некалькі лётчыкаў рэактыўнай авіяцыі. Частка вопытных пілотаў таксама перайшла на новыя амерыканскія знішчальнікі F-35, якія пачалі паступаць на ўзбраенне Войска Польскага. Пра будучы дэфіцыт кадраў вайсковае кіраўніцтва папярэджвала яшчэ некалькі гадоў таму, але вырашыць праблему не ўдалося.
Польшча ўжо заключыла кантракт на мадэрнізацыю F-16 да версіі Viper коштам амаль 15 млрд злотых. Аднак, паводле газеты, дадатковых сродкаў на падрыхтоўку неабходнай колькасці пілотаў пакуль не знайшлося.
Падобныя цяжкасці могуць узнікнуць і з экіпажамі закупленых ударных верталётаў Apache.
эж