102 гады таму, 27 кастрычніка 1924 года, першыя тры брыгады Корпуса аховы памежжа прыступілі да выканання сваіх задач.
У 1924 годзе, у сувязі з савецкімі дыверсійнымі атакамі, улады Польшчы прынялі рашэнне стварыць спецыяльнае вайсковае фармаванне для абароны граніц — Корпус аховы памежжа (Korpus Ochrony Pogranicza). За 15 гадоў свайго існавання салдаты і афіцэры КАП не толькі выконвалі свае асноўныя задачы, але і займаліся дзейнасцю культурнага і сацыяльнага характару. У 1939 годзе яны вялі гераічныя баі як з немцамі, так і з саветамі. Многія з іх былі забітыя падчас Катынскай разні ў 1940 годзе.
Салдаты Корпусу аховы памежжа на зарадцы, 1928 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы ў 1918 годзе, і асабліва пасля заканчэння вайны з Савецкай Расіяй і падпісання мірнай дамовы ў Рызе ў 1921 годзе, ключавой задачай улад у Варшаве стала ахова ўсходняй дзяржаўнай мяжы. Нягледзячы на мірную дамову, Масква аспрэчвала тэрытарыяльны падзел, сцвярджаючы, што землі, населеныя беларусамі і ўкраінцамі, былі ўключаныя ў склад Польшчы насуперак абвешчанаму крамлёўскімі ўладамі прынцыпу самавызначэння нацый.
Пункт паштовых галубоў Корпусу аховы памежжа, 1927 год . Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Акрамя прапагандысцкай дзейнасці, саветы рыхтавалі тэрарыстычныя групы, якія часта адпраўляліся з іх тэрыторыі ў польскія прыгранічныя раёны. З 1923 годзе ахова польскіх межаў павінна была забяспечвацца падраздзяленнямі дзяржаўнай паліцыі, якія, аднак, з-за недахопу сіл і сродкаў не маглі выконваць свае задачы. У 1924 годзе на ўсходняй мяжы адбылося больш за 200 актаў сабатажу і нападаў, у якіх загінула больш за 50 чалавек. Кульмінацыяй стаў напад на Стоўбцы. У ноч з 3 на 4 жніўня савецкі дыверсійны атрад колькасцю больш за 100 чалавек атакаваў павятовы горад Стоўбцы, размешчаны ў 15 км ад бальшавіцкай мяжы. Дыверсанты разбурылі паліцэйскае ўпраўленне, падпалілі будынак уладаў павету, турму, перад гэтым вызваліўшы вязняў, чыгуначны вакзал і разрабавалі крамы ды склады.
На ахове мяжы на Палессі, канец 1920-х гадоў. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Гэты інцыдэнт прымусіў польскія ўлады прыняць рашэнне аб стварэнні спецыяльнага ваеннага фармавання для абароны ўсходніх рубяжоў Польшчы. 12 верасня 1924 года генерал Уладзіслаў Сікорскі, у той час міністр ваенных спраў, выдаў загад аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а праз некалькі дзён Генеральны штаб Войска Польскага выдаў інструкцыю, якая вызначала структуру новага фармавання.
Дарэчы, КАП падпарадкоўваўся як Міністэрству ваенных спраў (кадравыя, арганізацыйныя і пытанні падрыхтоўкі), так і Міністэрству ўнутраных спраў (выкананне задач, звязаных з аховай мяжы, забеспячэннем бяспекі ў памежнай зоне і фінансавай дзейнасцю).
Польска-савецкая мяжа, 1934 год. Салдат КАП і польскі мытнік перад будынкам мытні. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Штаб камандавання КАП знаходзіўся ў Варшаве. Дарэчы, будынак захаваўся па сённяшні дзень і знаходзіцца недалёка ад цэнтральнага чыгуначнага вакзала. Яму падпарадкоўваліся шэсць брыгад, якія складаліся з пяхотных батальёнаў і кавалерыйскіх эскадронаў.
Афіцэры Навагрудскай брыгады КАП на паляванні, 1933 год. У футры — камандзір брыгады палкоўнік Ежы Траяноўскі. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Цягам існавання КАП на беларускіх землях штабы брыгадаў знаходзіліся ў Гродне, Навагрудку і ў вёсцы Лахва на Палессі, а палкоў — у Глыбокім, Баранавічах, Вілейцы, Валожыне і Снове.
Польскія памежнікі на плыце на Нёмане, 1927 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
У сувязі з характарам службы ў наваствораным фармаванні было прынятае рашэнне пра дбайны адбор афіцэрскіх і ўнтэр-афіцэрскіх кадраў, а таксама радавых. Апошнія накіроўваліся туды пасля падрыхтоўкі падчас асноўнай службы. Кіраўніцтвам КАП імкнулася адбіраць салдат з добрай рэпутацыяй, дасканалай фізічнай формай і польскай нацыянальнасці, што не заўсёды выконвалася.
Памежная станцыя Стоўбцы, 1932 год. Салдат КАП і польскі паліцэйскі (у белай фуражцы) на фоне міжнароднага цягніка. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Сілы памежнага фармавання павінны былі налічваць амаль 28 тыс. салдат. Новыя часткі адносна хутка, з канца кастрычніка, прыступілі да аховы ўсходніх памежных раёнаў, перш за ўсё тых, якім больш за ўсё пагражала дзейнасць савецкіх тэрарыстычных групаў.
Капітан Рудольф Вэбер, які служыў у падраздзяленні КАП у Слоніме. Ахвяра Катынскай разні. Здымак прадастаўлены ўнучкай афіцэра Тэрэсай Мельзацкай-Бінькоўскай, каларызацыя — Славамір Серадзкі.
Асноўнымі задачамі КАП былі абарона мяжы ад нападаў варожых сіл, барацьба з кантрабандай і забеспячэнне ўнутранай бяспекі ў памежнай паласе шырынёй 30 км у цесным супрацоўніцтве з паліцыяй. Супрацоўнікі КАП таксама вялі разведвальную дзейнасць. Цікава, што памежнае фармаванне праводзіла шырокую дзейнасць на карысць мясцовых супольнасцяў, каб заваяваць давер насельніцтва. Яны ўключалі арганізацыю культурных і адукацыйных мерапрыемстваў, салдаты КАП аказвалі падтрымку ў выпадку стыхійных бедстваў, напрыклад, паводак. Мясцовае насельніцтва таксама карысталася вайсковай медыцынскай і ветэрынарнай дапамогай.
Дабрачынны абед для мясцовага насельніцтва, арганізаваны КАП, 1929 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
У першыя гады функцыянавання КАП вялізнай праблемай для камандавання было стварэнне належнай інфраструктуры для забеспячэння жыллём вайскоўцаў. Да 1931 года было пабудавана больш за 100 памежных вартавых вышак і мноства іншых збудаванняў. Важна, што ўсе яны былі злучаныя тэлефоннай сеткай, створанай з нуля.
Застава КАП, 1928 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Пасля нападу Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 гады салдаты і афіцэры КАП прынялі ўдзел у баях супраць агрэсара.
У сваю чаргу пасля агрэсіі Савецкага Саюза супраць Польшчы 17 верасня захопнікам супрацьстаялі ў асноўным войскі КАП, імкнучыся як мага даўжэй затрымаць прасоўванне савецкіх войскаў.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл