Запрашаем на размову з дарадцам Святланы Ціханоўскай Дзянісам Кучынскім пра бачанне офісам таго, якой павінна быць стратэгія Еўропы ў дачыненні да Беларусі ў кантэксце бяспекі рэгіёну, у прыватнасці, Польшчы і балтыйскіх краін.
Пазіцыя офіса Святланы Ціханоўская заключаецца ў разуменні, што без Беларусі немагчыма думаць пра бяспечную Еўропу, гаворыць Кучынскі.
— Таму што Беларусь яднае не толькі тысячакіламетровая мяжа з Украінай, але і мяжа з краінамі НАТА. Без бяспечнай Беларусі цяжка ўявіць доўгатэрміновую бяспечную Еўропу. Мы падкрэсліваем важнасць захавання ціску на Лукашэнку, у тым ліку за дапамогу рэжыму ў вайне супраць Украіны. Іншым пасылам, які мы хочам данесці, гэта каб Беларусь не стала суцяшальным прызам для Пуціна, калі будуць ісці размовы пра мір. Бо без Беларусі карціна бяспечнай Еўропы будзе няпоўная. Гэта будзе толькі пытанне, калі наступіць нейкая новая форма атакі. Пытанне рэгіёну важна вырашаць комплексна.
Дзяніс Кучынскі тлумачыць, чаму офіс Святланы Ціханоўскай выступае за ціск, і якім чынам ціск паўплывае на тое, каб Беларусь не засталася «суцяшальным прызам» для Пуціна. Паводле яго, дыктатары, у тым ліку Пуцін і Лукашэнка, адказваюць толькі на мову сілы. Перамовы з імі не прыводзяць да поспеху, а таму з імі трэба размаўляць з пазіцыі сілы.
— Санкцыйны ціск — гэта адна з формаў. Зразумела, гэта не панацэя, якая ўсё вырашыць. Але з розных інструментаў санкцыйны ціск адзін з тых, што працуе. Санкцыі зачыняюць лазейкі, каб у рэжыма ў Маскве не было больш магчымасцяў абыходу санкцый, для дапамогі ваенным прадпрыемствам. А мы бачым, што для гэтага выкарыстоўваецца Беларусь. Мы кажам пра патрэбу стратэгічнай паслядоўнасці. Тая палітыка, якая выпрацавана ў Еўропе ў дачыненні да Масквы і Мінска, павінна быць паслядоўнай.
Як у такім выпадку офіс Святланы Ціханоўскай ставіцца да адмены некаторых санкцый з боку ЗША? Дзяніс Кучынскі нагадвае, што яшчэ ў часы папярэдніх прэзідэнцкіх тэрмінаў былі ўведзены розныя пакеты санкцый, агулам іх было каля 300. Каля 80% з іх былі ўведзены за парушэнне правоў чалавека і фальсіфікацыю выбараў. 20% — за саўдзел у вайне ва Украіне.
— І гэтую частку — 20% — амерыканская адміністрацыя не кранае. Але ЗША дзеля вызвалення палітвязняў сапраўды робяць паслабленне ў гэтых 80% санкцый. Аднак без удзелу Еўропы адмененыя санкцыі не могуць у гаманец Лукашэнкі адразу прыносіць значныя сродкі. Атрымліваецца, што з аднаго боку яны даюць больш прасторы для манеўра, але не даюць прыбытку. Таму роля Еўропы вызначальная. На нашу думку, цяпер не час, каб даваць рэжыму паблажкі, бо ўнутры краіны ў плане рэпрэсій нічога не мяняецца.
Дзяніс Кучынскі гаворыць, што ў выніку размоў з еўрапейскімі палітыкамі яны бачаць, што няма планаў даваць Лукашэнку пернік.
ав
слухайце аўдыё