Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ні Пуцін, ні Трамп не зацікаўленыя ў заканчэнні войнаў на Блізкім Усходзе і ва Украіне — эксперт

29.10.2026 18:50
Тлумачым, якая ўзаемасувязь паміж выбарамі ў Ізраілі, мірам у рэгіёне і расійска-ўкраінскай вайной.
Аўдыё
  • Ні Пуцін, ні Трамп не зацікаўленыя ў заканчэнні войнаў на Блізкім Усходзе і ва Украіне — эксперт
Будынак ізраільскага КтэсетуEPA/ABIR SULTAN EPA Dostawca: PAP/EPA.

Парламенцкія выбары ў Ізраілі не прынеслі адназначнага выніку. На гэты момант, пасля падліку больш як 93% галасоў, ні блок прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху, ні апазіцыя на чале з Гадзі Айзенкотам не атрымалі неабходнай большасці — гэта 61 мандат у Кнэсеце, які налічвае 120 дэпутатаў. Яўка выбаршчыкаў склала рэкордныя 77,7%. Пра вынікі выбараў і магчымыя палітычныя сцэнары мы размаўляем з экспертам па Блізкім Усходзе, былым журналістам Польскага радыё, Марыюшам Баркоўскім.

Што найбольш здзівіла вас на гэтых выбарах?

— Па-першае, велізарная мабілізацыя прыхільнікаў Нетаньяху і яго правага блока. Яны зрабілі стаўку на моладзь. Ужо апытанні паказвалі, што дзве траціны новых выбаршчыкаў будуць галасаваць за правых, за Нетаньяху, які пазіцыянуе сябе як моцнага лідара, здольнага гарантаваць бяспеку Ізраілю. Другі момант — умелае выкарыстанне сучасных тэхналогій. Ультраправыя на працягу апошніх двух месяцаў праводзілі надзвычай інтэнсіўную кампанію ў сацыяльных сетках, скіраваную на моладзь. Частка матэрыялаў стваралася з дапамогай штучнага інтэлекту. У прыватнасці, здымаліся ролікі, у якіх апазіцыю паказвалі як пагрозу бяспецы дзяржавы. Было нават відэа, у якім ядзерны выбух знішчае Ерусалім і Тэль-Авіў.

Нягледзячы на гэтую мабілізацыю, правыя не атрымалі большасці. Хто цяпер можа вырашыць лёс будучага ўрада?

— У Кнэсеце 120 месцаў, і каб кіраваць, неабходна мець 61 мандат. Ніводная з партый не атрымала такой большасці. Вырашальную ролю могуць адыграць два арабскія выбарчыя спісы, якія прадстаўляюць палесцінцаў з ізраільскім грамадзянствам. Праблема ў тым, што і правыя, і апазіцыя адмаўляюцца ад магчымасці кааліцыі з імі. Прэзідэнт даручыць аднаму з кандыдатаў — Айзенкоту або Нетаньяху — сфармаваць урад. На перамовы адведзена 28 дзён з магчымасцю падаўжэння яшчэ на 14. Невялікія партыі могуць выстаўляць вельмі сур'ёзныя патрабаванні ў абмен за падтрымку. Яшчэ не падлічаныя ўсе галасы вайскоўцаў, сярод якіх шмат маладых выбаршчыкаў, якія падтрымліваюць Нетаньяху. Гэта можа ўзмацніць пазіцыі Нетаньяху, але наўрад ці забяспечыць яму большасць. У Ізраілі назіраецца так званая афектыўная або эмацыйная палярызацыя паміж палітычнымі блокамі. Таму стварэнне ўрада нацыянальнага адзінства — складаная задача. Прыхільнікі і партыі Нетаньяху, і Айзенкота спробу стварэння ўраду з удзелам абедзвюх палітычных сіл успрынялі б як сур'ёзную здраду.

Ці азначае гэта, што Ізраіль чакаюць новыя датэрміновыя выбары? І што ў гэты час будзе з палітыкай Нетаньяху, асабліва ў дачыненні да Ірана?

— Новыя выбары сапраўды магчымыя. Калі так будзе, то Нетаньяху застанецца часовым прэм'ер-міністрам на перыяд 28 дзён, магчыма, на дадатковыя 14 дзён, а можа і тры месяцы. Напярэдадні выбараў Нетаньяху нібыта патрабаваў ад вайсковага кіраўніцтва падрыхтаваць новы ўдар па Іране. Аднак сутыкнуўся з супрацівам з боку вайскоўцаў і амерыканскай адміністрацыі. Трамп не пагадзіўся. Нельга выключыць далейшага абвастрэння сітуацыі. Карацей, калі Нетаньяху застанецца часова на пасадзе прэм'ер-міністра, то ён працягне наносіць удары па Іране.

Якім чынам унутраная палітыка Ізраіля можа паўплываць на сітуацыю ў рэгіёне Блізкага Усходу?

— Цяпер усе асцерагаюцца, што насамрэч Ізраіль хоча стаць рэгіянальнай сілай, рэгіянальнай супердзяржавай, якая будзе дыктаваць краінам рэгіёну, што яны маюць рабіць. У сувязі з гэтым, пакуль што ў кулуарах, не адкрыта, чуваць галасы незадаволення. Напрыклад, у Эр-Рыядзе можна пачуць меркаванне, што пагрозай для Саудаўскай Аравіі і краін Персідскага заліва цяпер з'яўляецца не столькі Іран, бо ён моцна аслаблены і разбураны, колькі Ізраіль.

Якім чынам сітуацыя ў Ізраілі і канфлікт з Іранам могуць паўплываць на вайну ва Украіне?

— Трэба адзначыць, што існуе цесная сувязь паміж вайной ва Украіне і канфліктам на Блізкім Усходзе. Пуцін вельмі зацікаўлены ў тым, каб канфлікт на Блізкім Усходзе працягваўся. Па-першае, гэта звязана з адносінамі паміж саюзнікамі, у тым ліку з дапамогай у выглядзе спадарожнікавых даных. Чаму іранскія ракеты так дакладна траплялі ў цэлі? Дзякуючы каардынатам, атрыманым з кітайскіх і расійскіх ваенных спадарожнікаў. Частку вайсковага абсталявання —  мы дакладна не ведаем, якім чынам, — але Пуцін пастаўляе Тэгерану. Акрамя таго, Амерыка і ўвесь свет занятыя праблемай нафты, зацяжным канфліктам, бо насамрэч на Блізкім Усходзе няма ні вайны, ні міру — у такой сітуацыі ўсе хочуць адкласці пытанне Украіны. Пуцін, відавочна, цісне на Трампа, маўляў, калі мы вырашым украінскае пытанне так, як я хачу, то, магчыма, дапаможам вам урэгуляваць праблему на Блізкім Усходзе, гэта значыць спынім дапамогу Ірану.

Трамп, верагодна, хацеў бы наладзіць яшчэ больш цесныя, лепшыя адносіны з Расіяй за кошт Украіны — гэта відавочна. І адначасова ён хацеў бы пазбавіцца ад праблемы Блізкага Усходу — гэтыя пытанні абсалютна ўзаемазвязаныя. Амерыканскія карпарацыі атрымліваюць прыбытак ад таго, што экспартуюць паліва па высокіх цэнах. Пуцін таксама атрымлівае выгаду.

Менавіта таму ўрэгуляванне як вайны ва Украіне, так і вайны на Блізкім Усходзе вельмі цяжкае і складанае, бо існуе занадта шмат фактараў, якія адыгрываюць вырашальную ролю. І перадусім гэта таксама фактары, звязаныя з прэстыжам: неабходнасць захаваць твар Пуціну, паказаць, што ён не прайграў вайны; захаваць твар Трампу, паказаць, што ён не прайграў вайны на Блізкім Усходзе; і захаваць твар Тэгерану, паказаць, што ён не прайграў вайны. Але ёсць таксама фінансавыя фактары, і яны таксама маюць вельмі вялікае, вырашальнае значэнне.

Гэта былі фрагменты інтэрв'ю з Марыюшам Баркоўскім, экспертам па Блізкім Усходзе, якое запісала Сняжана Чэрнік.

Баркоўскі сцвярджае яшчэ, што незалежна ад таго, хто сфармуе новы ўрад Ізраіля, у гэтай краіне не адбудуцца значныя змены ў знешняй палітыцы, у тым ліку адносна палесцінцаў. Эксперт мяркуе, што ў Ізраілі адбываецца рэзкі паварот направа, прычым не толькі сярод ізраільскіх палітыкаў, але і сярод моладзі.

Апрацавала Яланта Смялоўская