Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Спрэчка вакол Канстытуцыйнага суда абвастраецца

31.10.2026 11:34
Тлумачым, што адбываецца ў Польшчы ў справе Канстытуцыйнага суда. 
Канстытуцыйны судPAP/Radek Pietruszka

Пасля рашэння суддзі Ганны Корвін-Пятроўскай прыпыніць на месяц паўнамоцтвы старшыні Канстытуцыйнага суда Богдана Свянчкоўскага і яго намесніка Бартламея Саханскага, прэзідэнт Караль Наўроцкі спыніў сваю паездку ў Сенегал і вярнуўся ў Варшаву.

Уначы, пасля сустрэчы з першым старшынём Вярхоўнага суда Збігневам Капінскім і старшынём Канстытуцыйнага суду Богданам Свянчкоўскім, ён прыбыў у штаб-кватэру суда і ў суправаджэнні Капінскага і іншых увайшоў у будынак, адкуль выйшаў раніцай. Каля суда працягваюцца пратэсты прыхільнікаў апазіцыі, адбыліся сутычкі з паліцыяй.

— Іншага шляху няма, — заявіў прэм'ер-міністр Дональд Туск. — Аднаўленне вяршэнства закона — наш абавязак. Пасля гадоў беззаконня ПіС гэта складаны, часам балючы працэс, які патрабуе рашучых дзеянняў, — напісаў прэмʼер-міністр у сацыяльных сетках учора (30 кастрычніка).

Калі прэзідэнт увайшоў у будынак суда, паявілася інфармацыя пра сутычкі, у тым ліку з удзелам Ганны Корвін-Пятроўскай і суддзі Канстытуцыйнага суда Крысціяна Маркевіча.

— Прэзідэнт фізічна напаў на суддзю Канстытуцыйнага суда Ганну Корвін-Пятроўскую і іншых суддзяў Канстытуцыйнага суда, — напісаў на платформе X суддзя Мацей Бэрэк, абраны Сеймам. — Суддзя Канстытуцыйнага суда Ганна Корвін-Пётроўска некалькі разоў сёння прапанавала сустрэцца з прэзідэнтам у бяспечным і годным асяроддзі для дзяржаўных служачых. Прэзідэнт абраў шлях фізічнай канфрантацыі з суддзёй Корвін-Пятроўскай, — напісаў Мацей Берэк на партале X.

Ужо ў суботу Бэрэк зрабіў допіс, дзе паінфармаваў, што ніхто не штурхаўся з прэзідэнтам.

— Ніхто не штурхаўся з прэзідэнтам, і ніхто не змагаўся з ім, — падкрэсліў Бэрэк у паведамленні на партале X.

Так ён адрэагаваў да відэа, якое апублікаваў раней, на якім відаць, як прэзідэнт спрабуе праціснуцца праз людзей ля ўваходу ў суд і трапіць ў будынак.

— Маркевіч і Корвін-Пятроўска спрабавалі накінуцца на прэзідэнта! Яны парушаюць недатыкальнасць кіраўніка дзяржавы, які прыбыў у Канстытуцыйны суд. ! гэта суддзі? Яны павінны забяспечваць выкананне закона? Яны бандыты, якія ўжываюць гвалт, — напісаў міністр у канцылярыі прэзідэнта Марцін Пшыдач на партале X.

— Канфлікт вакол Канстытуцыйнага суда Польшчы тычыцца аднаўлення вяршэнства закона ва ўстанове, якая была палітызавана папулісцкім урадам, які страціў уладу на выбарах 2023 года. Іх лідар неаднаразова парушаў закон, перадаючы палітычна значныя справы старанна адабраным суддзям. Суд не быў здольны нават прыняць уласны бюджэт, — напісаў у сацыяльных сетках міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.


Паліцыя перад судом Паліцыя перад судом

Прэс-сакратар прэзідэнта Рафал Ляшкевіч апублікаваў мінулай ноччу фота з Канстытуцыйнага суда. На ім прэзідэнт Караль Наўроцкі хафіксаваны ў суправаджэнні першага старшыні Вярхоўнага суда Збігнева Капінскага, кіраўніка канцылярыі прэзідэнта Збігнева Багуцкага, кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі Барташа Градэцкага і віцэ-старшыні суда Барталамея Саханскага.

— Дональд Туск павінен як мага хутчэй несці палітычную і юрыдычную адказнасць за тое, што сёння назіраюць Польшча і ўвесь свет, — напісаў Павал Шэфернакер.

Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта абвінаваціў прэмʼер-міністра ў тым, што ён прывёз у Варшаву тысячы паліцэйскіх напярэдадні Дня ўсіх святых, якія, як ён напісаў на партале X, павінны быць са сваімі семʼямі або абараняць палякаў. Паводле слоў Шэфернакера, Дональд Туск, каб, як ён выказаўся, атрымаць яшчэ больш улады для сябе, «выклікае дзяржаўны крызіс і прадстаўляе Польшчу ўсяму свету як нестабільную краіну. Ён рызыкуе польскай бяспекай».

Заява аб прыпыненні выканання абавязкаў старшыні і віцэ-старшыні Канстытуцыйнага суда была апублікавана на яго сайце. Папярэдняе кіраўніцтва аспрэчыла гэтае рашэнне. У профілі Канстытуцыйнага суда на сайце X быў размешчаны пост пра «незаконны захоп вэб-сайта ўстановы. Асобы, якія ўдзельнічалі ў гэтых дзеяннях, былі абвінавачаныя ў дзяржаўным перавароце».


	PAP/Radek Pietruszka PAP/Radek Pietruszka

Прэзідэнт Караль Наўроцкі сёння склікае тэрміновыя кансультацыі з прадстаўнікамі парламенцкіх сіл адносна сітуацыі ў Канстытуцыйным судзе. Поўны тэкст заявы па гэтым пытанні апублікаваны на сайце Канцылярыі прэзідэнта.

— Сёння ўначы быў парушаны канстытуцыйны лад Рэспублікі Польшча і гвалтоўна захоплены канстытуцыйны орган дзяржавы. Я пракансультаваўся з першым старшынём Вярхоўнага суда Збігневам Капіньскім, які таксама не прызнае законнымі дзеянні тых, хто ўзурпуе ўладу ў Канстытуцыйным судзе. Я заклікаю да аднаўлення правапарадку і эвакуацыі памяшканняў суда сіламі, якія на месца скіраваў урад.

Я паспрыяў таму, каб у суд змог зайсці законны дзеючы віцэ-старшыня, суддзя Бартламей Саханскі. З-за пагрозы ўнутранай бяспецы Рэспублікі Польшча я сёння склікаю тэрміновыя кансультацыі з прадстаўнікамі парламенцкіх сіл для стабілізацыі палітычнай сітуацыі і аднаўлення канстытуцыйнага парадку. Дзякую ўсім, хто стаіць перад Канстытуцыйным судом у абароне Канстытуцыі Рэспублікі Польшча, — гаворыцца ў заяве прэзідэнта Караля Наўроцкага.

ав