94 гады таму пасаду міністра замежных спраў Польшчы заняў палкоўнік Юзэф Бэк. Быў адным з важнейшых польскіх палітыкаў даваеннага перыяду, уваходзіў у блізкае акружэнне маршала Пілсудскага. Яго палітыка, заснаваная на дактрыне «роўнай адлегласці», завяршылася геапалітычнай катастрофай у верасні 1939 года, але яго імя назаўжды ўвайшло ў польскую гісторыю як сімвал бескампраміснага адстойвання нацыянальнага гонару і нацыянальных інтарэсаў.
У гісторыі еўрапейскай дыпламатыі XX стагоддзя постаць міністра замежных спраў Польшчы Юзэфа Бэка застаецца адной з самых трагічных і дыскусійных. Займаючы пасаду кіраўніка МЗС з 2 лістапада 1932 года па 1939 год Бэк увасабляў спробу даваеннай Польшчы абараніць свой суверэнітэт за кошт складанага лавіравання паміж таталітарнымі імперыямі — нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам.
Юзэф Бэк нарадзіўся ў 1894 годзе ў Варшаве, а яго юнацкія гады супалі з эпохай бурных узрушэнняў. З пачаткам Першай сусветнай вайны ён уступіў у Польскія легіёны Юзэфа Пілсудскага, прайшоўшы шлях ад кадэта да палкоўніка артылерыі. Вопыт савецка-польскай вайны 1919–1921 г.г. умацаваў у ім глыбокі недавер да ўсходняга суседа. Бэк стаў заўзятым «пілсудчыкам» — так называлі палітыкаў і афіцэраў, адданых маршалу Пілсудскаму, — і ўдзельнікам Майскага перавароту 1926 года, пасля якога вайсковая эліта, так званы рэжым «санацыі», узяла ўладу ў свае рукі.
Перад тым як узначаліць МЗС, Бэк служыў ваенным аташэ ў Парыжы, быў таксама намеснікам міністра замежных спраў. Смерць маршала Пілсудскага ў 1935 годзе зрабіла Бэка фактычна аднаасобным архітэктарам польскай знешняй палітыкі. Ён строга прытрымліваўся завяшчання свайго патрона: Польшча — вялікая дзяржава, яна не павінна залежаць ні ад Берліна, ні ад Масквы, а любыя саюзы з імі — смяротна небяспечныя.
Падпалкоўнік Юзэф Бэк, канец 1920-х гадоў. Narodowe Archiwum Cyfrowe
Асновай стратэгіі Бэка стала «палітыка раўнавагі». Апынуўшыся ў цісках паміж рэваншысцкай Германіяй і бальшавіцкай Расіяй, Варшава імкнулася засцерагчы сябе дамовамі з абодвума бакамі. Так, у 1932 годзе быў падпісаны польска-савецкі пакт аб ненападзенні. У сваю чаргу ў 1934 годзе Бэк здзейсніў сенсацыйны манеўр, заключыўшы Дэкларацыю аб непрымяненні сілы з гітлераўскай Германіяй.
У сярэдзіне 1930-х гадоў Бэку ўдавалася падтрымліваць бачнасць стабільнасці. Французскія газеты абвінавачвалі яго ў «прагерманскім курсе», аднак для польскага міністра гэта была толькі тактычная гульня. Ён рэгулярна адкідаў настойлівыя прапановы Берліна ўступіць у Антыкамінтэрнаўскі пакт і пачаць сумесны паход на СССР. Адначасова з гэтым Бэк скептычна ставіўся да Лігі Нацый, лічачы яе слабой арганізацыяй, і ў 1934 годзе дэманстратыўна адмовіўся ад супрацоўніцтва ў рамках міжнароднай сістэмы абароны правоў нацменшасцяў. Гэты факт, дарэчы, часта згадваецца ў кантэксце беларускай нацыянальнай меншасці — адной з найбуйнейшых у даваеннай Польшчы.
Юзэф Бэк выходзіць з цягніка на вакзале ў Варшаве. 1933 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe
Бэку таксама не ўдалося рэалізаваць дактрыны «роўнай адлегласці», звяртае ўвагу гісторык, прафесар Анджэй Новак.
— Ані ў Маскве, ані ў Германіі не ўяўлялі, што Польшча будзе знаходзіцца «на роўнай адлегласці» ад гэтых дзвюх сталіц. Яны ўяўлялі Польшчу, падпарадкаваную альбо Германіі, альбо Савецкаму Саюзу. А калі гэта немагчыма, то Польшчу неабходна ліквідаваць.
І гэта была агульная палітычная лінія Масквы і Берліна з часоў Рапальскіх пагадненняў 1922 года. Калі Польшча не можа быць цалкам нашай, савецкай, ці цалкам нашай, нямецкай, то давайце падзелім яе прыкладна пароўну. Менавіта так разглядаліся адносіны з Польшчай з перспектывы Масквы і Берліна.
І ў гэтым была трагедыя палітыкі «роўнай адлегласці». Тым не менш, яе сэнс заключаўся ў тым, каб адкласці, хаця б на нейкі час, на некалькі гадоў, успрыманне Польшчы як краіны, якой непасрэдна пагражае агрэсія з боку Масквы і Берліна. Гэта рабілася для таго, каб да Варшавы больш сур'ёзна ставіліся ў заходніх сталіцах — у Парыжы і Лондане. Не як да просьбіткі, якой у любы момант пагражае напад з Усходу ці Захаду, а як да краіны, якая ўрэгулявала адносіны са сваімі небяспечнымі суседзямі і хоча абмяркоўваць еўрапейскую бяспеку з Парыжам і Лонданам як амаль раўнапраўны ці цалкам раўнапраўны партнёр.
Маршал Эдвард Рыдз-Сміглы (у цэнтры) у акупаванай Цешынскай Сілезіі, 1938 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe
Крытычным момантам у карʼеры Бэка стаў 1938 год. Падчас Мюнхенскага крызісу, калі нацысцкая Германія дзяліла Чэхаславакію, Польшча высунула Празе ўльтыматум і анексавала Цешынскую Сілезію. З пункту гледжання Бэка, гэта было «вяртаннем гістарычных польскіх земляў» і дэманстрацыяй сілы.
Аднак, паводле гісторыкаў, гэты крок стаў каласальнай дыпламатычнай і маральнай памылкай. Польшча фактычна выступіла ў ролі саўдзельніка Гітлера, разбурыўшы рэшткі сістэмы калектыўнай бяспекі ў Цэнтральнай Еўропе і наблізіўшы ўласную ізаляцыю. Праект Бэка па стварэнні блока «Трэцяя Еўропа» (саюза краін ад Балтыкі да Чорнага мора, здольнага стрымаць і Гітлера, і Сталіна) канчаткова праваліўся.
Юзэф Бэк з жонкай Ядвігай на чыгуначным вакзале ў Варшаве, 1938 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe
Увосень 1938 года Гітлер скінуў маску «сябра Польшчы» і высунуў Варшаве жорсткія патрабаванні: перадача Данцыга (Гданьска) Трэцяму Рэйху і прадастаўленне экстэрытарыяльнага калідора праз польскую тэрыторыю ва Усходнюю Прусію. На працягу некалькіх месяцаў Бэк вёў зацяжныя перамовы, спрабуючы выйграць час і спадзеючыся на дапамогу заходніх саюзнікаў.
Гістарычны трыумф і адначасова трагедыя Юзэфа Бека наступілі 5 мая 1939 гады. Выступаючы ў Сейме, ён вымавіў сваю самую знакамітую прамову, адказваючы на пагрозы Гітлера.
— Мір — рэч каштоўная і жаданая. Нашае пакаленне, якое праліло кроў у войнах, безумоўна, заслугоўвае міру. Але мір, як і амаль усе рэчы ў гэтым свеце, мае свой кошт — высокі, але вымерна. Мы ў Польшчы не ведаем паняцця міру любой цаной. У жыцці людзей, дзяржаў і народаў ёсць толькі адна рэч, якая не мае цаны. Гэта — гонар.
Гэтыя словы выклікалі бурныя авацыі ў парламенце, але геапалітычная рэальнасць была бязлітасная. Атрыманыя вясной 1939 года гарантыі ад Вялікабрытаніі і Францыі аказаліся дэкларатыўнымі. Заключэнне пакта Молатава-Рыбентропа ў жніўні 1939 года зацягнула пятлю на шыі Другой Рэчы Паспалітай.
1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу, а 17 верасня ўдар у спіну нанёс Савецкі Саюз. Знешнепалітычная канцэпцыя Юзэфа Бэка пацярпела поўнае фіяска. Урад Польшчы быў вымушаны бегчы. Бэк перасёк мяжу з Румыніяй, дзе спадзяваўся транзітам выехаць на Захад, але пад ціскам Берліна румынскія ўлады інтэрнавалі яго.
Астатнія гады жыцця экс-міністр правёў у цяжкіх умовах пад хатнім арыштам у Румыніі. Ён пісаў мемуары, спрабуючы асэнсаваць прычыны катастрофы і абараніць свае рашэнні. Цяжка захварэўшы на туберкулёз, Юзэф Бэк памёр 5 чэрвеня 1944 года ў сяле Штанешці, так і не ўбачыўшы вызвалення сваёй радзімы. У 1991 годзе яго прах перавезлі ў Варшаву і перапахавалі на вайсковых могілках Павонзкі.
Юзэф Бэк застаўся ў гісторыі трагічнай фігурай «міністра перадваеннага крызісу». Яго часта папракаюць у залішнім гонары, недальнабачнасці і недаацэнцы таталітарных рэжымаў. Аднак ва ўмовах, калі вялікія дзяржавы Захаду практыкавалі палітыку «прымірэння агрэсара», у Бэка практычна не было добрых варыянтаў. Выбраўшы шлях бескампраміснага супраціву замест капітуляцыі, ён вызначыў лёс Польшчы ў 1939 годзе, але захаваў яе дзяржаўную годнасць для будучых пакаленняў.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл