Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Судныя дні ў Канстытуцыйным судзе ў Польшчы

02.11.2026 14:10
Без пагаднення найважнейшы суд Польшчы сутыкнецца з фінансавым паралічам.
Аўдыё
  • У апошнія выходныя спрэчка вакол Канстытуцыйнага суда ў Польшчы ўступіла ў сваю найбольш гарачую фазу
Канстытуцыйны судPAP/Radek Pietruszka

У апошнія выходныя спрэчка вакол Канстытуцыйнага суда ў Польшчы ўступіла ў сваю найбольш гарачую, беспрэцэдэнтную фазу, што прывяло да пратэстаў і фізічнага супрацьстаяння ў сядзібе гэтай установы.

Між тым, праблема з Канстытуцыйным судом у Польшчы заключаецца не толькі ў глыбокай спрэчцы аб тым, хто ўваходзіць у яго склад, хто мае права ў ім старшынстваваць і ці яго рашэнні абавязковыя да выканання ўвогуле. Канфлікт прывёў да сітуацыі, калі ў краіне існуюць два супярэчлівыя прававыя парадкі (так званы прававы дуалізм), а гэта мае сур’ёзныя наступствы таксама для звычайных грамадзян Польшчы.

З чаго ўсё пачалося?

Канфлікт успыхнуў у 2015 годзе, калі сыходзячая ўрадавая кааліцыя «Грамадзянскай платформы» і Польскай сялянскай партыі прызначыла пяць новых суддзяў Канстытуцыйнага суда, у тым ліку дваіх «загадзя», то бок на месцы, што вызваляліся толькі ў снежні, то бок ужо пасля парламенцкіх выбараў. Апазіцыя раскрытыкавала гэты факт, а прэзідэнт Анджэй Дуда адмовіўся прымаць прысягу ў абраных такім чынам суддзяў.

Сейм новага склікання, у якім большасць атрымала «Права і справядлівасць», ануляваў гэтыя пастановы, прызначыў пяць сваіх суддзяў на тыя ж пасады, а прэзідэнт хуценька прыняў прысягу ад чатырох з іх яшчэ да паседжання Канстытуцыйнага суда.

Між тым, Канстытуцыйны суд (тады пад старшынствам Анджэя Жэпліньскага) пастанавіў, што абранне суддзяў на месцы, якія вызваляліся ў лістападзе, адпавядала Канстытуцыі, але абранне суддзяў «загадзя», то бок на снежаньскія вакансіі – не.
У выніку суддзяў, абраных новым Сеймам, якія занялі ўжо занятыя месцы, сталі называць «суддзямі-дублёрамі».

Канстытуцыйны суд у складзе з «суддзямі-дублёрамі» выклікаў крытыку міжнародных інстытуцый, у тым ліку, Еўрапейскага суда па правах чалавека, Еўрапейскай камісіі і Венецыянскай камісіі, якія звярталі ўвагу на парушэнні прынцыпаў вяршэнства права ў Польшчы.

Калі да ўлады вярнулася цяперашняя кааліцыя («Грамадзянская кааліцыя» — «Трэцяя дарога» — «Новыя левыя сілы»), урад пачаў ігнараваць рашэнні Канстытуцыйнага суда, тлумачачы, што з-за прысутнасці «суддзяў-дублёраў» ён дзейнічае незаконна. Сярод прынятых мер было і прыпыненне публікацыі яго рашэнняў.

Сітуацыя рэзка абвастрылася вясной 2026 года, калі скончыўся тэрмін паўнамоцтваў чарговай групы суддзяў, а прэзідэнт Караль Наўроцкі адмовіўся прымаць прысягу ў большасці новых кандыдатаў. Суддзі, якія не атрымалі магчымасці скласці прысягу перад прэзідэнтам і зрабілі гэта падчас урачыстай цырымоніі ў Сейме і тут узніклі новыя сумневы на конт таго, ці яны мелі такое права і ці іхная прысяга дзейнічае.

У пятніцу (30 кастрычніка) Анна Корвін-Пятроўска (Anna Korwin-Piotrowska), спасылаючыся на свой статус суддзі з найбольшым стажам, выдала распараджэнне аб неадкладным прыпыненні выканання службовых абавязкаў старшынёй суда Багданам Свянчкоўскім (Bogdan Świączkowski) і яго намеснікам Барталамеем Саханьскім (Bartłomiej Sochański). Фактычна гэта азначала іх адхіленне ад працы.

Калі новаабраныя суддзі і прадстаўнікі кіроўнай большасці паспрабавалі прыступіць да выканання сваіх абавязкаў у будынку Канстытуцыйнага суда дайшло да акупацыі сядзібы, сутычак і дэманстрацыяў прыхільнікаў апазіцыі.

У сваю чаргу, калі прэзідэнт Караль Наўроцкі адмяніў дыпламатычны візіт у Сенегал і ўначы прыбыў у сядзібу Суда. Гэта прывяло да штурханіны і фізічных сутычак з суддзямі, якія знаходзіліся на месцы. Што, як заяўляюць бакі, можа скончыцца скаргамі ў пракуратуру адносна ўзаемных парушэнняў асабістай недатыкальнасці.

У суботу (31 кастрычніка) прэзідэнт сустракаўся з лідарамі некалькіх парламенцкіх фракцыяў па справе сітуацыі ў Судзе. Палітыкі прадставілі свае прапановы наконт вырашэння канфлікту: ад глыбокай рэформы працы Суда, прамых перамоваў паміж урадам і прэзідэнтам, да адстаўкі ўраду Дональда Туска. У сваю чаргу лідары «Грамадзянскай кааліцыі» і «Новых левых сілаў» цалкам байкатавалі сустрэчу ў Прэзідэнцкім палацы.

Ці можа прэзідэнт дапамагчы?

Прэзідэнт не можа вырашыць крызісу ў Канстытуцыйным судзе, бо ў яго няма такіх паўнамоцтваў, пераконвае адвакат Тыматэуш Папроцкі (Tymoteusz Paprocki). Адвакат звяртае ўвагу на сістэму падзелу ўлады ў Польшчы, якая выразна вызначае паўнамоцтвы выканаўчай улады.

— Прэзідэнт можа ў канчатковым выніку прывесці да прысягі ўсіх суддзяў, і тым самым вырашаючы праблему са складам суда; ён можа імкнуцца да кампрамісу праз дарадчыя органы і спрабаваць выпрацаваць нейкі кампраміс. Аднак у канчатковым выніку ўсе ўнутраныя рашэнні прымае старшыня суда і Генеральная асамблея суддзяў, то бок усе суддзі, якія ў мі працуюць, — кажа адвакат.

Ці дзяржава можа функцыянаваць і без Канстытуцыйнага суда? Тэарэтычна так, лічыць старшыня Вышэйшай рады адвакатаў Пшэмыслаў Расаці (Przemysław Rosati).

— Дзяржава можа функцыянаваць і без Канстытуцыйнага суда, бо Асноўны закон бярэ пад увагу «размыты канстытуцыйны кантроль». То бок кожны суд, у індывідуальнай справе, можа праверыць ці адпавядае Канстытуцыі норма, на падставе якой суддзя павінен выносіць рашэнне, ці змяшчаецца яна ў нейкім законе або Кодэксе. Гэта нейкі выхад. Мы часткова дзейнічалі такім чынам і дагэтуль. Вось чаму я кажу, што без Канстытуцыйнага суда неяк функцыянаваць можна, – кажа адвакат.

Гульня для выбаршчыкаў

У сваю чаргу эксперт па палітычным маркетынгу Матэвуш Сабат (Mateusz Sabat) заявіў, што галоўныя гульцы палітычнай спрэчкі – «Грамадзянская кааліцыя» і «Права і справядлівасць» – атрымліваюць выгаду ад палярызацыі грамадства вакол сітуацыі ў Канстытуцыйным судзе.

— Гэта спроба паказаць сілу і даказаць, што выбарчыя аб’яцанні з 2023 года рэалізуюцца. Гэта таксама спроба далейшай палярызацыі грамадства, бо ў такой сітуацыі, як «Грамадзянская кааліцыя» так і «Права і справядлівасць», адчуваюць сябе найбольш камфортна. Мы бачылі гэта на выходных: гэтыя меншыя партнёры былі маргіналізаваны або, у лепшым выпадку, адыгрывалі дапаможную ролю, — кажа эксперт.

Пры нагодзе таксама Караль Наўроцкі спрабуе стварыць імідж моцнага і рашучага палітыка, які ратуе дзяржаўныя інстытуты, кажа сацыёлаг з Універсітэта Civitas Павел Мараноўскі (Paweł Maranowski).

— Гэта вобраз чалавека, які не баіцца сутыкнення, нават фізічнага, як мы бачым. Гэта падабаецца выбаршчыкам, асабліва з кансерватыўнага боку, — кажа сацыёлаг.

Гэта шанец на завяршэнне спрэчкі

Між тым на заўтра (3 лістапада) суддзя Анна Корвін-Пятроўска склікала паседжанне Генеральнай асамблеі суддзяў Канстытуцыйнага суда. Пасяджэнне можа быць паваротным момантам: на ім будуць вырашацца пытанні фінансаў установы, падсправаздачнасці яе цяперашніх кіраўнікоў і таго, хто ў канчатковым выніку кантралюе Суд.

Асамблея можа паспрабаваць выбраць новых кандыдатаў на пасаду старшыні і віцэ-старшыні Канстытуцыйнага суда, якія будуць прадстаўлены прэзідэнту для зацвярджэння. Гэта шанец на завяршэнне спрэчкі.

Між тым, суддзі, абраныя па рэкамендацыі партыі «Права і справядлівасць», афіцыйна абвясцілі аб поўным байкоце заўтрашняга паседжання.

Якія наступствы для звычайнага грамадзяніна?

Канфлікт вакол Канстытуцыйнага суда – гэта не проста «вайна на вяршыні ўлады». Ён выклікае велізарны прававы хаос у краіне. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра прававую нявызначанасць і магчымы падрыў рашэнняў, вынесеных судамі. У сваю чаргу, канфлікт паміж урадам, прэзідэнтам і Канстытуцыйным судом блакуе любыя прававыя рэформы, бо кожны бок адхіляе рашэнні і законнасць дзеянняў другога.

IAR/кс/аз



Спрэчка вакол Канстытуцыйнага суда абвастраецца

31.10.2026 11:34
Тлумачым, што адбываецца ў Польшчы ў справе Канстытуцыйнага суда. 

Паглыбленне грамадскай палярызацыі і эскалацыя канфлікта вакол Канстытуцыйнага суда спрыяюць расійскай і беларускай прапагандзе

31.10.2026 14:23
У Польшчы спрэчка на тэму Канстытуцыйнага суда выбухнула чарговы раз, адбыліся сутычкі і ўмяшанне паліцыі.

Прэзідэнт Караль Наўроцкі правёў шэраг сустрэч з кіраўнікамі парламенцкіх груп на тэму крызіса ў Канстытуцыйным судзе

31.10.2026 18:22
У пятніцу ўвечары выбухнуў крызіс. На сайце Канстытуцыйнага суда з'явілася інфармацыя аб прыпыненні абавязкаў старшыні Богдана Свянчкоўскага і віцэ-старшыні Бартламея Саханскага. Ганна Корвін-Пятроўска, як суддзя з самым доўгім стажам, была абвешчана кіраўніком Канстытуцыйнага суда.