Інстытут развіцця і сацыяльнага рынка ў Беларусі і Усходняй Еўропе (англ.: Institute for development and social market in Belarus and Eastern Europe) — незалежны навукова-даследчы і аналітычны цэнтр, які пачаў сваю працу ў 2011 годзе. У 2012-м ён быў зарэгістраваны ў Літве.
Місія Інстытута — садзейнічанне фарміраванню ў Беларусі мадэлі плюралістычнай дэмакратыі, развітай грамадзянскай супольнасці і канкурэнтнага эканамічнага парадку, заснаванага на прыватнай ініцыятыве і сацыяльнай адказнасці бізнесу.
Зараз інстытут канцэнтруе ўвагу на даследаваннях, якія тычацца гібрыднай агрэсіі Расіі, распаўсюду рускага свету ў Беларусі і ўплыву гэтага працэсу на далейшае развіццё нашай краіны ў розных сферах.
Пра гэта Дзмітрый разважае ў студыі Беларускай службы Польскага радыё.
Якія пагрозы на сённяшні дзень існуюць для Беларусі з боку Расіі — адкрытыя і схаваныя?
— Калі казаць пра гібрыдныя пагрозы, то тут перш за ўсё трэба падкрэсліць, што Лукашэнка ўжо цалкам залежыць ад Расіі. Ён цалкам аддаў сябе ў Расіі пасля 2020 года. Крэмль фактычна з’яўляецца адзіным гарантам знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе.
Лукашэнка больш за 30 гадоў знаходзіцца ва ўладзе, і досыць паглядзець, што адбываецца ў кіраўнічых колах. Ён заўсёды тасуе ўсіх людзей. Крэмль не можа больш ні на каго паставіць, таму што Лукашэнка ведае, як утрымліваць уладу ў гэтай аўтарытарнай сістэме. Трэба пастаянна зносіць галовы тым, хто высунуўся крыху вышэй. Астатніх перакідваць, рабіць ратацыю, каб не складваліся групы ўплыву. Вось гэтыя ратацыі замяняюць яму выбары.
І таму Расія не можа ні на кога больш паставіць. Гэта значыць, ён адзіны ў гэтай сістэме. А Расіі вельмі трэба не згубіць Беларусь. Бо падзеі 2020 года паказалі, што калі народ настроены прадэмакратычна, то з аўтарытарнай краінай ён наўрад ці будзе збліжацца. І гэтыя праеўрапейскія настроі не патрэбныя Крамлю.
Трэба памятаць, што ўся прапаганда накіравана менавіта на тое, што мы сябруем з Расіяй і залежым ад яе. Таму, калі б адбыліся дэмакратычныя перамены, то ў грамадстве былі б зусім іншыя настроі, праеўрапейскія.
«Расія будзе працягваць разгойдваць сітуацыю ў Еўропе»
— Калі вярнуцца да гібрыдных пагроз, то мы зараз бачым, якім чынам Расіія выкарыстоўвае Беларусь. У розных краінах ЕС расіяне наймаюць людзей, у тым ліку беларусаў і нават былых палітвязняў для дыверсій, правакуюць міграцыйныя крызісы. Расія імкнецца дэстабілізаваць увесь рэгіён. І хутчэй за ўсё Расія скарыстаецца пратэстамі ў той жа Францыі. Расія будзе працягваць разгойдваць сітуацыю ў Еўропе ўсімі спосабамі.
У Еўропе зараз не лепшыя часы. Бо ўсё больш павялічваецца раскол паміж крайне левымі і крайне правымі сіламі, і Расія, канечне ж, імкнецца гэтым скарыстацца. Каб, у тым ліку, пазбавіць падтрымкі Украіну. Але калі ўкраінцы маюць сваю дзяржаву, якая можа іх абараніць, то беларусы не маюць такога. Яны апынуліся паміж молатам і кавадлам. А на фоне ўсяго таго што адбываецца, грамадскае меркаванне еўрапейцаў складаецца не нашу карысць.
Мы бачым ўзмацненне залежнасці Беларусі ад Расеі. Фактычна 90% лагістыкі завязана на Расіі. Гэта значыць, калі ў Расіі там штосьці здарыцца, або Расія захоча пакараць Беларусь, яна лёгка зробіць можа выклікаць эканамічны калапс у нашай краіне, таму што перакрые ўсе шляхі паставак тавараў, якія Беларусь пастаўляе на знешнія рынкі. Асноўным рынкам у нас застаецца Расія. Гэта таксама татальная залежнасць ад адной краіны. І ў выпадку, калі ў Расеі адбудзецца дэфолт гэта адаб’ецца і на Беларусі.
Чаму Лукашэнка пачаў паглядваць у бок Захаду?
— Лукашэнка зараз цалкам залежыць ад Крамля. А аднабаковая залежнасць ад адной краіны — гэта некамфортная сітуацыя. Гэта залежнасць прыводзіць да страты ўлады. Калі ў 2020 годзе Расія яго выратавала, то зараз Лукашэнку становіцца вельмі некамфортна. І Лукашэнка спрабуе павялічыць сабе поле для манёўру.
Яму ўдалося наладзіць кантакты з адміністрацыяй Трампа, развіваць палітычнае супрацоўніцтва, галоўным чынам палітычнае супрацоўніцтва, з Кітаем. Пакуль гэта прыносіць у эканамічным плане такі сабе плён, але гэта не значыць, што Лукашэнка не працягне пашыраць гэтыя магчымасці.
У любым выпадку ён будзе імкнуцца палепшыць гэтыя стасункі. Безумоўна гэта не значыць, што Лукашэнка спыніць рэпрэсіі ў Беларусі, яны ўвесь час працягваюцца. Але сітуацыя можа змяніцца ў залежнасці ад сітуацыі на фронце. Лукашэнка бачыць, што сітуацыя вельмі цяжкая для Расіі, і ён імкнецца дагадзіць і адным, і другім.
А якіх пагроз чакаць з боку Расіі?
— Пагроза яна відавочная зараз. Расія актывізуе сваю сетку і імкнецца дэстабілізаваць Еўропу. Гэта не толькі шпіёнская сетка, расіяне спрабуюць павялічыць рознага кшталту інцыдэнты, а таксама паўплываць на выбары. Вось, напрыклад, выбары ў Польшчы праз год. Відавочна, што Масква паспрабуе паўплываць на сітуацыю, каб прывесці да ўлады сілы, якія не падтрымліваюць Украіну.
Падрыхтавала Аксана Колб