Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ад беларускіх календароў да дэпутатаў у Сейме. Беларуская хрысціянская дэмакратыя – буйнейшая нацыянальная партыя даваеннай Польшчы (ФОТА)

06.11.2026 19:02
99 гадоў таму ў Вільні была заснаваная партыя беларускай нацменшасці хрысціянска-дэмакратычнай накіраванасці.
Аўдыё
  • Ад беларускіх календароў да дэпутатаў у Сейме. Беларуская хрысціянская дэмакратыя – буйнейшая нацыянальная партыя даваеннай Польшчы
       25   1933 .
Актыў БХД у Вільні падчас святкавання Акту 25 сакавіка ў 1933 годзе.Крыніца: «Спадчына» 1/2006а, аўтар невядомы, грамадскі набытак

6 лістапада 1927 года ў Вільні было заснаваная Беларускае хрысціянска-дэмакратычнае аб'яднанне – палітычная партыя беларускай нацменшасці хрысціянска-дэмакратычнай накіраванасці, якая дзейнічала на этнічна беларускіх землях даваеннай Польшчы. Варта звярнуць увагу на тое, што БХД была буйнейшай беларускай палітычнай структурай у тагачаснай Польшчы. Больш за тое, партыя мела сваіх дэпутатаў у польскім Сейме, а адным з іх быў вядомы даваенны дзеяч, ксёндз Адам Станкевіч.

Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), якая ў розныя перыяды дзейнічала таксама пад назвай Беларускае хрысціянска-дэмакратычнае аб’яднанне (БХДА), з’яўлялася адной з самых уплывовых палітычных сіл у Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Унікальнасць гэтага руху заключалася ў спробе аб’яднаць нацыянальна-вызваленчыя ідэалы з хрысціянскімі духоўнымі каштоўнасцямі, ствараючы альтэрнатыву як прапольскім сілам, так і камуністычнаму ўплыву, які ішоў з Савецкага Саюзу.

Лідары БХД. Сядзяць злева направа: Адам Станкевіч, Язэп Германовіч, Вінцэнт Гадлеўскі. Стаяць злева направа: Антон Лявош, Станіслаў Глякоўскі. Вільня, 1930-я гады. Крыніца: «Спадчына» 1/2006, грамадскі набытак Лідары БХД. Сядзяць злева направа: Адам Станкевіч, Язэп Германовіч, Вінцэнт Гадлеўскі. Стаяць злева направа: Антон Лявош, Станіслаў Глякоўскі. Вільня, 1930-я гады. Крыніца: «Спадчына» 1/2006, грамадскі набытак

Увогуле вытокі беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху сягаюць часоў Першай сусветнай вайны. Яшчэ ў 1917 годзе ў Петраградзе група беларускіх святароў і інтэлектуалаў стварыла першую арганізацыю. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, калі заходнія землі Беларусі апынуліся ў складзе Польшчы, цэнтр дзейнасці перамясціўся ў Вільню. І тут у сярэдзіне 1920-х гадоў рух аформіўся ў сурʼёзную палітычную партыю, якая афіцыйна называлася Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, а пазней, пад ціскам польскіх уладаў і з мэтай пашырэння сацыяльнай базы, рэарганізавалася ў Беларускае хрысціянска-дэмакратычнае аб’яднанне (БХДА).

Вільня, 1925 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe Вільня, 1925 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Пасля Рыжскага мірнага пагаднення, калі частка беларускай тэрыторыі ўвайшла ў склад Польшчы, шматлікія беларускія дзеячы, у тым ліку прадстаўнікі хрысціянскай плыні, прыйшлі да высновы, што сітуацыя патрабуе ад іх прыстасавання да новых умоў. Таму пачалі грамадскую і палітычную дзейнасць у новых рэаліях, гаворыць гісторык, прафесар Алена Глагоўская.

– Былі беларусы, якія прыйшлі да высновы, што пасля ўстанаўлення мяжы ў Рызе, пасля таго, як Канферэнцыя паслоў Антанты прызнала яе ў 1923 годзе, іншага шляху няма, і што неабходна функцыянаваць у межах польскай дзяржавы. Тут можна прывесці прыклад Вацлава Іваноўскага – аднаго з тых, хто пачаў беларускае адраджэнне яшчэ ў 1902 годзе ў Петраградзе. Пазней ён пакінуў беларускі рух і працаваў прафесарам у Варшаўскім політэхнічным універсітэце, фінансава падтрымліваючы розныя беларускія ініцыятывы. А з іншага боку, можна ўзгадаць такіх актывістаў, як Антон Луцкевіч, які стаў дырэктарам Беларускага музея, часткова фінансаванага польскімі ўладамі.

Праграма беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў базавалася на трох галоўных прынцыпах. Па-першае, гэта быў нацыянальны суверэнітэт. Дзеячы партыі паслядоўна выступалі за незалежнасць і непадзельнасць Беларусі, патрабавалі ад польскіх уладаў захавання правоў беларускай меншасці, стварэння нацыянальных школ ды аўтаноміі на беларускіх этнічным землях.

Беларускі селянін адпачывае на кірмашы. Заходняя Беларусь, май 1934 года. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe Беларускі селянін адпачывае на кірмашы. Заходняя Беларусь, май 1934 года. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Па-другое, партыя выступала за хрысціянскую мараль і сацыяльную справядлівасць, абапіраючыся ў сваёй праграме на ўніверсальныя хрысціянскія каштоўнасці, пры гэтым адмаўляючы класавую нянавісць бальшавікоў. Арганізацыя выступала за мірнае вырашэнне сацыяльных канфліктаў за пасярэдніцтвам хрысціянскай салідарнасці.

У вялікай ступені электаратам БХД было сялянства. У сувязі з гэтым у праграме партыі адным з важнейшых пунктаў была абазначаная аграрная рэформа. Хрысціянскія дэмакраты патрабавалі перадачы зямлі сялянам без выкупу, ліквідацыі буйнога памешчыцкага землеўладання і надзялення зямлёй беззямельных ды малазямельных беларусаў.

Беларускі хрысціянскі рух абʼяднаў вакол сябе эліту беларускага каталіцкага і праваслаўнага духавенства, але і прадстаўнікоў свецкай інтэлігенцыі. Ролю ідэйных натхняльнікаў выконвалі каталіцкія святары Фабіян Абрантовіч, Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі. Сярод свецкіх дзеячаў вылучаліся Янка Пазняк – дзед Зянона Пазняка, Адольф Клімовіч і іншыя. Асаблівую ролю ў дзейнасці партыі адыграў ксёндз Адам Станкевіч – выбітны гісторык, публіцыст і дэпутат польскага Сейма, які стаў галоўным рухавіком культурна-асветніцкай працы партыі.

Дэпутаты і сенатары Беларускага пасольскага клубу, Варшава, 1923 год. Крыніца: commons.wikimedia.org/Куфэрак Віленшчыны/CC BY-SA 4.0 Дэпутаты і сенатары Беларускага пасольскага клубу, Варшава, 1923 год. Крыніца: commons.wikimedia.org/Куфэрак Віленшчыны/CC BY-SA 4.0

У 1920-я гады прадстаўнікі БХД актыўна ўдзельнічалі ў выбарах у польскі Сейм і Сенат. Яны ўваходзілі ў склад Блока нацыянальных меншасцяў і Беларускага пасольскага клуба. Тут хацелася б звярнуць увагу на тое, што па-польску «пасол» – гэта не дыпламатычны прадстаўнік, хоць у гэтым значэнні гэтае слова раней таксама ўжывалася, але «дэпутат». Таму назву «Беларускі пасольскі клуб» на сённяшні манер можна назваць як «Беларускі дэпутацкі клуб».

Ксёндз Адам Станкевіч (сядзіць у цэнтры ў сутане) сярод дэпутатаў Беларускага пасольскага клубу ў Сейме Польшчы, 1922 год. Крыніца: ЦНБ НАН Беларусі, грамадскі набытак Ксёндз Адам Станкевіч (сядзіць у цэнтры ў сутане) сярод дэпутатаў Беларускага пасольскага клубу ў Сейме Польшчы, 1922 год. Крыніца: ЦНБ НАН Беларусі, грамадскі набытак

З трыбуны Сейма беларускія дэпутаты-хрысціянскія дэмакраты востра крытыкавалі палітыку паланізацыі, закрыццё беларускіх гімназій, асадніцтва – насяленне беларускіх зямель польскімі вайсковымі каланістамі, якія атрымлівалі зямельныя надзелы за заслугі перад польскай дзяржавай, – і эканамічнае выкарыстанне Заходняй Беларусі.

Галоўным інструментам уплыву партыі на шырокія масы была друкаваная прэса і грамадскія арганізацыі. БХД выдавала папулярную газету «Беларуская крыніца», якая выходзіла лацінкай і кірыліцай, а таксама часопіс «Хрысціянская думка».

БХД таксама стварала структуры для дасягнення сваіх палітычных і сацыяльных мэтаў. Так, быў створаны Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Гэта была культурна-асветніцкая арганізацыя, якая адкрывала чытальні, гурткі самадзейнасці і праводзіла лекцыі па ўсёй Заходняй Беларусі. Існавала некалькі каталіцкіх выдавецтваў, якія друкавалі рэлігійную і мастацкую літаратуру, падручнікі і папулярныя ў народзе календары на беларускай мове.

Мазавецкая вуліца. Варшава, канец 1930 гадоў. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe Мазавецкая вуліца. Варшава, канец 1930 гадоў. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Становішча БХД было надзвычай складаным. І хоць у пачатку 1920-х гадаў у Польшчы існавала адносная дэмакратыя, то ўжо ў другой палове, на пачатку 1930-х гадоў паліцэйскія службы пачалі ўважліва сачыць за арганізацыямі нацменшасцяў, асцерагаючыся празмернага ўплыву Савецкага Саюзу. Так, польскі адміністрацыйны апарат бачыў у партыі небяспечны інструмент «беларускага сепаратызму» і перашкаджаў беларусізацыі Касцёла. У сваю чаргу з левага боку хрысціянскі рух сутыкаўся з жорсткай канкурэнцыяй і варожасцю з боку прасавецкай КПЗБ і Беларускай сялянска-работніцкай грамады, якія вінавацілі хрысціянскіх дэмакратаў у «клерыкалізме» і супрацоўніцтве з буржуазіяй. Пасля перавароту Юзэфа Пілсудскага ў 1926 годзе і ўсталявання рэжыму Санацыі ціск на партыю толькі ўзмацніўся.

У другой палове 1930-х гадоў польскія ўлады фактычна паралізавалі дзейнасць арганізацыі. Газета «Беларуская крыніца» падвяргалася пастаяннай цэнзуры і канфіскацыям, а ў 1936 годзе была канчаткова забароненая. Сама партыя была вымушаная спыніць легальную палітычную дзейнасць. Многія яе дзеячы былі рэпрэсаваныя або інтэрнаваныя ў лагер у Картуз-Бярозе. Фінальную кропку паставіў верасень 1939 года: з прыходам савецкіх войскаў большасць лідараў БХД, якія засталіся на радзіме, былі арыштаваныя НКУС і пазней знішчаныя або адпраўленыя ў лагеры.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу