Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Be like Poland!» Каментатары адзначаюць хуткасць рэакцыі польскіх службаў на тэракт

09.11.2026 14:42
Трагічны тэракт у Кракаве выклікаў хвалю салідарнасці з боку міжнароднай супольнасці з Польшчай. Эксперты кажуць пра эфектыўныя дзеянні польскай паліцыі ды медыкаў.
Аўдыё
Месца арышту злачынца нападу на вуліцы Страдомскай у КракавеPAP/Art Service

У суботу 7-га лістапада ўзброены мужчына адкрыў агонь па мінаках на Галоўнай рынкавай плошчы Кракава. Шэсць чалавек загінулі і шаснаццаць атрымалі раненні. Падчас умяшання паліцыі злачынец атрымаў цяжкія траўмы і быў шпіталізаваны ў крытычным стане, дзе неўзабаве памёр.

Трагічны тэракт у Кракава выклікаў хвалю глыбокага спачування і салідарнасці з боку міжнароднай супольнасці. Нямецкія і брытанскія СМІ падрабязна апісалі здарэнне, звяртаючы асаблівую ўвагу на гераічныя і хуткія дзеянні польскіх паліцыянтаў, якія хутка спынілі нападніка, перадухіліўшы яшчэ большую трагедыю. Дзякуючы адпаведным дзеянням паліцыі наступствы нападу былі мінімальныя, заявіў у інтэрв'ю «Радыё Гданьск» доктар Пётр Рабакоўскі, эксперт па бяспецы з Гданьскага ўніверсітэту.

– Вар’ят прыдумаў сцэнар гэтай атакі. Цяжка такую атаку спрагназаваць і перадухіліць, затое атрымалася мінімізаваць наступствы. Страты маглі быць нашмат большымі, іх удалося абмежаваць, службы добра спрацавалі. Таксама была адпаведная рэакцыя грамадзян. Да гэтага гераічныя дзеянні паліцыянтаў, якія пачалі пагоню за тэрарыстам, маючы малыя шанцы супраць добра ўзброенага нападніка. Яны пайшлі да канца і затрымалі яго.

У Сеціве сярод каментароў прагучала шмат пазітыўных ацэнак хуткай рэакцыі польскіх службаў, звярталася ўвага на тое, што кракаўскія паліцыянты прыбылі на месца здарэння на другой хвіліне, ім удалося хутка дагнаць аўтамабіль стрэлка і нейтралізаваць яго. Госць Польскага радыё 24, былы паліцэйскі Марэк Дыяш пахваліў паліцыянтаў.

— Кожны раз, калі зʼяўляюцца пазітыўныя меркаванні, а тут іх шмат у дачыненні да дзеянні паліцыянтаў, якія паказалі сваю адвагу, – гэта для нас усіх нагода для гонару. Я ганаруся паліцыянтамі, якія штодня ідуць на службу, каб клапаціцца пра бяспеку грамадзян.

Румынскія СМІ адзначылі надзвычайную сацыяльную мабілізацыю ў Польшчы пасля нападу ў Кракаве. Вэб-сайт Digi24 падкрэсліваючы маштаб і тэмпы збору сродкаў дапамогі для пацярпелых паліцыянтаў. Чэшская Рэспубліка неадкладна ўвяла дадатковыя меры засцярогі і ўзмацніла працэдуры бяспекі ў прафілактычных мэтах, хоць мясцовыя ўлады падкрэслілі, што непасрэднай пагрозы для іх тэрыторыі няма. Тры гады таму 24-гадовы студэнт адкрыў агонь у Карлавым універсітэце і страляў па мінаках у цэнтры Прагі, забіўшы чатырнаццаць чалавек і параніўшы дваццаць пяць. У Францыі напад у Кракаве трапіў у загалоўкі газет. Сярод каментароў пераважаюць абурэнне, але таксама і пахвала паліцэйскім, якія спынілі нападніка, і патрэбы палепшыць стандарты бяспекі.

Шведская штодзённая газета Dagens Nyheter з сумам адзначыла, што сучасная Польшча раней успрымалася як краіна, свабодная ад масавых расстрэлаў, але гэты напад кардынальна змяніў сітуацыю. Пасля падзей у Кракаве эксперт па бяспецы прафесар Мацей Мільчаноўскі звярнуў увагу на неабходнасць лепшай аховы грамадскіх месцаў.

— Увесь час гандлёвыя цэнтры, ВНУ ці іншыя такія аб’екты не ахоўваюцца як трэба, бо там ёсць вартаўнікі, якія выдаюць ключы, але яны не ахоўнікі. Гэта недахоп.

Падзеі ў Кракаве прадэманстравалі важнасць інвестыцый у бяспеку, заявіла намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Магдалена Сабковяк-Чарнецкая.

— Абставіны звязаныя з бяспекай змяняюцца ўвесь час, таму важна інвеставаць у бяспеку. Міністэрства абароны (МА) інвестуе не толькі ў армію, але падтрымлівае грамадзянскую абарону. У будучым годзе МА перадасць дадатковыя 1,5 мільярдаў злотых для міністэрства ўнутраных спраў на набыццё абсталявання.


Апроч таго ў Польшчы таксама збіраюцца перагледзець правілы выдачы дазволу на зброю.

Юры Ліхтаровіч