Fakt прыводзіць меркаванне аднаго з палітыкаў пра Марш Незалежнасці, які адбыўся ў сераду ў Варшаве. Сотні тысяч людзей прайшлі па вуліцах горада, каб ушанаваць гадавіну аднаўлення незалежнасці. Сярод удзельнікаў шэсця быў былы член «Грамадзянскай платформы», а цяпер незалежны дэпутат парламента. Палітык станоўча ацаніў арганізацыю святкавання і падзяліўся сваімі назіраннямі.
Паводле дадзеных Варшаўскага цэнтра бяспекі, сёлетняя дэманстрацыя была ў 2,5 разы масавай, чым летась. У 2025 годзе варшаўская мэрыя ацэньвала колькасць удзельнікаў прыкладна ў 100 000 чалавек. Сёлета мэрыя піша пра 250 000, у той час, калі арганізатары ацэньвалі што магло ўдзельнічаць нават да мільёна дэманстрантаў.
Сярод прысутных быў Марцін Юзэфацюк (Marcin Józefaciuk). Былы дэпутат ад «Грамадзянскай платформы» здзівіў усіх сваёй прысутнасцю на дэманстрацыі, арганізаванай ультраправымі групоўкамі. Як аказалася, ён прысутнічаў на мерапрыемстве не першы раз. Палітык прызнаўся, што ўжо некалькі гадоў наведвае Марш Незалежнасці. Ён апісаў свае ўражанні ў сацыяльных сетках, падкрэсліўшы як станоўчыя, так і адмоўныя аспекты маршу.
— Частка маршу, у якой я ішоў, была бяспечнай і дынамічнай. Мяне акружылі людзі ўсіх узростаў, у тым ліку карыстальнікі інвалідных калясак. Некаторыя з лозунгаў, якія скандавалі, былі нармальнымі. Некаторыя мне не спадабаліся. А некаторыя, на жаль, былі недарэчнымі. Некаторыя з транспарантаў пераходзілі межы добрага густу. Большасць з іх хутка зніклі з майго поля зроку. У такім вялікім натоўпе абавязкова знойдуцца тыя, хто шукае магчымасці пабіцца, — апісаў палітык.— Я памятаю адну сцэну. Хтосьці пачаў спяваць змененую версію дзяржаўнага гімна праз мегафон. Людзі вакол мяне адрэагавалі імгненна і рашуча. Праз хвіліну спевы сціхлі. Я ўдзячны за такую рэакцыю, — чытаем мы ў допісе дэпутата.
Палітык таксама падкрэсліў, што падчас маршу яго цёпла сустрэлі іншыя ўдзельнікі. Ён паведаміў, што людзі падыходзілі, каб пагутарыць, зрабіць здымак і паціснуць адзін аднаму руку.
— Хтосьці нават падзяліўся са мной бутэрбродам. Дзякуй і за бутэрброд. Мы можам мець розныя меркаванні — і гэта выдатна, сумна заўсёды пагаджацца. Але ў нас ёсць адна агульная каштоўнасць — Польшча, — завяршыў свой пост Марцін Юзэфацюк.
нг