ЗША не адмовяцца ад абароны Польшчы, аднак Еўропе спатрэбяцца дзесяць гадоў і трыльённыя выдаткі, каб гарантаваць уласную бяспеку. Пра гэта заявіў палкоўнік амерыканскай арміі ў адстаўцы, аналітык Bloomberg Intelligence Уэйн Сандэрс. У інтэрв'ю парталу Money.pl амерыканец патлумачыў, чаму пагрозлівыя заявы Дональда Трампа не азначаюць распаду НАТА.
— Адказ адназначны: безумоўна, так. Я ведаю, якія палітычныя заявы рабіў прэзідэнт Трамп, але ў значнай ступені ўспрымаю іх як наймацнейшы стымул павялічыць выдаткі НАТА з 3,5 да 5% ВУП, — лічыць эксперт.
Паводле Сандэрса, ЗША і Еўропа маюць супольны інтарэс у супрацьстаяння Кітаю, Расіі, Ірану і Паўночнай Карэі. Амерыканскі Кангрэс абмяжоўвае магчымасць скарачэння вайсковай прысутнасці ЗША ў Еўропе: колькасць вайскоўцаў не павінна апускацца ніжэй за 76 тысяч больш чым на 45 дзён. Аднак залежнасць ад Вашынгтона застаецца праблемай, перакананы вайсковы эксперт.
— Вам неабходныя дзесяць гадоў бесперапынных інвестыцый — ад 800 мільярдаў да трыльёна долараў штогод. Толькі пасля гэтага Еўропа пачне рэальна скарачаць разрыў паміж тым, што традыцыйна забяспечвалі ЗША, і ўласнымі абароннымі магчымасцямі, — падкрэсліў Сандэрс і дапусціў расійскі напад на краіны НАТА. — Ёсць розніца паміж тым, ці здольная Расія пачаць вайну, і тым, ці зможа яна завяршыць яе на сваіх умовах. Украіна паказала, што ў расійскай арміі існуюць відавочныя слабасці».
Асаблівую пагрозу ўяўляюць расійскія кібератакі:
— Можна правесці кропкавую кібератаку, якая адключыць электрасетку ў канкрэтным раёне. Расія — адна з нямногіх краін, якія валодаюць неабходнымі магчымасцямі і спецыялістамі, — папярэдзіў аналітык.
Пры гэтым Сандэрс перакананы: трывалы мір магчымы дзякуючы стратэгічнаму стрымліванню, бо Масква і Пекін не зацікаўленыя ў прамым сутыкненні з НАТА.
эж