Да нядаўняга часу пацверджаная Бі-бі-сі лічба загінулых расійскіх вайскоўцаў ва Украіне складала 287 831 чалавек. Аднак нядаўна беларускія ды ўкраінскія хакеры здабылі больш дакладныя дадзеныя праз хакерскую атаку на Росстат. Больш падрабязна пра дынміку расійскіх страт тлумачыць наш эксперт, які мяркуе, што для Пуціна сітуацыя далёка не крытычная.
Расія магла страціць на вайне з Украінай ужо амаль паўмільёна чалавек. Гэта вынікае з дадзеных Росстата, якія нядаўна здабылі беларускія ды ўкраінскія хакеры — групоўкі «Кіберпартызаны BY» і Silent Crow. Апошняя агучыла лічбу страт — у 450 100 чалавек. «Кіберпартызаны» заявілі, што з пачатку вайны загінуў 393 881 расіянін. Розніца звязана з выбарам катэгорый, якія групы ўключылі ў падлік. Беларусы лічылі тых, у каго прычынай смерці ў базе Росстата былі паказаныя ваенныя дзеянні або іх наступствы. Украінцы бралі пад увагу больш катэгорый, у тым ліку і звесткі аб небаявых смерцях вайскоўцаў.
Гэтыя дадзеныя пацвярджаюць ацэнкі заходняй прэсы. Напрыклад, у канцы кастрычніка часопіс Economist ацаніў колькасць загінулых ваенных у Расіі на ўзроўні 374-770 тысяч чалавек, а агульныя страты з улікам параненых на ўзроўні 1,4-2,1 мільёны.
Што азначаюць гэтыя лічбы для Расіі, ці яны могуць паўплываць на тое, каб Крэмль пагадзўся на спыненне вайны? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да палітолага Паўла Ўсава.
— Пытанне страт даволі складанае, летась украінскія хакеры змаглі пацвердзіць смерць у вайне больш за 200 тысяч чалавек. Цяперашняя лічба — каля 400 тысяч — недакладна, бо Расія хавае дадзеныя пра загінулых ды зніклых. Лічба санітарных страт яшчэ большая, набліжаецца да мільёна. Аднак, нават гэтая лічба не праблема для Крамля. Пасля пачатку вайны Крэмль перакладае яе выдаткі на рэгіёны, акупаваныя тэрыторыі ды вязняў. Праз гэта расійскім уладам удаецца мінімізаваць грамадскую незадаволенасць вайной.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч