Былая міністр замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль (Karin Kneissl) можа страціць аўстрыйскае грамадзянства. Пра пачатак адпаведнай працэдуры яна сама паведаміла на канферэнцыі ў Маскве. Паводле яе слоў, у выпадку пазбаўлення грамадзянства яна можа стаць асобай без грамадзянства і будзе вымушаная звярнуцца ў ААН па праязны дакумент — піша Onet.
Хадайніцтва аб пазбаўленні Кнайсль грамадзянства вясной падала ліберальная партыя NEOS. Цяпер гэтае пытанне разглядаюць аўстрыйскія ўлады.
Паводле аўстрыйскіх СМІ, падставай можа стаць артыкул закона аб грамадзянстве, які дазваляе пазбаўляць грамадзянства асоб, што застаюцца на службе замежнай дзяржавы і сваімі дзеяннямі істотна шкодзяць інтарэсам або рэпутацыі Аўстрыі.
Карын Кнайсль узначальвала аўстрыйскае МЗС з 2017 па 2019 год. Яна набыла сусветную вядомасць у 2018 годзе, калі запрасіла Уладзіміра Пуціна на сваё вяселле. Кадры іх сумеснага танца і рэверансу Кнайсль перад расійскім кіраўніком абляцелі сусветныя СМІ.
Пазней яна супрацоўнічала з расійскім прапагандысцкім тэлеканалам RT і працавала ў дзяржаўнай нафтавай кампаніі «Раснафта». У 2023 годзе, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны, Кнайсль пераехала ў Расію. Цяпер яна ўзначальвае пракрамлёўскі аналітычны цэнтр «Горкі» ў Санкт-Пецярбургу.
Сама Кнайсль сцвярджае, што фактычна разарвала сувязі з Аўстрыяй і падтрымлівае кантакты толькі з двума людзьмі на радзіме.
нг