Еўропа рызыкуе цалкам страціць свой уплыў на Беларусь, калі не зменіць сваю цяперашнюю палітыку ў дачыненні да Мінска. У інтэрв'ю «Defence24» Марыя Калеснікава — адна з самых вядомых прадстаўніц беларускага апазіцыйнага руху, якая правяла больш за пяць гадоў у турме Лукашэнкі, заклікае да новага падыходу, які спалучае санкцыі, дыпламатыю і правераныя пагадненні.
Яна таксама абараняе амерыканскія перамовы, якія спрыялі вызваленню палітычных зняволеных, сумняваецца ў эфектыўнасці цяперашняй палітыкі некаторых членаў беларускага апазіцыйнага руху і папярэджвае, што Масква можа вырашыць, хто будзе пераемнікам Лукашэнкі. Калеснікава таксама нагадвае, што стаўкі для Польшчы і Еўропы выходзяць далёка за рамкі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі, бо яны тычацца бяспекі ўсяго рэгіёна.
— У 2020 годзе сітуацыя была зусім іншай. Мільёны беларусаў патрабавалі пераменаў, выйшлі на вуліцы і прадэманстравалі незвычайную мужнасць і салідарнасць. У той час палітыка міжнароднага ціску павінна была падтрымаць гэтыя дзеянні. Аднак прайшло шэсць гадоў. Лукашэнка застаецца ва ўладзе. Рэпрэсіі працягваюцца. І Беларусь стала яшчэ больш залежнай ад Расіі. Таму я задаю простае пытанне: калі канкрэтная палітыка не дае чаканых вынікаў, чаму мы працягваем дзейнічаць так, быццам нічога не змянілася? Я не заклікаю да адмены санкцый. Аднак санкцыі — гэта інструмент, а не самамэта ці асобная стратэгія. Яны павінны дапамагчы дасягнуць канкрэтных вынікаў, — кажа Калеснікава.
Паводле яе, цяпер стаяць тры тэрміновыя задачы, гэта: вызваленне палітычных зняволеных, спыненне рэпрэсій і захаванне незалежнасці Беларусі, бо існуе рэальная пагроза таго, што Беларусь можа цалкам трапіць пад кантроль Расіі.
— Вось чаму я бачу дыпламатыю як неабходны інструмент для аказання ўплыву. Не як саступку рэжыму, а як спосаб дасягнуць канкрэтных зменаў, знізіць пагрозы еўрапейскай бяспецы і ўмацаваць здольнасць Беларусі да самастойных дзеянняў. Дыпламатыя не выключае ціску. Наадварот, яна дазваляе выкарыстоўваць яго для дасягнення канкрэтных мэтаў. Таму я выступаю за распрацоўку еўрапейскай палітыкі, у якой санкцыі, дыпламатыя і канкрэтныя дзеянні, якія ажыццяўляюцца на ўзаемнай аснове, будуць служыць вызваленню людзей, спыненню рэпрэсій і захаванню суверэнітэту Беларусі, — кажа Калеснікава.
Каб дасягнуць рэальных вынікаў, трэба размаўляць з тымі, хто зараз прымае рашэнні ў Мінску, пераконвае яна.
— Мы можам бясконца гаварыць пра тое, якую будучыню мы хочам у ідэальных умовах. Праўда, аднак, у тым, што чакаць ідэальнага моманту для ўкаранення змен, пакуль людзі плацяць за гэта гадамі свайго жыцця, на мой погляд, безадказна, — упэўнена жанчына.
Паводле яе, канкрэтны план дзеянняў для дасягнення гэтых мэтаў ужо існуе. Яго прапанавалі Арцём Шрайбман, Дзмітрый Крук, Кацярына Дэйкала і Андрэй Бушыла («Дарожная карта ўзаемных крокаў для абмежаванай дээскалацыі паміж Беларуссю і ЕС», якую ў 2025 годзе прадставіла згаданая група беларускіх незалежных экспертаў — рэд.). Ён прадугледжвае шэраг паступовых, узаемных і правераных дзеянняў з боку Беларусі і Еўрапейскага Саюза.
— Я лічу, што гэтая прапанова заслугоўвае сурʼёзнага абмеркавання на еўрапейскім узроўні. У той жа час трэба разумець, што перамовы з цяперашнімі ўладамі Беларусі не азначаюць адмовы ад мэты дэмакратычных змен. Я не абяцаю беларусам, што ўсё зменіцца заўтра. Аднак я адкідаю пазіцыю бясконцага чакання(…) Мы не можам змагацца толькі за заўтрашнюю Беларусь. Мы таксама павінны зрабіць усё магчымае для беларусаў сённяшняга дня, — настойвае Марыя Калеснікава.
Менавіта таму яна высока ацэньвае крокі з боку ЗША, якія вярнулі беларускае пытанне ў міжнародны дыпламатычны парадак дня.
— Аднак без удзелу Еўропы распрацоўка доўгатэрміновага рашэння для Беларусі будзе немагчымай. Нашы непасрэдныя суседзі — Польшча, Літва і Латвія адыгрываюць тут асабліва важную ролю, — пераконвае былая палітычная зняволеная рэжыму Лукашэнкі Марыя Калеснікава ў размове з «Defence24».
аз