Беларуская Служба

У кулуарах працягваюцца перамовы пра адмену вета Турцыі на сцэнары абароны Польшчы і краін Прыбалтыкі

28.11.2019 15:02
Анкара можа згадзіцца памяняць сваю пазіцыю і адобрыць важныя для Варшавы рашэнні, але патрабуе ўнесці курдскіх партызанаў, якія дзейнічаюць у Сірыі, у лік тэрарыстычных арганізацыяў.
Żołnierze Tureccy
Żołnierze Tureccy Mircea Moira/shutterstock

За некалькі дзён да юбілейнага саміту НАТА ў кулуарах працягваюцца перамовы на тэму адмены вета, накладзенага Турцыяй на сцэнары абароны Польшчы і краін Прыбалтыкі – піша Dziennik Gazeta Prawna (Марцін Мілаш, Збігнеў Параф'яновіч). Калі сцэнары не ўдасца адобрыць, можа пачацца сур’ёзны крызіс у альянсе, а таксама гэта будзе параза іміджу сустрэчы ў Лондане, запланаванай на панядзелак.

Паводле крыніц выдання, Анкара можа згадзіцца памяняць сваю пазіцыю і адобрыць важныя для Варшавы рашэнні, але ўзамен за гэта патрабуе ўнесці курдскіх партызанаў, якія дзейнічаюць у Сірыі, у лік тэрарыстычных арганізацыяў. Так хутчэй за ўсё не станецца, але дзякуючы такой тактыцы Турцыя можа дабіцца паслаблення пазіцыі Захаду адносна яе аперацыі ў паўночнай Сірыі.

Планы абароны Польшчы і балтыйскіх краін – гэта стратэгічнае пытанне. Яны апісваюць прынцыпы дзейнасці ў выпадку магчымай атакі з Усходу. Турцыя, нягледзячы на яе адносна добрыя адносіны з Варшавай, зрабіла Польшчу сваім закладнікам. А прэзідэнт Анджэй Дуда шмат зрабіў, каб палепшыць адносіны з Анкарой, турэцкі лідар, якога вінавацяць у аўтарытарызме, быў у Варшаве па запрашэнні галавы дзяржавы.

Вета на планы абароны – гэта не адзіная праблема з Турцыяй. У аўторак краіна тэставала набытыя ў Расіі сістэмы супрацьпаветранай абароны С-400 Трыумф. Цэллю былі самалёты Ф-16, якія маюць у сваім распараджэнні арміі краін НАТА, у тым ліку Польшчы.

нг

на здымку - турэцкія салдаты