У сераду пад амбасадай Рэспублікі Беларусь у Варшаве адбыўся пікет праваабаронцаў супраць затрымання і арышту Пятра Маркелава. Актывіст быў назіральнікам на парламенцкіх выбарах у лістападзе, падчас якіх яго затрымалі пасля таго, як ён дамагаўся пераліку галасоў на адным з выбарчых участкаў.
Пратэст пад амбасадай Беларусі
Зараз Пётр Маркелаў адбывае 14-дзённы арышт; паводле звестак ягоных бацькоў, у вельмі жахлівых умовах, у камеры разам з бяздомнымі. Акрамя таго, ён падвяргаўся прыніжэнням і насіллю з боку наглядчыкаў. Гэтыя факты ў сваім звароце да беларускай амбасады заўважылі і актывісты ў Варшаве, якія патрабуюць вызвалення Пётра Маркелава. Каля дыпламатычнага прадстаўніцтва быў зачытаны зварот удзельнікаў акцыі.
- Мы прыйшлі сюды, каб пратэставаць супраць затрымання і незаконнага арышту Пятра Маркелава, праваабаронцы і актывіста, які адначасова з’яўляецца нашым калегам па арганізацыі. Мы катэгарычна супраць таго, што ў суседняў краіне арыштоўваецца чалавек, які звярнуў увагу выбарчай камісіі на непразрыстыпадлік галасоў падчас выбараў у Беларусі. Нам цяжка ўявіць, што за звычайнае пытанне, датычнае працэсу галасавання, выклікаецца міліцыю, каб арыштаваць чалавека. Такая сітуацыя адбылася з Пятрам.
Я - сябра Пятра. Тут з намі некалькі іншых яго знаёмых, мы прадстаўляем арганізацыю Students for Liberty, дзякуючы якой з ім мы пазнаёміліся. Гэта арганізацыя, якая змагаецца за правы і свабоды чалавека. Калі б гэта не быў Пётр, я б пэўна і не прыйшоў, але гэтая сумная падзея прымусіла нас заняцца тэмай парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
Зварот удзельнікаў пратэсту
Актывісты, якія сабраліся перад амбасадай Рэспублікі Беларусь, спрабавалі таксама перадаць ліст ва ўстановы, аднак ніхто да іх не выйшаў. У звароце падкрэсліваецца незаконнасць арышту не толькі Пятра Маркелава, але таксама іншых актывістаў.
Пратэсты супраць незаконнага затрымання Пятра Маркелава прайшлі таксама ў Кракаве і Шчэціне.