Саудаўская Аравія прадала 1,5% акцыі нафтавага канцэрну Aramco. Кошт продажу склаў 25,5 мільярдаў долараў, піша тыднёвік Sieci. Гэта самы вялікі ў гісторыі продаж акцый нафтавага канцэрну. Адначасова дадзеная фінансавая аперацыя пацвердзіла факт, што саудаўскі канцэрн Aramco з’яўляецца самай дарагой фірмай у свеце. Рынкавая цана канцэрну – 1,7 трыльёна долараў. Інвестары кампаніі павінны цешыцца – цана акцыі Aramco падскочыла на 10% (на дазволены максімум).
Ажыццяўленне продажу пакету акцый працягвалася цягам чатырох гадоў. Паспяховае завяршэнне здзелкі можа ацэньвацца, як асабісты поспех наследнага прынца Саудаўскай Аравіі Мухамеда ібн Салмана, які ў каралеўстве курыруе ўвесь нафтавы сектар.
Продаж 1,5% пакету акцый нафтавага канцэрну Aramco - гэта частка амбітнага плану па перабудове эканомікі саудаўскага каралеўства. План пераўладкавання гаспадаркі разлічаны да 2030 года.
Сярод іншага, праект прадугледжвае стварэнне адмысловай зоны высокіх тэхналогій вакол новага гораду Неом. Гэты горад будуецца з нуля менавіта дзеля ажыццяўлення гэтых мэтаў. Таксама ў Саудаўскай Аравіі плануюцца маштабныя інвестыцыі ў газавую энергетыку. Парадаксальна, але такі крок павінен павялічыць экспарт нафты, абмяжоўваючы яе ўнутранае спажыванне.
Галоўнай мэтай такога амбітнага плану зменаў у саудаўскай гаспадарцы з’яўляецца пазбаўленне залежнасці каралеўства ад кан'юктуры сусветнага рынку нафты. Пра перабудову гаспадаркі Саудаўскай Аравіі пісала штотыднёвае аналітычнае выданне Sieci.
эж