10 мая ў Польшчы павінны былі адбыцца прэзідэнцкія выбары, але галасавання не было, выбарчыя ўчасткі не працавалі. Усё з-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі і складанасцяў у пошуках кампрамісу сярод палітычнай эліты дзяржавы.
У жніўні заканчваецца тэрмін паўнамоцтва дзейснага польскага прэзідэнта Анджэя Дуды. Яшчэ ў лютым маршал Сейму прызначыла выбары на 10 мая, але тады яшчэ не было вядома, як будзе развівацца сітуацыя з пандэміяй. Калі стала вядома, што пашырэнне захворвання ў Польшчы закончыцца не хутка, палітыкі кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» прынялі рашэнне наладзіць выбары ў іншай, чым традыцыйная, форме – па пошце. Адпаведны закон быў прыняты на пачатку красавіка, але Сенат (вышэйшая палата парламенту) яго разгледзеў толькі на мінулым тыдні, і не адобрыў. Ніжэйшая палата, Сейм, адхіліў засцярогі Сенату, але паколькі да выбараў тады заставалася толькі некалькі дзён, немагчыма было іх зладзіць.
У суботу вечарам закончыліся перамовы лідараў кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» і групоўкі «Паразуменне», якая ўваходзіць у кааліцыю правых сілаў. У сустрэчы прынялі ўдзел, у прыватнасці, прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі, маршал Сейму Эльжбета Вітэк, віцэ-прэм’ер Ядвіга Эмілевіч ды старшыня «Паразумення» Яраслаў Говін. Было вырашана, што пасля таго, як маршал Сейму Эльжбета Вітэк паўторна прызначыць тэрмін выбараў, увесь выбарчы працэс пачнецца нанава.
У нядзелю позна вечарам Дзяржаўная выбарчая камісія выдала заяву, у якой канстатавала, што «на выбарах 10 мая не было магчымасці галасавання за кандыдатаў», – паведаміў старшыня камісіі суддзя Сыльвэстэр Марціняк (Sylwester Marciniak).
- Мы сцвердзілі, што галасаванне не адбылося. У выбарчым кодэксе ёсць артыкул, які прадбачвае сітуацыю, што галасаванне не адбываецца па прычыне адсутнасці кандыдатаў або калі ёсць толькі адзін кандыдат. У такой сітуацыі старшыня Сейму на працягу 14 дзён з дня публікацыі ўхвалы прызначае выбары, якія павінны прайсці цягам 60 дзён.
Па словах віцэ-прэм’ера і міністра развіцця Ядвігі Эмілевіч, ухвала Дзяржаўнай выбарчай камісіі дае законную падставу прызначыць новы тэрмін выбараў. На думку Эмілевіч, дакумент вырашыў канстытуцыйную дылему, якая паявілася ў Польшчы ў сувязі з пандэміяй каранавіруса.
- Вялізнае «дзякуй» Дзяржаўнай выбарчай камісіі за тое, што яе члены сабраліся ў нядзелю і прынялі адпаведную ўхвалу. Дакумент стаў адказам на сітуацыю, якой не прадбачылі спецыялісты па канстытуцыі. Дзякуючы гэтаму ёсць вырашэнне праблемы, якое дасць магчымасць вырашаць падобныя спрэчкі таксама ў будучыні. Дай Божа, каб падобная сітуацыя, як цяпер у краіне, ніколі больш не паўтарылася. Але дзякуючы гэтай ухвале ў нас ёсць законная падстава, каб старшыня Сейму прызначыла новы тэрмін выбараў прэзідэнта.
Новыя выбары павінны прайсці летам – паміж 28 чэрвеня і сярэдзінай ліпеня. Яшчэ ў суботу не было вядома, ці спрэчка наконт тэрміну выбараў не стане прычынай распаду кіроўнай кааліцыі правых сілаў – партыі «Права і справядлівасць» і групоўкі «Паразуменне». Старшыня «Паразумення» Яраслаў Говін выступіў супраць правядзення выбараў па пошце 10 мая, і з гэтага ўсё пачалося. Цяпер, здаецца, кааліцыя выйшла з тупіка і ўдасца яе захаваць.
Аднак апазіцыя не сядзіць склаўшы рукі. Партыя «Грамадзянская платформа» унесла на разгляд законапраект аб папраўках у выбарчы кодэкс. Па інфармацыі дэпутата Робэрта Крапіўніцкага, законапраект, у прыватнасці, вяртае Дзяржаўнай выбарчай камісіі права арганізаваць прэзідэнцкія выбары.
- Мы ўносім на разгляд праект, які прапануе, каб выбары адбыліся ў гэтак званай змешанай форме – каб можна было галасаваць як на выбарчых участках, так і па пошце. Важна, каб выбарцы маглі самі прымаць рашэнне – ці яны хочуць ісці ў выбарчы ўчастак, ці, можа, для іх будзе лепш прагаласаваць па пошце.
Так што палякі да канца не ведаюць, калі выбары пройдуць і як людзі будуць галасаваць – ці толькі завочна, па пошце, ці ўсё ж такі ідучы на выбарчы ўчастак. Па словах старшыні «Паразумення» Яраслава Говіна, яго партыя не выключае падтрымкі варыянту апазіцыі – даць выбарцам магчымасць самім выбіраць, ці ісці на ўчастак. Вядома, што кандыдаты ў прэзідэнты застануцца тыя ж – агулам іх 10, галоўны з іх – дзейсны галава дзяржавы Анджэй Дуда. У яго, паводле апытанняў, каля 45% падтрымкі. На другім месцы па папулярнасці беспартыйны тэлевядучы Шыман Галоўня, а за ім ідзе старшыня Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк – Камыш.
нг