Беларуская Служба

Беларусы зрабілі першы крок да свабоды

14.08.2020 12:06
Аднак лёс пераменаў надалей пад пытаннем.
Аўдыё
  • Што далей з пераменамі ў Беларусі
     .  .
Пратэсты ў Беларусі за сумленныя выбары. Ілюстрацыйны здымак.EPA/YAUHEN YERCHAK Dostawca: PAP/EPA

Улады спрабуюць перачакаць хвалю грамадскага незадавальнення ды разбіць адзінства. Прыпынены масавы гвалт, але рэпрэсіі працягваюцца. Лукашэнка грэбліва каментуе забастоўкі, у адстаўку не збіраецца. Патрэбна грамадская структура, якая б выступіла прадстаўніком інтарэсаў людзей, кажуць эксперты.

Чацвёрты дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ідуць пратэсы супраць сфальшавання выбараў, міліцэйскага гвалту. Выступленні ахапілі ўсю краіны. Да ланцугоў салідарнасці, якія пачалі ў сераду беларускія жанчыны пачалі далучацца лекары, музыкі, работнікі некаторых прадпрыемстваў.

Уладам выставілі патрабаванні работнікі дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў. Учора на забастоўку выйшлі рабочыя МАЗа, БелАЗу, ГроднаАзоту, Белмедпрэпаратаў і Белкарду.
Сёння да пратэстаў далучыліся Мінскі трактарны завод, наваполацкі Нафтан і жлобінскі Металургічны завод. Інфармацыя пра мітынгі пратэсту прыходзяць з соцень прадпрыемстваў. Асноўныя патрабаванні вельмі простыя – адстаўка Аляксандра

Лукашэнкі, абвяшчэнне праўдзівых вынікаў выбараў, вызваленне палітвязняў.
Беларускае грамадства ўпершыню салідарызавалася, паўстала зусім новая сітуацыя ў краіне, кажа палітолаг Андрэй Ляховіч.

- Улады ў першыню сутыкнулася з пагрозай страйкаў буйных прадпрыемстваў. Такога раней не было. На забастоўку выйшлі буйныя заводы з палітычнымі патрабаваннямі новых выбараў. Улады ўзялі пакуль паўзу, магчыма, каб вызваліць месцы для новых затрыманых. Разам з тым мы бачым радыкалізацыю настрояў, магчымы новыя буйныя акцыі пратэсту. Аднак пакуль не хапае вельмі істотнага – арганізацыі. Без арганізацыі цяжка ўявіць, як можна зрынуць рэжым Лукашэнкі.

Пакуль у адказ на пратэсы ўлады пайшлі на дробныя саступкі: спынілі масавы гвалт, вызваляюць у асноўным жанчын ды моладзь, абяцаюць грошы рабочым у разліку на тое, што пратэстоўцы разыдуцца. Гэтага недастаткова заявіла сёння лідар аб'яднанага штабу Марыя Калеснікава.

- Прабачэнняў нам не дастаткова. Беларускі народ будзе памятаць пра тых злачынствах і гвалце, якія здзейсніла ўлада ў адносінах да беларускіх грамадзянаў. Заклікаем усіх перайсці на бок народу. Усе парушальнікі панясуць адказнасць па законе.

Аднак няма пакуль яснасці, што рабіць далей. Гэтае пытанне задаюць сабе ўсё больш людзей у Беларусі. Гучаць розныя патрабаванні: спынення гвалту, вызваленне палітзняволеных, агучванне сапраўднага выніку выбараў, пераліку галасоў. Гэта пастка рэжыму, кажа палітолаг Аляксандра Лагвінец.

- Рэжыму няма даверу, таму неразумна патрабаваць пераліку, бо ўсё было сфальсіфікавана. Тым больш, што цяпер яны могуць падмяніць бюлетэні, няма грамадскага механізму кантролю за імі. Уся выбарчая кампанія была заганная. Гэта было самапераназначэнне Лукашэнкі, а не выбары. Выбары магчымыя, калі ёсць аднолькавыя дэмакратычныя правілы гульні ды нейтральнасць дзяржапарату да кандыдатаў. Таму цяпер павінны быць толькі новыя выбары без Лукашэнкі.

Людзі чакаюць на зʼяўленне структуры, якая зможа каардынаваць пратэсты, і выступіць ад імя людзей. Такі працэс ужо пачаўся, перакананы палітолаг Павал Усаў.

- Калі пратэсты будуць набіраць сілу, гэта стане сурʼёзным выклікам для сістэмы. Наколькі мне вядома, цяпер ужо ідзе працэс фармавання такой палітычнай групы, грамадзянскага камітэту, які б мог артыкуляваць патрабаванні грамадзянаў і пачаў перамовы пра пачатак палітычнай трансфармацыі сістэмы. Усё ўпіраецца ў новыя выбары або сыход Лукашэнкі. Наколькі сістэмы пойдзе на такія саступкі, залежыць ад узроўню масавасці пратэстаў. Павінен пачацца працэс фармавання людзьмі страйкавых ды гарадскіх грамадскіх камітэтаў.

Сёння да людзей звярнулася Святлана Ціханоўская. Яна заклікала людзей бараніць свой выбар.

- Беларусы не змогуць больш жыць са старой уладай. Людзі павінны бараніць свой выбар, а мэраў гарадоў заклікаю пайсці на дыялог і ўзгадніць мірныя акцыі 15 і 16 чысла.Я ўдзячна ўсім, хто выйшаў на забастоўку. Давайце разам абаронім наш выбар, падпішыцеся, за тое, што вы галасавалі за мяне. Не заставайцеся з боку, нашы галасы павінны быць пачутыя.

У Беларусі працягваюцца пратэставыя акцыю супраць сфальшаваных выбараў ды гвалту з боку ўладаў. Кіраўніцтва краіны пакуль пайшло на дробныя саступкі, частку затрыманых вызвалілі. Аднак, пра галоўнае ня хочуць гаварыць. Гэта не задавальняе грамадства. Людзі задаюцца пытаннем, што рабіць далей, яе дамагчыся рэальных зменаў.

Юры Ліхтаровіч