Еўрапейскі саюз не прызнаў вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, заклікаў улады ў Мінску да дыялогу і да спынення гвалту, а таксама аб’яцаў дапамогу для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і аб’явіў персанальныя санкцыі супраць вінаватых у гвалце і фальсіфікацыі выбараў. У сваю чаргу Польшча перасцерагае, што Беларусі трэба даць эканамічную альтэрнатыву супрацы з Расіяй. Такім чынам можна падсумаваць вынікі трохгадзіннага відэа-саміт лідараў ЕС, які прайшоў у сераду па ініцыятыве Польшчы.
Задачай Польшчы і Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі з’яўляецца падтрымка па стварэнні платформы для дыялогу ў гэтай краіне і канкрэтная прапанова эканамічнага супрацоўніцтва, лічыць віцэ-міністр замежных спраў Павел Яблоньскі(Paweł Jabłoński).
Нагадваем, лідары Еўрасаюза вырашылі, што выбары ў Беларусі не былі дэмакратычнымі. Аднак пра тое, ці трэба паўтарыць галасаванне, павінны вырашыць самі беларусы, заявіў кіраўнік Еўрапейскага савета Шарль Мішэль. Усё ж Еўрапейскі Саюз згодны ў адным – неадкладна трэба спыніць гвалт у краіне. Таму ЕС рыхтуе персанальныя санкцыі ў дачыненні да вінаватых у рэпрэсіях і фальсыфікацыі вынікаў выбарчага галасавання.
Многія еўрапейскія лідары таксама падкрэслівалі, што недапушчальным з’яўляецца ўмяшальніцтва трэціх краін у справы Беларусі, гаворка ідзе пра Расію. Аднак Францыя не хацела пагадзіцца на тое, каб гэтая тэма апынулася ў дэкларацыі, прынятай на заканчэнне саміта.
Павел Яблоньскі падкрэсліў у эфіры TVPInfo, што супольнасць хоча дапамагчы Беларусі, пачаць дыялог паміж урадам і грамадствам.
- Мы – Еўразвяз хочам, каб у дыялог уключылася АБСЕ. Гэта давераны партнёр у перамовах па палітычных пераменах. Гаворка ідзе пра тое, каб ейнае заангажаванне дазволіла ўсім бакам выказацца. Мы будзем заахвочваць, каб частка беларускага грамадства, а магчыма таксама частка беларускіх палітычных элітаў пагадзіліся сесці за стол перамоваў і выпрацаваць стабільнае і доўгатэрміновае вырашэнне канфлікту.
Віцэ-кіраўнік МЗС Польшчы падкрэсліў, што роля Еўрапейскага Саюза заключаецца ў тым, каб даць Беларусі выбар, прапануючы ёй канкрэтнае доўгатэрміновае супрацоўніцтва, у першую чаргу, эканамічнае.
- Зараз Беларусь узалежненая ад Расіі, перш за ўсё, калі гаворка ідзе пра сыравіну, энергію. Пра гэта на відэасаміце казаў таксама прэм’ер Польшчы. Калі мы прадставім Беларусі эканамічную альтэрнатыву, то ў беларусаў паявіцца выбар – хочуць яны супрацоўнічаць выключна з Расіяй, ці разглядаюць таксама магчымасць супрацы з краінамі Еўрасаюза, агульна кажучы з Захадам. Гаворка ідзе пра супрацу па развіцці інфраструктуры, мадэрнізацыі краіны, па эканамічных і грамадскіх пераменах, якія будуць для іх карысныя.
„Калі мы хочам змяніць Беларусь у рэальным сэнсе, то мы павінны прадставіць беларусам прапанову эканамічнага супрацоўніцтва. Калі Беларусь пойдзе па шляху рэформаў, мы павінны быць гатовымі на тое, каб Еўропа - Еўрапейскі Саюз былi для яе стабільным і надзейным партнёрам”, - лічыць Павел Яблоньскі.
Віцэ-міністр паведаміў таксама, што краіны Еўрапейскага Саюза падтрымалі ідэю ўвядзення санкцыяў супраць вінаватых у жорсткім падаўленні пратэстаў у Беларусі.
- У нас ёсць магчымасці ажыццявіць санкцыі, паколькі падобныя меры ўводзіліся супраць канкрэтных асобаў у мінулым. І ў гэтым выпадку згаданыя санкцыі таксама будуць прымяняцца. Адначасова Польшча пераконвала астатніх членаў Еўрасаюза не прымяняць супраць Беларусі эканамічных санкцый. Яны могуць нанесці ўдар па беларускім грамадстве і выкарыстоўвацца Аляксандрам Лукашэнкам, як аргумент, што Захад дзейнічае супраць беларусам.
Па прапанове палякаў, Еўрасаюз абавязаўся аказаць падтрымку незалежным беларускіх СМІ і няўрадавым арганізацыям.
Пасля заканчэння відэаканферэнцыі лідараў 27 краінаў-членаў ЕС старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Лайен паведаміла, што камісія выдзеліць 53 мільёны еўра на падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. 2 мільёны еўра пойдуць на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій і гвалту з боку прадстаўнікоў уладаў Беларусі, 1 мільён будзе накіраваны на падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, а астатнія 50 мільёнаў - на барацьбу з каранавірусам, падтрымку сацыяльных службаў і бізнесу.
Урсула фон дэр Лайен падкрэсліла, што грошы будуць запраграмаваны такім чынам, каб скарыстацца імі магла выключна грамадзянская супольнасць, а не афіцыйныя ўлады.
Яна таксама дадала, санкцыі ЕС будуць мець дыпламатычны характар, то бок будзе распрацаваны чорны спіс людзей, якім забаронены будзе ўезд у ЕС, а іх фінансавыя актывы ў Еўропе - замарожаныя.
Прадстаўнікі Еўрасаюза таксама высока ацанілі міжнароднае заангажаване Польшчы па справе крызісу ў Беларусі. Лідары ЕС падзякавалі Польшчы і Літве за ініцыятыву правядзення спецыяльнай відэаканферэнцыі па гэтай справе. Удзячнасць Польшчы, сярод іншага, выказала канцлер Германіі, а таксама прэм'ер-міністры Іспаніі, Ірландыі, Грэцыі і краін Вышаградскай групы - Чэхіі, Славакіі і Венгрыі.
Некаторыя з еўрапейскіх дыпламатаў падкрэслівалі нават, што без ініцыятывы Варшавы рэакцыя Еўрасаюза была б спозненай і неадэкватнай сур'ёзнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі.
У сваю чаргу Вышаградская група, нагадваючы пра эканамічныя сувязі Беларусі і Расіі, падкрэсліла неабходнасць распрацоўкі плана эканамічнага развіцца Беларусі. Пра гэта паведаміў прэм’ер Матэвуш Маравецкі.
- У рамках гэтай ініцыятывы мы падтрымалі не толькі тыя тэмы, якія пазней закраналіся на саміце Еўрапейскага савета, але таксама тое, што для Беларусі трэба падрыхтаваць станоўчую эканамічную праграму. Беларусь многія гады застаецца моцна ўзалежненай ад Расіі. Гаварыць пра дэмакратызацыю – не праблема. Трэба працягнуць руку беларускаму грамадству. Мы гэта робім. Польшча шляхам прэзентаванага ў Сейме 5-балявага плану ўжо цяпер інтэнсіфікуе дзеянні па пашырэнні супрацы з Беларуссю.
-заявіў польскі прэм’ер.
Нагадваем, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі кожны дзень у краіне праходзяць буйныя дэманстрацыі, удзельнікі якіх пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання і патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Мірныя акцыі пратэсту выклікалі жорсткую рэакцыю з боку міліцыі і АМАПа. У выніку загінулі чатыры чалавекі, тысячы былі затрыманыя, сотні параненыя.
Галоўная канкурэнтка Лукашэнкі на выбарах Святлана Ціханоўская, якая з’ехала ў Літву, паклікала Каардынацыйны савет мэта якога - давесці да мірнай перадачы ўлады і арганізаваць паўторныя выбары ў краіне.
Між тым Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што падаваць у адстаўку і праводзіць новыя выбары не збіраецца. Ён пачынае таксама зноў выводзіць міліцыю і АМАП на вуліцы.
аз