Беларуская Служба

Прэм’ер прапануе польскім палітыкам аб’яднацца па справе Беларусі

25.08.2020 13:01
Ці палярызаванай палітычнай сцэне ў Польшчы ўдасца аб’яднацца па справе Беларусі?
Матэвуш Маравецкі PAP/Andrzej Grygiel

На сераду прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі (Mateusz Morawiecki) запрасіў кіраўнікоў усіх парламенцкіх фракцый Сейму на сустрэчу, прысвечаную падзеям у Беларусі. Кіраўнік польскага ўраду падкрэсліў, што падзеі, якія зараз адбываюцца за ўсходняй мяжой, настолькі важныя, што патрабуюць згоднай супрацы палітычных сілаў краіны, нягледзячы на палітычныя падзелы. Ці польскім палітыкам гэта ўдасца? Пакуль усе з задавальненнем успрынялі прапанову прэм’ера.

„Па справе Беларусі ў Польшчы неабходнае палітычнае адзінства”, - пераконвае кіраўнік Канцылярыі прэм'ера Міхал Дворчык (Michał Dworczyk). Таму польскі ўрад просіць усіх палітычных партнёраў „прыкласці максімум старанняў на карысць Беларусі таксама на форуме Еўрапарламента”.

Міністр Дворчык нагадаў, што ў сераду прэм'ер Матэвуш Маравецкі будзе размаўляць пра пратэсты ў Беларусі з кіраўнікамі парламенцкіх фракцыяў.

- Гэта не візіт ветлівасці. Мы плануем прадставіць цяперашнія дзеянні ўраду, прадпрынятыя як на нацыянальным, так і на міжнародным форуме. Гаворка ідзе пра тое, каб прадстаўнікі ўсіх палітычных арганізацый у парламенце разумелі значэнне і маштаб згаданых дзеянняў. Гэта першая інфармацыйная задача сустрэчы.

Міхал Дворчык лічыць, што справа Беларусі настолькі важная, што яна павінна знаходзіцца па-за сферай бягучых палітычных спрэчак.

- Другая справа – гэта супольныя дыскусіі і добрая воля, каб адмовіцца ад актуальных палітычных спрэчак, калі гаворка ідзе пра справу Беларусі. Нагадваю, што гэта справа важная не толькі з пункту гледжання Польшчы, але ўсяго рэгіёну і Еўропы.

Нагадваем, прэм’ер запрасіў на сустрэчу кіраўнікоў усіх парламенцкіх фракцыяў, у тым ліку апазіцыйных. Матэвуш Маравецкі пераконваў, што час забыць пра выбары і падумаць аб перспектыве магчымай канструктыўнай супрацы паміж кіроўнай кааліцыяй і апазіцыяй у Польшчы.

- Таму я запрасіў прадстаўнікоў усіх прысутных у парламенце палітычных апазіцыйных сілаў прыняць удзел у дыскусіі па справе Беларусі. Сёння гэта „гарачая кропка” і таму мы  павінны дзейнічаць супольна. Ад таго, як мы рассячом гэты гордзіеў вузел, залежыць будучыня ўсёй Цэнтральнай Еўропы.

Таксама падчас распачацця эканамічнага форуму, які праходзіць у Гдыні, прэм'ер пераконваў, што поспех Цэнтральнай і Усходняй Еўропы залежыць ад салідарнасці, цяпер у дачыненні да Беларусі.

- Сёння мы будуем гэтую салідарнасць у дачыненні да Беларусі разам з Літвой і іншымі балтыйскімі краінамі, а таксама ў рамках Вышаградскай групы. Аднак у даўжэйшай перспектыве мы хочам будаваць лёс Цэнтральнай Еўропы на карысць ейных грамадзянаў і хуткага эканамічнага развіцця таксама разам з Беларуссю і Украінай. Як сказаў  Ян Павел ІІ, лёгкія Усходняй Еўропы павінны ўдыхаць свабодна.

Парламенцкая фракцыя кіроўнай партый „Права і справядлівасць” плануе вызначыць  агульную пазіцыю Польшчы па Беларусі, дадаў намеснік спікера Сейма Рышард Тэрлецкі (Ryszard Terlecki). Усё ж палітык мае сумневы наконт таго, ці гэта наогул атрымаецца.

- Мы пастараемся вызначыць мадэль дзеяння ў дачыненні да таго, што зараз адбываецца ў Беларусі. Гаворка ідзе пра тое, каб Польшча, па меры магчымасці, гаварыла ў адзін голас. Зразумела, гэта мала рэальна, паколькі татальны характар апазіцыі прычыняецца да крытыкі ўсяго, што мы зробім або скажам. Але, можа хоць па гэтай справе, нам удасца выпрацаваць нейкую супольную пазіцыю.

Рышард Тэрлецкі дадае, што Польшча, як лідар рэгіёна, павінна выразна выказаць сваю пазіцыю адносна Беларусі.

- Мы будзем пра гэта размаўляць. Мы павінны быць падрыхтаваныя, як да сітуацыі, калі там адбудуцца змены, так і да сітуацыі, калі ніякіх зменаў у Беларусі не будзе. Пад увагу трэба браць пазіцыю Еўрасаюза па гэтай справе, на якую немалы ўплыў мае таксама нашая супраца ў рамках ініцыятывы Вышаградскай групы. Польшча, як палітычны лідар у рэгіёне, павінна выразна прадставіць сваю пазіцыю.

Апазіцыйныя партыі ў Польшчы станоўча ўспрынялі прапанову прэм’ера. Пра намер „Грамадзянскай кааліцыі” ўдзельнічаць у дэбатах паведаміла віцэ-кіраўнік фракцыі Катажына Любнаўэр (Katarzyna Lubnauer). Яна згадзілася, што справа Беларусі павінна аб’ядноўваць урадавую кааліцыю і апазіцыю, і паведаміла, з якімі прапановамі  прадстаўнікі „Грамадзянскай кааліцыі” пойдуць на сустрэчу з прэм’ерам.

- Па-першае, трэба супрацоўнічаць з Еўрасаюзам па справе дапамогі беларускай апазіцыі, у тым ліку фінансавай. Па-другое, трэба задумацца, як падтрымаць незалежныя СМІ, у тым ліку „Белсат”. Нагадваю - там адключаюць інтэрнэт. Наступнае пытанне – гэта стаўленне Польшчы да ўцекачоў, калі Лукашэнка ўтрымаецца пры ўладзе і пачне пераследаваць сваіх апанентаў. Гаворка ідзе пра грамадзян Беларусі, якія будуць падаваць заявы на статус уцекача ў Польшчы.

На сустрэчы з прэм’ерам „Левыя сілы” будзе прадстаўляць кіраўнік пастаяннай камісіі па справе Беларусі ў Еўрапарламенце Роберт Бедрань (Robert Biedroń),  а таксама член парламенцкай камісіі па замежных справах Анджэй Шейна (Andrzej Szejna). Пра гэта паведаміў кіраўнік фракцыі „Левых сілаў” Кшыштаф Гаўкоўскі (Krzysztof Gawkowski), які згадзіўся, што Польшча павінна падтрымліваць дэмакратычныя змены ў Беларусі.
 
- Калі мы хочам свабоднай Беларусі, каб Лукашэнка не выкарыстоўваў сілы дзеля ўтрымання ўлады, каб паважаў дэмакратыю, а выбары былі сапраўднымі, то трэба падтрымліваць апазіцыю ў Беларусі. „Левыя сілы” напэўна будуць прапанаваць, каб гэта была першая сустрэча, каб сустракацца перыядычна. Яны павінны адбывацца кожны тыдзень.

У сваю чаргу намеснік старшыні парламенцкай фракцыі „Права і справядлівасць” Марэк Сускі (Marek Suski) падкрэсліў, што на дадзены момант складана вызначыць далейшыя дзеянні, бо далейшыя падзеі ў Беларусі прадказаць немагчыма.

-  Калі ўсё пойдзе ў станоўчым напрамку , то тады зможам больш шырока супрацоўнічаць, ужо з дэмакратычнымі ўладамі ў Беларусі, а калі пойдзе ў адмоўным – то мы будзем прымушаны падтрымліваць пераследаваных. Гэта горшы сцэнар.

На Фэйсбуку Матэвуш Маравецкі падзякаваў лідарам апазіцыйнай „Грамадзянскай платформы”, „Левых сілаў”, Польскай сялянскай партыі, руху „Кукіз15’” 'і „Канфедэрацыі” за прыняцце запрашэння на сустрэчу. Ён падкрэсліў, што нягледзячы на „рознагалоссі па розных пытаннях”, рэакцыя апанентаў была вельмі станоўчая. „Здаецца, у сераду мы будзем канкрэтна і змястоўна гаварыць пра дапамогу суседзям”, - напісаў прэм'ер-міністр.

Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што ад пачатку крызісу ў Беларусі польскі бок клапаціўся пра палякаў, якія там жывуць і запэўніў, што Польшча прадпрыняла шмат дзеянняў, каб „дапамагчы беларускаму грамадству ў такія цяжкія часы”.

„З ініцыятывы Польшчы сітуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася на форуме Еўрапейскага савета. Цяпер прыйшоў час на чарговыя дзеянні, у якіх, я спадзяюся, будзе ўдзельнічаць уся наша палітычная сцэна”, - напісаў Матэвуш Маравецкі.

Нагадваем, 14 жніўня прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі прадставіў у Сейме план „Салідарныя з Беларуссю”. Ён, сярод іншага, прадугледжвае стыпендыі для беларускіх студэнтаў, спрашчэнні падчас уезду ў Польшчу і падтрымку незалежных СМІ. Для гэтага Польшча абяцала вылучыць 50 мільёнаў злотых (больш за 11 мільёнаў еўра).

аз