Урад і апазіцыя Польшчы разам павінны зрабіць усё магчымае, каб за ўсходняй мяжой мець стабільнага, незалежнага і па-сяброўску настаўленага да Польшчы суседа – піша Rzeczpospolita. Канешне, немагчыма будаваць усю замежную палітыку, не зважаючы на палітычныя падзелы ўнутры дзяржавы, але ў адносінах з Беларусяй гэта магчыма. Ніхто ў Польшчы не будзе падтрымліваць рэжым, які фальсіфікуе выбары, здзекваецца і катуе сваіх апанентаў.
Апазіцыя, якая пагадзілася на сустрэчу з прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім па пытанні Беларусі, сёння абмяркоўвае праблемы, з якімі яна можа сутыкнуцца, калі сама будзе адказваць за замежную палітыку. Што Польшча можа ў дадзенай галіне зрабіць? Самае галоўнае – падтрымка ахвяраў рэпрэсій, трэба адкрыць для іх межы, каб яны маглі выехаць з Беларусі, але таксама дапамагаць ім на Айчыне. Гэта першае, па-другое – пашырыць праграму стыпендый для студэнтаў і навукоўцаў; па-трэцяе, аблегчыць прынцыпы працаўладкавання грамадзян Беларусі; і апошняе – аказаваць фінансавую дапамогу незалежным сродкам масавай інфармацыі Беларусі і арганізацыям трэцяга сектару.
Дагэтуль урад заявіў пра вылучэнне на дадзеныя мэты 50 млн. злотых. Калі б у выніку сённяшняй сустрэчы ўдалося дабіцца павышэння гэтай сумы, вынік спаткання быў бы абяцаючым. Апазіцыя і ўрад павінны давяраць адзін аднаму. Неабходна разам закранаць пытанне Беларусі ўсюды, дзе толькі можна – на замежных сустрэчах ды ўнутры краіны. Чым далей ад Беларусі, тым зацікаўленне беларускай справай меншае. Неабходна нагадваць, што свабодная Беларусь – гэта супольная еўрапейская справа. Тым не менш, нельга даваць беларусам пустых абяцанняў, што палякі адкрыюць ім шлях на Захад, што іх прымуць хуценька ў Еўрапейскі Саюз. Акрамя таго, абсалютна нельга ставіцца да іх з вышыні і хоць словам згадваць пра польскае мінулае беларускіх земляў.
нг