Беларуская Служба

Беларусь на раздарожжы: магчымыя сцэнары развіцця падзей

27.08.2020 19:35
У Беларусі склалася сітуацыя, калі грамадства дамагаецца адстаўкі прэзідэнта, а той ня хоча сыходзіць.
Аўдыё
  • Эксперт пра сітуцыю ў Беларусі
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/TATYANA ZENKOVICH Dostawca: PAP/EPA.

Наколькі доўга можа зацягнуцца супрацьстаянне. Якія могуць быць сцэнары развіцця падзей? Пра гэта мы размаўляем з палітолагамі.

На пачатку года здавалася, што сёлета прэзідэнцкія выбары пройдуць па сцэнары 2015-га года. Гэта значыць, што з намінальным кандыдатам ад апазіцыі ды слабым інтарэсам з боку грамадства. Людзі былі ў апатыі, занятыя вырашэннем сваіх штодзённых спраў.

Хутчэй думалі пра эміграцыю, чым пра выбары і пратэсты. Пазней усё памянялася, выбарчая кампанія прыйшла ва ўмовах надзвычайнай мабілізацыі грамадства, уладам прышлося ісці на беспрэцэдэнтныя фальсіфікацыі, пачаліся пратэсты. Сёлета палітызацыя грамадства набыла неверагодныя маштабы, кажа палітолаг Юры Чавусаў.

- Цяперашнія дэманстрацыі беспрэцэдэнтныя па памерах масавыя акцыі ў Беларусі. Яны нават параўнальныя ці пераўзыходзіць тое, што было на пачатку 1990-ых. У адрозненні ад традыцыйных акцый палітычнай апазіцыі, мы бачым цяпер мінімальную ступень палітычных патрабаванняў. Ёсць адно галоўнае патрабаванне – Лукашэнка ў адстаўку.

Як доўга могуць могуць працягвацца пратэсты. Ва Украіне апошняя «Рэвалюцыя годнасці» доўжылася тры месяцы. Што чакае Беларусь, мы запыталіся ў палітолаг кіраўніка цэнтру «Ідэя» Рыгора Астапеню.

- Пакуль я не бачу, што людзі пагадзіліся з сітуацыяй. Ёсць настрой працягваць выходзіць, пратэставаць. Акцыі становяцца ўсё больш арганізаваныя. Пакуль што беларуская вуліца не збіраецца здавацца.

Для поспеху рэвалюцыі патрэбны два элементы: грамадскае незадавальненне ды палітычнае лідарства. У Беларусі лідарства не хапала.

- Гэта адна з найвялікшых праблемаў, што няма выразнага лідарства. Цяпер мы бачым, што пачалося ўзмацненне каардынацыйнай Рады. Там сабраліся годныя людзі. Лідарства пачынае з'яўляцца, яно не такое хуткае, як бы мы хацелі. Абрысы ўжо ёсць.

Асабліва, калі параўнаць з тым, што было тыдзень таму. Працэсы вельмі дынамічныя, кажа эксперт.

- Тыдзень таму нічога не было. Цяпер ёсць Каардынацыйная рада. Яе падтрымлівае Святлана Ціханоўская. Ідзе марудны працэс фармавання лідарства. Праблема, што гэта лідарства прызначэння. З іншага боку, шматгаловае лідарства стварае добрыя магчымасці манеўраваць.

Ці вызваленне Бабарыкі ды Ціханоўскага магло б сітуацыю разварушыць?

- Яны выйдуць пасля адстаўкі Лукашэнкі. Улада ўсведамляе наколькі вялікую пагрозу яны ўяўляюць. Ціханоўскі – гэта вулічны лідар. Віктар Бабарыка – гэта чалавек, які праявіў неверагодны палітычны талент. Цяперашнія падзеі – гэта шмат у чым ягоная заслуга.

Які магчымы далейшы сцэнар развіцця падзей?

- Бліжэйшыя месяцы будуць часам перафарматавання. Лукашэнка ня можа задушыць пратэсты, але апазіцыя пакуль ня можа перамагчы. Некаторы час мы будзем існаваць ва ўмовах супрацьстаяння. Пры гэтым супрацьстаіць Лукашэнку ня толькі апазіцыя. Супраць яго выступае эканоміка Беларусі, міжнародная супольнасць. Ягоны лёс прадвызначаны.

У падзеі можа ўмяшацца Расія. Тут магчымыя розныя сцэнары, ад інкарпарацыі да перамоваў з Захадам, кажа палітолаг Юры Чавусаў.

- Мы бачым, што Лукашэнка здаў беларускае тэлебачанне расійскім прапагандыстам. Ён можа шантажаваць народ тым, што краіна не дастанецца нікому. Ён можа знішчыць нашу краіну. Адсюль задачай кожнага павінна стаць знішчэнне лукашызму. Народ гэта разумее.

З’явіліся таксама палітычныя структуры, якія ставяць гэтую задачу. Таксама Расія, прынамсі на афіцыйным узроўні, не дэманструе жаданне ратаваць Лукашэнку. Хутчэй Крэмль захоўвае пакуль нейтралітэт. Гэтым яны могуць дамагчыся замірэння з Захадам пасля канфлікту вакол Украіны.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч