Цяпер, калі сітуацыя ў Беларусі вярнулася пад кантроль Аляксандра Лукашэнкі, Пуцін нагадаў беларускаму кіраўніку пра яго драматычныя званкі і просьбы аб ваеннай падтрымцы. Гэта помста Лукашэнку за шматгадовую гульню з Крамлём, канстатуе Анджэй Пачобут на старонках выдання Gazeta Wyborcza.
Чым больш узмацняецца пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі, тым большую падтрымку дэманструе Масква. Фактычна, паводле апошняй заявы Уладзіміра Пуціна, калі беларусы паспрабуюць сілай пазбавіць Лукашэнку ўлады, Расія накіруе ў Беларусь свае спецпадраздзяленні.
Падтрымка Расіі цяпер выглядае адназначнай і безумоўнай. Аднак Уладзімір Пуцін пасля таго, як сітуацыя ў Беларусі вярнулася пад кантроль, з задавальненнем прынізіў Лукашэнку, нагадаўшы пра драматычныя званкі беларускага кіраўніка з просьбай аб
расійскай ваеннай падтрымцы.
Гаворка ідзе пра тэлефонную размову лідараў Беларусі і Расіі 15 жніўня. Тады Лукашэнка быў у жаху, паколькі ў Беларусі адна за адной пачыналіся забастоўкі, а тысячы дэманстрантаў на вуліцах гарадоў і вёсак крычалі: „Сыходзь!”.
Лукашэнка не хацеў развітвацца з уладай, таму ветліва патэлефанаваў Пуціну і папрасіў у яго падтрымкі. Пасля гэтай размовы Лукашэнка заявіў пра тое, што Пуцін паабяцаў яму ваенную дапамогу. На наступны дзень Крэмль удакладніў, што ваеннае заангажаванне Расіі магчымае толькі ў выпадку знешняй агрэсіі ў Беларусі.
Цяпер Пуцін прадставіў іншую версію гэтай размовы. Паводле яго, гаворка ішла пра барацьбу з дзеяннямі экстрэмістаў у самой Беларусі, што вельмі добра ўпісваецца ў вобраз палітычных апанентаў Лукашэнкі, які прасоўваюць беларускія дзяржаўныя СМІ.
Заява Пуціна - гэта моцны, але спознены сігнал. У канфлікце з беларускай вуліцай Лукашэнка перамагае і цяпер ужо не мае патрэбы ў дапамозе войскаў Пуціна. Дык чаму расійскі прэзідэнт толькі цяпер сказаў пра гэта? Чаму ён наагул выказаўся на гэты конт?, - задумоўваецца журналіст.
Ён нагадвае, што ў апошнія гады Лукашэнка неаднаразова дэманстраваў незалежнасць ад Крамля, абяцаючы, што не будзе кланяцца дыктату Масквы і будзе абараняць незалежнасць Беларусі. Падчас выбарчай кампаніі ў імя бягучых палітычных інтарэсаў Лукашэнка палохаў грамадзян пагрозай з боку Расіі. Гэта Пуціну не спадабалася.
15 жніўня і ў наступныя дні, калі Лукашэнка нервова тэлефанаваў у Маскву з просьбай аб дапамозе і скардзіўся Пуціну на сваю складаную сітуацыю, расійскі прэзідэнт напэўна адчуваў задавальненне. Цяпер ён проста скарыстаўся нагодай паведаміць пра гэта свету.
Gazeta Wyborcza нагадвае, што цягам апошніх гадоў беларуская прапаганда прасоўвала вобраз Аляксандра Лукашэнкі – як апошняга абаронцы беларускай незалежнасці. Аднак цяпер аказалася, што гэты вобраз не адпавядае рэчаіснасці. Паведамляючы пра змест размовы з Лукашэнкам, Пуцін толькі гэта пацвердзіў.
аз