Беларуская Служба

Катаванні сталі элементам улады Лукашэнкі

01.09.2020 15:32
У Беларусі не дзейнічаюць ніякія прававыя механізмы, адказнасць за гэта нясуць улады, - кажуць праваабаронцы.
Аўдыё
  • Улады гвалтам спрабуюць суцішыць беларускае грамадства
Міліцыя разганяе мірныя пратэсты ў БеларусіEPA/STRINGER Dostawca: PAP/EPA

Беларускае кіраўніцтва развязала тэрор супраць грамадства і ўхіляецца ад адказнасці.

Першыя тры дні пасля выбараў сталі часам сапраўднага тэрору, які ўлады развязалі супраць грамадства. 9-12 жніўня беларускія сілавыя органы зладзілі кампанію масавых затрыманняў, пераследу і запалохванняў людзей. Супраць мірных жыхароў, якія выйшлі на вуліцы выкарыстоўваліся гумовыя кулі, святлошумавыя гранаты, слезацечны газ і вадамёты. Было затрымана больш за 6700 чалавек, сотні сталі ахвярамі катаванняў ды іншых формаў жорсткага абыходжання ў міліцэйскіх участках і следчых ізалятарах.

Гэта не былі эксцэсы выканаўцаў, толькі адмысловы загад, які ішоў з самага верху, перакананы кіраўнік праваабарончай ініцыятывы «Timeact» Васіль Завадзкі.

- Загад на максімальна жорсткія дзеянні і катаванні людзей быў дадзены з самага верху і выконваўся адпаведна. Гэта па ўсёй краіне было, а не нейкія эксцэсы выканаўцаў.

Жорстка з затрыманымі абыходзіліся не толькі ў Мінску. У рэгіёнах была падобная сітуацыя, кажа грамадскі актывіст Ігар Казьмерчак.

- У нас было вельмі жорстка. Было шмат выпадкаў збіцця ды жорсткага абыходжання. Аднаму чалавеку зламалі руку нават. Па сённяшні дзень мы ня можам скласці паўнавартасныя спісы збітых і затрыманых. Шмат хто баіцца сведчыць.

Паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна» на сённяшні дзень не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія жорстка катавалі мірных дэманстрантаў. Гэта прадуманая палітыка, кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

- Цяпер праводзіцца праверка Следчым Камітэтам, створана міжведамасная група, куды ўвайшлі прадстаўнікі Генпракуратуры, Следчага камітэту, МУС і дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў. Мы настойваем на тым, што дастаткова падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы па гэтых фактах, каб даць прававую ацэнку дзеянням супрацоўнікаў міліцыі.

9-12 жніўня ў Беларусі было здзейснена злачынства супраць бяспекі чалавецтва. Яно ня мае тэрміну даўніны, кажа юрыст.

- Дзеянні сілавікоў мелі выключна палітычна матываваны характар. Гэта было пакаранне грамадзянаў за выказванне свайго меркавання, за ўдзел у мірных сходах пасля выбараў. Мы звярнуліся да Генпракурора з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу па артыкуле «Злачынства супраць бяспекі чалавецтва». Паколькі толькі так можна кваліфікаваць масавыя палітычна матываваныя катаванні. Гэтае злачынства ня мае тэрміна даўніны паводле нашага заканадаўства.

Зусім інакш паводзяць сябе сілавікі ў выпадку дзяржаўных службоўцаў. За апошнія два дні Следчы камітэт распачаў больш за 10, а з пачатку жніўня – больш за 50 крымінальных спраў у сувязі з пагрозамі службовым асобам: дэпутатам, суддзям і сябрам выбарчых камісіяў. Яны сутыкнуліся з асуджэннем і пагрозамі ў сацыяльных сетках.

У сваю чаргу ААН абвясціў пра 450 выпадкаў катаванняў пасля акцый пратэсту ў Беларусі. Паводле інфармацыі арганізацыі, сваякі як мінімум шасці чалавек не ведаюць пра месцазнаходжанне і стан здароўя іх блізкіх. ААН сцвярджае, што мае звесткі і пра эпізодах гвалту над дзецьмі і жанчынамі, уключаючы сексуальны гвалт.

Юры Ліхтаровіч