Беларуская Служба

«Альбо Польшча, альбо турма»

07.09.2020 14:02
Беларускіх актывістаў выкідваюць з краіны.
Вольга КавальковаPAP/EPA/TATIANA ZENKOVICH

Беларускі рэжым крок за крокам разбівае Каардынацыйны савет, ініцыяваны экс-кандыдаткай на прэзідэнта Святланай Ціханоўскай. Rzeczpospolita нагадвае, што  некалькі  членаў прэзідыума савета былі арыштаваныя, у тым ліку Вольга Кавалькова, якую КДБ Беларусі выкінула з краіны, падвозячы да мяжы з Польшчай ноччу з пятніцы на суботу.

У суботу Кавалькова з'явілася на прэс-канферэнцыі ў Варшаве, у якой удзельнічалі таксама кіраўнік Канцылярыі прэм'ера Міхал Дворчык і старшыня Фонду „Беларускі дом” у Варшаве Алесь Зарэмбюк.

„Яны пагражалі мне і, нарэшце, сказалі, што альбо я пакіну краіну, альбо застануся ў турме вельмі доўга”, - сказала Кавалькова.

Зараз за мяжой знаходзіцца яшчэ адзін член прэзідыума Каардынацыйнага савета Павел Латушка. Былы дыпламат і дырэктар тэатра імя Янкі Купалы пераконвае,  што мае намер вярнуцца ў Беларусь, аднак, невядома, ці гэта ў яго атрымаецца. Нагадваем, кіраўніка беларускіх католікаў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які вяртаўся з камандзіроўкі, у Беларусь не пусцілі.

„Улады спадзяюцца, што, высылаючы з краіны вядомых людзей, яны аслабяць пратэстныя настроі”, - кажа ў размове з выданнем Rzeczpospolita беларускі палітолаг Павел Усаў. -  Яны не разумеюць, што акцыі пратэсту ў краіне не маюць лідараў. Ніхто з членаў Каардынацыйнага савета не заклікаў да пратэстаў, нават сама Ціханоўская”.

Паводле яго, Беларусь вярнулася да бальшавіцкіх часоў, калі з Савецкага Саюза выслалі вядомых пісьменнікаў і грамадскіх актывістаў.

аз