Беларуская Служба

Беларусь павінна вярнуцца ў прававое поле

08.09.2020 15:18
У Варшаве адбылася прэс-канферэнцыя сябраў прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольгі Кавальковай ды Паўла Латушкі.
Аўдыё
  • Каардынацыйная рада заклікае да перадачы ўлады
Ілюстрацыйны здымакEPA/STR Dostawca: PAP/EPA.

Яны пракаментавалі цяперашнюю сітуацыю ў краіне ды распавялі пра планы далейшай дзейнасці Рады.

Прадстаўнікі апазіцыі заявілі, што цяперашнія падзеі ў Беларусі – гэта поўны дэспатызм. У краіне не дзейнічае закон, заявіла Вольга Кавалькова.

Усё, што адбываецца ў Беларусі пасля 9 жніўня, – гэта незаконныя дзеянні ў дачыненні да ўсяго беларускага народу. Рэпрэсіі, затрыманні, збіццё ды гвалт, якія ажыццяўляюцца супрацоўнікамі міліцыі – недапушчальныя. Улады кажуць падпарадкоўвацца патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, але самі парушаюць усе законы. У Беларусі ўжо два тыдні не сціхаюць рэпрэсіі супраць народу, з боку тых, хто павінен забяспечваць бяспеку людзей.

Дзеянні ўладаў – гэта сапраўдны бандытызм, заявіў Павал Латушка.

- Толькі за нядзелю ў Беларусі затрымалі 630 чалавек, 400 чалавек трапілі за краты. Затрыманні праводзяць людзі ў масках, што ёсць парушэннем заканадаўства. Людзей збіваюць. Фактычна – гэта бандытызм.

Пры гэтым грамадства Беларусі больш не пагаджаецца жыць ва ўмовах дыктатуры. Беларускаму рэжыму засталося мала часу, перамены непазбежныя зазначыў Павал Латушка.

- Функцыянаванне дзяржавы пры тым гвалце ў дачыненні да грамадства за выказванне сваёй пазіцыі – немагчыма. Такая дзяржава ня можа развівацца. Пішуцца апошнія старонкі гэтай улады. Яны будзе зменена.

Беларускае грамадства не пагодзіцца больш цярпець самавольства ды здзекі, падкрэсліла Вольга Кавалькова.

- Беларускі народ пасля 9 жніўня адчуў прыніжэнне, калі нарысавалі 80%. Людзі выходзяць не таму, што іх нехта запрашае, а таму, што яны зразумелі, што іх правы ніякай уладзе ў Беларусі непатрэбныя. Людзі будуць патрабаваць ад улады павагі, яны не здадуцца, пакуль іх патрабаванні не будуць выкананыя.

Каардынацыйная рады прымае захады, каб прыспешыць гэтыя змены мірным шляхам, у першую чаргу ідзецца пра кантакты з міжнароднай супольнасцю, кажа Павал Латушка.

- Выбары 9 жніўня сфальсіфікаваныя. Павінны прайсці новыя выбары. Дзеля гэтага мы актывізуем кантакты з Еўразвязам, таксама будзем кантактаваць з Амерыкай ды Расіяй.

У сераду ў Варшаву прыедзе старшыня Каардынацыйнай рады Святлана Ціханоўская.

Юры Ліхтаровіч