Беларуская Служба

Роўна праз месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў сітуацыя ў Беларусі накаляецца

09.09.2020 14:50
Каб выйграць час, Лукашэнка прапануе падрыхтоўку канстытуцыйнай рэформы.
Аўдыё
Пратэсты ў Беларусіфота: PAP/EPA/STRINGER

Роўна месяц прайшоў з таго часу, калі ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары. 9 жніўня 2020 года галоўнымі кандыдатамі, якія на іх балатаваліся, сталі Аляксандр Лукашэнка і Святлана Ціханоўская. Нагадаем хроніку падзей.

Паводле афіцыйных звестак, перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка з вынікам звыш 80%, Святлана Ціханоўская набрала каля 10%. Гэтыя заведама ілжывыя лічбы выклікалі вялікае абурэнне грамадскасці, людзі пачалі масава выхадзіць на вуліцы, каб выразіць свой пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Яны падыходзілі да Прэзідэнцкага палацу, патрабуючы сыходу Аляксандра Лукашэнкі.

Удзельнікі пратэстаў: Вельмі крыўдна, што нас не лічаць людзьмі, што з нашым меркаваннем не лічыцца. (Выбары) былі фальсіфікаваныя, але і папярэднія былі фальсіфікаваныя, аднак не было такой нахабнасці, настолькі нахабнай хлусні.

-Я думаю, дабравольна ён не сыдзе. Ён жа казаў: калі людзі будуць супраць, я сыду. Вось людзі супраць, але ён нават не думае пра гэта. І развязаць такое насілле супраць людзей!?

Разгон пратэстаў быў выключна жорсткім. Сілавікі зацягвалі людзей у аўтазакі, нават не толькі ўдзельнікаў дэманстрацыяў, але таксама выпадковых мінакоў, збівалі дубінкамі, ужывалі супраць іх слезацечны газ. Той, хто прайшоў праз следчы ізалятар, расказвалі, што іх там літаральна катавалі, збівалі, пагражалі згвалтаваннем. У інтэрнэце шмат сведчанняў пра брутальнасць сілавікоў, здымкаў чорных кровападцёкаў пасля збіцця.

Пры гэтым асноўныя супернікі Аляксандра Лукашэнкі, якія маглі б стаць для яго альтэрнатывай, трапілі за краты яшчэ да галасавання, і далей знаходзяцца ў турме. Гэта Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. Па ходзе развіцця падзей беларускія турмы запаўняліся ўсё шчыльней палітычнымі вязнямі. Кожныя выходныя ў Беларусі адбываюцца вялікія акцыі пратэсту. Толькі пасля апошняй нядзелі, у следчыя ізалятары трапіла звыш 600 чалавек. У аўторак вечарам на вуліцы Мінска выйшлі жанчыны на мірную акцыю пратэсту, патрабуючы вызвалення затрыманых.

- Вярніце нашых дзяцей, вярніце нашых дзяцей!

Дзеля вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі была створаная структура, якая павінна была прымусіць Аляксандра Лукашэнку пайсці на дыялог. Гэта Каардынацыйны савет, у склад прэзідыуму якога ўвайшла між іншым нобэлеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч. Улады паслядоўна нейтралізуюць членаў савета ды апанентаў Лукашэнкі, прымушаючы іх да эміграцыі. За мяжою знаходзяцца ўжо Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Вольга Кавалькова, якую сілаю прывезлі на беларуска-польскую мяжу і прымусілі выехаць у Польшчу. Некаторым прыйшлося з’ехаць ва Украіну. Аднак Марыя Калеснікава з выбарчага штабу Віктара Бабарыкі не дазволіла сябе выпіхнуць за мяжу, парваўшы свой пашпарт.

Аляксандр Лукашэнка спрабуе адцягнуць увагу грамадскасці і суцішыць пратэсты, прапануючы правядзенне канстытуцыйнай рэформы, у выніку якой будуць праведзеныя датэрміновыя выбары, але дакладна невядома, калі. Каментуе кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.

- З яго пункту гледзішча трэба падмяніць парадак дня, перавесці стрэлкі. Вуліца патрабуе яго адстаўкі, а Лукашэнка кажа: давайце сядаць за круглы стол і абмяркоўваць змены ў канстытуцыі. Ён хоча выйграць час, каб перайсці ў контратаку. Ён ужо гэта робіць – зноў аднаўляюцца рэпрэсіі. З іншага боку, відаць, і Масква падштурхоўвае Лукашэнку да канстытуцыйнай рэформы, там разумеюць, што трэба шукаць нейкія развязкі, а не толькі дручок і гвалт. Магчыма, Расія і да транзіту ўлады хоча падштурхнуць Лукашэнку, але ці захоча ён сам? Ён кажа пра стварэнне нейкіх радаў на месцах, з працаўнікамі працоўных калектываў, студэнцкіх і г.д. То бок, адфільтруюць лаяльную публіку і абяруць той праект канстытуцыі, які патрэбны Лукашэнку.

Відавочна, што мяняць сваю аўтарытарную сістэму кіравання краінай Лукашэнка не збіраецца. І не збіраецца таксама сысці са сваёй пасады. Час пакажа, ці вуліца яго да гэтага прымусіць, і які ўдзел у пісанні беларускай гісторыі прыме Расійская Федэрацыя.

нг