Пасля таго, як у нядзелю ў Нагорным Карабаху пачаліся самыя крывавыя баі за чвэрць апошняга стагоддзя, надалей невядома, дзе праходзіць лінія фронту, а нават, хто пачаў. Вядома толькі, што абодва бакі адмаўляюцца ад мірных перамоваў, канстатуе Давід Варшаўскі на старонках выдання Gazeta Wyborcza.
У зоне баявых дзеянняў няма незалежных журналістаў, а міністэрствы абароны Арменіі і Азербайджана прадстаўляюць неверагодныя звесткі пра страты праціўніка. Адно, што здаецца пэўным – у выніку сутыкненняў пакутуюць мірныя жыхары па абодвух баках канфлікту.
Заселены армянамі Нагорны Карабах па рашэнні Масквы быў часткай Азербайджана да распаду СССР. Шлях да незалежнасці гэтай багатай нафтай мусульманскай рэспублікі быў пазначаны пагромамі армянаў у Баку і Сумгаіце.
На пагромы пачатку 1990-х гадоў армяне ў Карабаху адказалі паўстаннем, пры падтрымцы новай незалежнай Арменіі. У крывавай вайне, у якой загінула больш за 20 тысяч чалавек, яны разграмілі і выгналі азербайджанцаў з Карабаха, а пазней абвясцілі незалежнасць.
Канфлікт быў замарожаны на чвэрць стагоддзя. На перамовах у Мінску пад эгідай Расіі бакі дамовіліся, што Арменія выйдзе з азербайджанскіх зямель за межамі Карабаха і бакі дамовяцца аб новым статусе рэгіёна. Але ні Арменія не збіралася адмаўляцца ад статус-кво, ні Азербайджан ад сваіх тэрытарыяльных прэтэнзій.
На лініі спынення агню ў Нагорным Карабаху пастаянна адбываліся інцыдэнты, але ніколі настолькі магутныя, як цяпер. Шмат сведчыць пра тое, што цяперашнія баі пачаў Азербайджан, паколькі значна слабейшая ў ваенным і эканамічным плане Арменія не была зацікаўленая ў парушэнні статус-кво.
У Карабаху міжнароднае права на баку Азербайджана, таму Масква не будзе рэагаваць адкрыта, пакуль не нападуць на тэрыторыю самой Арменіі. Тым ня менш, нават частковы захоп тэрыторыі Нагорнага Карабаха можа выклікаць хвалю бежанцаў і гуманітарную катастрофу.
Існуе таксама рызыка абвастрэння турэцка-расійскіх адносін, паколькі абедзве краіны знаходзяцца па розных баках фронту.
Турцыя, якая амаль паўстагоддзя акупуе паўночны Кіпр і некалькі апошніх гадоў тэрыторыі ў Сірыі і Іраку, не з’яўляецца надзейным прадстаўніком міжнароднага права. З іншага боку, поспех Расіі ў анексіі Крыма можа даць Арменіі надзею на захаванне статус-кво, але не на яго міжнароднае прызнанне.
Праблема ў тым, што занятыя ўласнымі справамі ЗША адсутнічаюць у гэтым канфлікце і Масква можа спрабаваць даказаць, што, у адрозненне ад Вашынгтона, не пакідае сваіх саюзнікаў. Таму лёс Нагорнага Карабаха цяпер залежыць ад Крамля, чытаем у выданні Gazeta Wyborcza.
аз