10 снежня ў анлайн-фармаце адбыўся старт ініцыятывы.
Суполка «Беларусы замежжа», аўтар ініцыятывы, адзначае, што яшчэ ў дзень выбараў некаторыя дыппрадстаўніцтвы Беларусі страцілі права прадстаўляць інтарэсы беларусаў, паколькі далучыліся да фальсіфікацыі выбараў. Акрамя таго, пасля 9 жніўня праца беларускіх прадстаўніцтваў за мяжой абмежавалася да консульскага мінімуму. А іх функцыі пераняла на сябе беларуская дыяспара. Яна інфармуе пра падзеі ў Беларусі, праводзіць культурніцкія мерапрыемствы, падтрымлівае малы бізнес і суайчыннікаў, якія апынуліся ў цяжкой сітуацыі.
На цырымоніі адкрыцця была прадстаўлена дэкларацыя аб стварэнні «народных пасольстваў». У ёй гаворыцца, што беларусы за мяжой не прызнаюць абранне Аляксандра Лукашэнка 9 жніўня легітымным, асуджаюць рэпрэсіі супраць грамадзянскай насельніцтва і падтрымліваюць патрабаванні народа: вызваленне палітвязняў і незаконна затрыманых, спыненне гвалту і пакаранне вінаватых, новыя выбары.
У дэкларацыі аб утварэнні народных пасольстваў адзначана, што МЗС Беларусі і пасольствы не валодаюць дэмакратычнай легітымнасцю прадстаўляць інтарэсы Беларусі і беларусаў, якія жывуць за мяжой. Тэкст дэкларацыі зачытала Аліса з Францыі.
-Мы абвяшчаем аб стварэнні народных амбасадаў дзеля абароны правоў беларускіх грамадзян за мяжой, а таксама прадстаўніцтва інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі. Галоўная функцыя народных амбасадаў – гэта інфармаванне грамадскасці пра сітуацыю ў Беларусі, наладжванне і падтрымка кантактаў з дзяржаўнымі ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, прафсаюзамі, бізнесовымі, навуковымі і культурнымі коламі за мяжой, дапамога грамадзянам Беларусі, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну.
Упершыню ў гісторыі адначасова адкрываецца вялікая колькасць прадстаўніцтваў Беларусі па-за межамі краінамі – адзначыў старшыня антыкрызіснага ўпраўлення, член прэзідыуму Каардынацыйнай рады Павал Латушка. Паводле яго, ва ўмовах, калі беларуская ўлада адвярнулася ад народа, а нелегітымны прэзідэнт страціў права прадстаўляць інтарэсы народу на міжнароднай арэне, ініцыятыва беларусаў па стварэнні народных пасольстваў з’яўляецца натуральнай рэакцыяй.
-Гэтая праца скіраваная на тое, каб забяспечыць інтарэсы і правы грамадзян Беларусі. Вельмі важна, што цырымонія адкрыцця народных пасольстваў праходзіць 10 снежня, у 72-ую гадавіну прыняцця Генеральнай асамблеяй ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Я перакананы, што адкрыццё народных пасольстваў – гэта першы крок на шляху да пабудовы прынцыпова новых адносін дэмакратычнай Беларусі з яе суседзямі і іншымі замежнымі партнёрамі. Запэўніваю з боку народнага антыкрызіснага ўпраўлення падтрымліваць гэтую ініцыятыву. Нашымі супольнымі намаганнямі мы прыйдзем да агульнай мэты: свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Жыве Беларусь!
Да беларусаў замежжа звярнулася Святлана Ціханоўская. Яна папрасіла дыяспару не спыняць намаганні і працягваць сваю працу.
-Беларусы замежжа адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні будучай незалежнай Беларусі. Незалежныя экзітполы, акцыі салідарнасці, інфармацыйная і матэрыяльная падтрымка – усё гэта стала часткай нашай гісторыі. Аднак, наперадзе яшчэ шмат працы. Я вельмі прашу кожнага з вас не губляць фокус. Мы мусім накіраваць усе нашыя сілы дзеля агульнай справы. Сёння як ніколі нам важна быць разам. Беларусы замежжа, працягвайце інфармаваць пра сітуацыю ў Беларусі, працягвайце казаць пра жорсткасць рэжыму, пра палітвязняў, забойствы. Але заклікаю вас казаць і пра ўнікальную беларускую годнасць. Змагаючыся супраць бязлітаснай улады, якая адкрыта выступае супраць правоў чалавека і ўсяго народу, мы паказваем усяму свету важнасць грамадзянскай і чалавечай годнасці.
Намеснік старшыні БНР Сяргей Навумчык заўважыў, што часта можна пачуць абвінавачанні ў бок беларусаў замежжа, што яна з’ехалі з краіны, а таму не маюць права выказваць свайго меркавання пра падзеі ў краіне. Ён адказаў на існуючы падзел: мы тут – яны там:
-Я, як дэпутат Вярхоўнага савета, адзін з аўтараў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, той, хто 25 жніўня 1991 году галасаваў за незалежнасць, магу сказаць: калі б не праца беларускай дыяспары, іх кнігі, іх перадачы, мы, вучні, пасля студэнты, ні слова не ведалі б ні пра БНР, ні пра бел-чырвона-белы сцяг, ні пра незалежнасць. Калі нехта хоча праводзіць падзел, то ён праходзіць не па лініі дзяржаўная мяжы, а па тым, на колькі хутка і горача б’ецца сэрца за Беларусь. На колькі мы аддана ўсе працуем.
Ініцыятыва стварэння «народных пасольстваў» замацаваная ў рэзалюцыі Сусветнага кангрэса беларусаў, які прайшоў 30 кастрычніка – 1 лістапада ў інтэрнэце пры ўдзеле прадстаўнікоў беларускіх дыяспар з дзясяткаў краін.
«Народныя амбасады» адкрыліся на базе дыяспар у Бразіліі, Вялікабрытаніі (плюс «народнае консульства» ў Шатландыі), Германіі, Ірландыі, Іспаніі (з «народным пасольствам» у Каталоніі), Літве, Партугаліі, Славеніі, Украіне, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швецыі і Паўднёвай Карэі. Іх кантактная інфармацыя размешчана на створаным для «народных пасольстваў» сайце belarusabroad.org.
ав